Знайсці
25.09.2022 / 11:48РусŁacБел

Мемы, стыкеры і калажы: карыстальнікі iOS 16 крэатывяць з функцыяй выдалення фону для фотаздымкаў

Яшчэ ў чэрвені Apple прадставіла шэраг цікавых новых функцый для сваёй новай аперацыйнай сістэмы iOS 16. Але ніводная з іх не прынесла столькі здзіўлення і радасці карыстальнікам, колькі зманліва простая функцыя выразання фотаздымкаў — удасканаленне ўжо існуючай сістэмы Visual Lookup, што была запушчаная летась на iOS 15.

Яна распазнавала жывёл, расліны, славутасці і іншыя аб'екты на фота, але цяпер, калі вы дакранаецеся да аб'екта выявы і ўтрымліваеце яго, вы можаце выразаць гэты аб’ект для выкарыстання ў іншых праграмах. Пра тое, як крэатыўна карыстальнікі пачалі падыходзіць да новай «фічы», піша рэсурс TechCrunch.

Visual Lookup дазваляе абраць любы аб'ект з фота і захаваць яго як асобную празрыстую выяву. Па сутнасці, функцыя аддзяляе фон здымка ад аб'екта, а потым ператварае аб'ект у асобную выяву. Затым гэты аб'ект можна захаваць або перацягнуць у мэсэнджар.

Функцыя надзіва добра працуе з жывёламі, людзьмі і рознымі прадметамі. 

Спажыўцы знаходзяць усё больш варыянтаў выкарыстання прылады, пачынаючы ад фатаграфавання ежы і заканчваючы стварэннем калажаў з хатнімі жывёламі.

Адзін з цікавых варыянтаў выкарыстання — каталагізацыя выяў у розныя папкі: для ежы, пакупак, хатніх жывёл ці штодзённых убораў. Напрыклад, карыстальнікі могуць «захопліваць» сваю выяву кожны раз, калі яны мяняюць вопратку, і ўстаўляць яе ў нататку, каб каталагізаваць свае розныя вобразы.

Відавочна, як вынік выкарыстання гэтай функцыяй хутка мы пабачым новую хвалю зробленых такім чынам мемаў і незлічоных стыкераў з жывёламі.

Apple не адзіная кампанія, якая дэманструе магчымасці «штучнага інтэлекту», звязаныя з раз’яднаннем аб'ектаў. У мінулым годзе Google прадставіў функцыю Magic Eraser з Pixel 6, якая дазваляе выдаляць непатрэбныя аб'екты з фота, захоўваючы іншыя часткі выявы некранутымі.

Абедзве гэтыя функцыі маюць свае вартасці, і абедзве вельмі карысныя ў штодзённым рэдагаванні фотаздымкаў. І карыстальнікі выказваюць думку, што было б выдатна, каб Google і Apple вырашылі скапіяваць адзін аднаго і ўключылі абедзве гэтыя функцыі ў свае мабільныя аперацыйныя сістэмы.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера