Знайсці
20.09.2022 / 09:386РусŁacБел

Цыганкоў: Гісторыя пра сабачку — гэта гісторыя пра адзіноту

«Мне яўна надта пашанцавала з кватэрай у Варшаве. І цана недарагая, і гаспадыня цудоўная, якая працягнула мне арэнду на год у траўні па той самай даваеннай цане, па якой я зняў гэтую кватэру яшчэ ў мінулым кастрычніку. І раён цудоўны — Кабаты — як я яго называю, «гета для сярэдняга класа» — і дом прыгожы. Усё было занадта добра. Справядлівы Божанька паглядзеў на гэта, нахмурыўся — непарадак, маўляў, не павінна быць усё так станоўча — і дзеля раўнавагі паслаў мне суседскага сабачку», — піша Віталь Цыганкоў.

«Сабачка пачаў брахаць, гаўкаць. Ну і што? — скажаце вы. Сабакі нярэдка цяўкаюць. І сапраўды ж. Але колькі? Дзве-тры хвіліны з нейкай нагоды? 

Мой суседскі сабачка брахаў штовечар дзве-тры гадзіны. Амаль без перапынку. Ва ўсё горла. Так залівіста і звонка, што гэта было чуваць нават праз гукі музыкі ці навін, якія я ўключаў, каб яго не чуць. Брахаў так адчайна і надрыўна, нібыта яго катуюць беларускія сілавікі. Гук то заціхаў, то павялічваўся — бо ён бегаў па сваёй кватэры і гаўкаў. Я выходзіў на балкон паназіраць (іх балкон збоку па сцяне) і бачыў, як ён падбягае да дзвярэй балкона, брэша на іх хвілін 5, потым бяжыць у іншы пакой і брэша там. (Для адмыслоўцаў скажу, што я не ведаю, як абазначыць яго пароду — падобны да таксы, але трошкі большы.)

Гэтак працягвалася з траўня. Звычайна ён пачынаў гадзін у 8, калі яго гаспадыня кудысьці сыходзіла, і гаўкаў да 22, 22.30, — калі яна прыходзіла. Канечне, я прызнаю, што тут быў эфект «кропляў умывальніка ўначы». То бок калі ты спіш, то ты гэтыя шумы не чуеш. Але калі ты пачуў — то гук гэтых кропляў цябе можа давесці да апошняй стадыі. Так і ў мяне. Прызнаюся, калі ён пачынаў свае вечаровыя песні — я рэальна заводзіўся. Ужо нават не ад гукаў, а ад нелагічнасці і неразумення яго паводзінаў. Я задаваў сабе «праклятыя сабачыя пытанні» — навошта так доўга гаўкаць, што ты гэтым хочаш даказаць, чаму ты такая тупая істота? 

Аднойчы я падпільнаваў яго гаспадыню, дзяўчыну гадоў 25, і сказаў ёй, што калі ён працягне гаўкаць пасля 22, то я буду выклікаць паліцыю, бо гэта парушэнне ўсіх правілаў. Яна разгубілася, але спрачацца не стала і сказала прыблізна «ну выклікайце». 

Канечне, паліцыю я выклікаць не збіраўся — не з маім статусам і не з маёй польскай мовай (вельмі слабой) і не з маім нежаданнем ствараць лішнія праблемы людзям там, дзе можна рашыць самім. Але ліст гаспадыні кватэры напісаў, ведаючы, якая яна адказная і клапатлівая — каб яна сама знайшла найлепшы шлях. 

Калі я праз гугл-транслэйт напісаў тэкст ліста і даў яго вычытаць сыну, то яго надзвычай рассмяшыла наступная фраза — Pies jest wyraźnie chory psychicznie (сабака яўна псіхічна хворы). Не, ну сур’ёзна, ніякая нармальная істота не будзе крычаць 2-3 гадзіны без прычыны і без нейкіх вынікаў. У мяне ў жыцці былі розныя сабакі, і я не магу ад іх уявіць такога.

Гаспадыня пазваніла ў адміністрацыю і папрасіла мяне паведаміць, ці што змянілася. Праз пару дзён я заўважыў, што да болю знаёмага брэху няма. У адзін вечар у нашым парку я пабачыў суседку з гэтым сабакам і… яшчэ адным, новым, якога раней не было. 

Парк, вечар, цемра, людзей няма… Намаганнем волі я падавіў жаданне вырашыць усю гэтую праблему раз і назаўжды. (Ну, прыкольна ж гучыць, літаратурна), хаця, канечне, на самой справе такіх думак у мяне не ўзнікала.

І тут я зразумеў, як суседка вырашыла гэтую брахлівую праблему. Яна набыла свайму сабачку сябра ці сяброўку. І цяпер ён ніколі не застаецца адзін. І ў яго няма жадання і неабходнасці гаўкаць на ўвесь свет па дзве-тры гадзіны. 

Гэтая гісторыя пачыналася як расповед пра брахлівага сабачку. 

А выявілася — гісторыя пра самоту».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
мясцовы2/адказаць/
21.09.2022
хто тут яшчэ чакаў эссэ пра шпіца?
1
антисвет/адказаць/
21.09.2022
"І ў яго няма жадання і неабходнасці гаўкаць на ўвесь свет па дзве-тры гадзіны."

дык а сам цыганкоў гаўкае нашто?

п.с. Эрнэста Гевара (гэта наш папугайка) да мяне толькі што 3-ці раз залятаў... гэта для яго  незвычайна... ён мала лётае... і тое толькі ў межах свайго пакоя (клетка, калі мы дома, заўсёды адчынена ў яго)... а тут ляцеў праз цёмны калідор... адважны... таксама пэўна нешта сказаць хацеў... пра сваю адзіноту...


0
дочка Макса Дизайнера/адказаць/
21.09.2022
когда одной высокообразованной и выкокультурной даме подарили собачку породы золотистый ретривер (вроде немаленькая, да?) я спросила, зачем ей собака в условиях города-то?
- ты ничего не понимаешь. собака - это - духовность. - был ответ.
- ты хоть какашки убираешь за ней? - спрашиваю.
- ты что - больная? зачем?

ну просто до этого я посмела сделать ей замечание насчет бычков...

вот поэтому у меня наверное подруг и нет...( и друзей тоже
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера