Знайсці
25.09.2022 / 12:373РусŁacБел

Украінцы яшчэ раз прарвалі фронт, наступаюць у кірунку Сватава

Украінская армія наступае ад Рэдкадуба ў кірунку трасы Баравая—Сватава і ад Двурэчнай уздоўж расійскай мяжы.

Сінім пазначаныя прыкладныя кірункі наступу ці атак украінскай арміі. Чырвоным — прыкладныя лініі расійскай абароны на 24 верасня. 

«У раёне Рэдкадуба Узброеным сілам Украіны ўдалося праціснуць другую лінію расійскай абароны. Украінскія фармаванні выйшлі на аператыўную прастору на поўначы ад населенага пункта, дзе адсутнічае суцэльная лінія абароны», — піша інфармаваны расійскі франтавы блогер «Рыбарь».

Па інфармацыі Рыбара, падмацаванні са складу расійскай 20-й арміі правялі контратаку і адбілі вёскі Карпаўка і Новае, аднак украінцы замацаваліся ў Рэдкадубе і «вялікімі сіламі мотапяхоты» развіваюць наступ на поўнач ад яго ў кірунку дарогі Баравая—Сватава.

І расійскія шавіністычныя блогеры, і кіраўнік калабарацыйнай адміністрацыі Данецка Дзяніс Пушылін сцвярджаюць, што «ўкраінцы маюць вялікую перавагу ў жывой сіле і тэхніцы», што можа азначаць падрыхтоўку грамадскай думкі да апраўдання адступлення.

Адначасова, паведамляе расійскі блогер WarGonzo, украінскія войскі наступаюць з раёна пасёлка Двурэчная прыкладна ўздоўж расійскай мяжы.

Украінцы стварылі шматлікія плацдармы на левым беразе ракі Аскол, у тым ліку ў Купянску і Сянькове, што дае ім вялікі выбар кірункаў наступу, канчатковай мэтай яго бачыцца Сватава. Сватава — райцэнтр на поўначы Луганскай вобласці, да вайны ў ім жыло 16 тысяч чалавек. Расійскія войскі акупавалі горад 6 сакавіка, на 11-ы дзень вайны.

Вызваленне Сватава мела б як стратэгічныя, так і маральныя наступствы.

Гэта быў бы першы вызвалены райцэнтр Луганскай вобласці, якая на сёння амаль цалкам кантралюецца расійскімі войскамі.

Захоп Сватава, важнага чыгуначнага цэнтра, азначаў бы таксама аператыўнае акружэнне горада Ліман па вялікім коле. Ліман трымае вялікая расійская групоўка.

У выніку імклівага наступу 5—10 верасня ўкраінская армія вызваліла Балаклею, Купянск, Ізюм і Ваўчанск, а расійскія злучэнні хаатычна адступілі на левыя берагі рэк Данец і Аскол. У выніку расіянам не ўдалося стварыць надзейнай лініі абароны па гэтых рэках, як яны спадзяваліся, але і ўкраінская армія не заняла з налёту Ліман і Сватава. Баі рознай інтэнсіўнасці на подступах да гэтых гарадкоў працягваюцца ўжо амаль два тыдні.

Мяркуючы па паведамленнях з двух бакоў, украінскія войскі прасунуліся на левым беразе Данца і Аскола на 5—20 кіламетраў у пяці-шасці кірунках адначасова. Украінскі плацдарм на левым беразе Северскага Данца ў раёне Святагорска і Ізюма разросся да больш як паўтысячы квадратных кіламетраў.

Камандаванне Узброеных сіл Расіі кідае ў бой рэзервы з мэтай скаваць часткі ўкраінскіх войскаў і знізіць тэмпы іх прасоўвання, выйграўшы час для стварэння суцэльнай лініі абароны і стабілізацыі сітуацыі на фронце. Выглядае, што гэтых рэзерваў мала.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
полк/адказаць/
25.09.2022
Слава Абаронцам Украіны!
1
Кот/адказаць/
25.09.2022
Добрая, аптымістычная навіна.
3
І цішыня/адказаць/
26.09.2022
І цішыня. Так разумею, што развіць поспех УСУ не ўдалося...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера