Знайсці
20.09.2022 / 23:41 4

«Таджыкі выйшлі пераможцамі, але гэта не канфлікт сталіц». Усходазнаўца патлумачыў прычыны і наступствы сутыкнення Таджыкістана і Кыргызстана

На днях успыхнулі баі між дзвюма краінамі Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы, Кыргызстанам і Таджыкістанам. Доктар палітычных навук Сяргей Богдан расказаў «Нашай Ніве», у чым прычыны гэтага канфлікту, чаму маўчыць АДКБ і ці ён мяняе што для Беларусі.

Кіргізскія салдаты нясуць цела загінулага пабраціма, 17 верасня 2022 года. Фота: Associated Press

Ці даўно паміж краінамі існуе напружанасць?

Канфлікт існуе з моманту распаду СССР, то бок, ужо на працягу 30 гадоў.

Чаму цяпер адбылося абвастрэнне?

Канфлікт стрымліваўся рознымі чыннікамі. Першае абвастрэнне адбылося, калі ў 2010-х улада ў Кыргызстане саслабела, а ў Таджыкістане, наадварот, вертыкаль улады ўмацавалася, а ў Рахмона з'явіліся рэсурсы.

У чым прычына?

У тым, што краіны не могуць вызначыць межы. На сёння каля 30% мяжы Кыргызстана і Таджыкістана не вызначаныя. Для таго, каб іх вызначыць і замацаваць, абедзве краіны мусяць іх прызнаць, але не могуць дамовіцца.

Гаворка ідзе пра сельскагаспадарчыя землі разам з крыніцамі вады. Крыніцы вады вельмі важныя для гэтага рэгіёна.

Якія гістарычныя перадумовы канфлікту?

Гэта не канфлікт дзвюх сталіцаў. Сталіцы акурат адмяжоўваюцца ад яго. Проста суседскія грамады пачынаюць высвятляць адносіны не як раней на кулаках, а пры дапамозе дзяржаўных інстытуцыяў, узброеных цяжкой тэхнікай, якая апынулася ў іхнім распараджэнні.

Прычыны самога канфлікту выцякаюць з гістарычнага кантэксту. Таджыкаў звязвалі з дамадэрнай ідэнтычнасцю сартаў. Сарты былі аседлымі, а кіргізы звычайна былі качавымі. Канфлікты качавых і аседлых народаў цягнуцца тысячы гадоў і актуальныя дагэтуль у гэтай мясцовасці.

Першая рэч — гэта што аседламу насельніцтву не падабаецца, што качавыя народы, груба кажучы праходзяць тэрыторыі і вытоптваюць палі. Другая рэч — гэта тое, што аседлыя народы па-іншаму вызначаюць межы. Летаўка і зімоўка ў розных месцах, разнесеныя між сабой — для качавых народаў гэта і ёсць радзіма, яны так гэта разумеюць.

Чаму вайскоўцы страляюць, а прэзідэнты размаўляюць?

Калі вы бачыце, як прэзідэнты Кыргызстана і Таджыкістана спакойна размаўляюць, хоць у іх на мяжы загінула па паўсотні чалавек, то трэба мець на ўвазе, што канфлікт укарэнены ў прымежных раёнах і гэта не канфлікт нацыяў ва ўсходнееўрапейскім сэнсе слова. Гэта «нацыі», складзеныя з розных плямёнаў, кланаў, розных мясцовых супольнасцяў, якія так сябе і ўяўляюць.

І нават грамадзянская вайна ў Таджыкістане праходзіла па такіх лакальных межах. Яна акурат выявіла, што негледзячы на 70 гадоў савецкай улады такія сувязі, зямляцкія, племянныя і крэўныя, засталіся і працуюць палітычна.

Эмамалі Рахмон і Садыр Жапараў. Фота: azattyk.org

А чаму там нельга вызначыць межы пражывання аднаго ці другога народа?

Усё моцна перамяшана. Падчас стварэння савецкіх рэспублік мэта была ў тым, каб стварыць аўтаноміі для ўсіх народаў і гэта была складаная задача. Гэтым займаліся навукоўцы-этнографы, але ўсё адно насельніцтва атрымалася ў значнай ступені неаднароднае.

Як прыклад: я летась шмат часу прабавіў за вывучэннем розных актаў паўднёватаджыцкіх абласцей савецкага часу і быў уражаны, калі на адным пленуме былі выступы на чатырох мовах. Выступалі не толькі па-расейску і па-таджыцку, але па-ўзбекску, па-кіргізску і здаецца нават па-туркменску.

Чаму нельга проста ўзяць і вызначыць межы, каб больш не ваяваць?

Для гэтага мусяць працаваць дыпламатычныя механізмы, а яны не працуюць у гэтым рэгіёне.

Пры дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай мяжы таксама ўзнікалі канфлікты. Але гэта вырашалася на вышэйшым дыпламатычным узроўні паміж дзвюма дзяржавамі, Мінскам і Кіевам. Тут такое немагчыма.

А пра ўзровень узаемнага недаверу ў Сярэдняй Азіі сведчыць, скажам, такі факт — на узбекска-таджыцкай мяжы яшчэ з пачатку 2000-х пакладзеныя міны. 

Кіргізскія дабравольцы ў Бішкеку рвуцца на таджыцка-кіргізскую мяжу, 16 верасня 2022 года. Фота: Associated Press

Хто перамагае ў цяперашнім канфлікце?

Можна сказаць, што Таджыкістан выйшаў пераможцам цяпер, бо нейкія кавалкі захопленыя і задачы, якія яны ставілі, збольшага выкананыя.

Ці ёсць у канфлікту нейкая дынаміка?

Масштаб канфлікту павялічваецца і сёлета сутычкі былі большыя, чым дагэтуль. Мінулы вялікі канфлікт адбыўся ў красавіку 2021 года, але цяпер ахвяраў было болей за сотню, амаль удвая болей, чым летась.

Чаму міжнародная супольнасць не ўмешваецца?

Межы не дэлімітаваныя (няма дамоўленасцямі паміж дзяржавамі пра тое, дзе яны праходзяць — заўв. НН) і не дэмаркаваныя (на межах няма памежных знакаў, дэмаркацыя праводзіцца пасля дэлімітацыі — заўв. НН). Міжнародна прызнаных межаў Таджыкістана і Кыргызстана няма. Таму гэта застаецца на ўзроўні спрэчак пра межы, і вонкавыя гульцы не хочуць у гэта лезьці.

Мяжа паміж Арменіяй і Азербайджанам таксама так і не была праведзеная — і менавіта таму на канфлікт гэтых краінаў рэакцыя міжнароднай супольнасці цяпер слабейшая, чым магла б быць.

То бок, мяжа не вызначаная аб'ектыўна. Трэба яе вызначыць і тады будзе нейкая адказнасць за яе парушэнне.

Кіргізскі салдат на разбітым блокпосце на мяжы. Фота: Associated Press

Ці мяняе нешта тое, што абедзве краіны ўваходзяць у АДКБ і ШАС?

Тое, што абедзве краіны і ў АДКБ, і ў ШАС, нічога не значыць. І гэта вялікіх турботаў «на вярхах» гэтых арганізацыяў не выклікае, бо гэта не закранае сур'ёзных інтарэсаў нікога з чальцоў тых арганізацыяў. Аніякіх рэсурсаў, якія маглі б цікавіць гэтыя арганізацыі, у гэтым рэгіёне таксама няма.

Ці зменіць гэты канфлікт нешта ў рэгіёне?

Агулам гэта на сітуацыю ў Сярэдняй Азіі, у рэгіёне і ў свеце паўплывае мала. Не ўяўляю сабе, каб сутычкі выйшлі за межы гэтага лакальнага канфлікту.

Чаму Таджыкістан у вайсковым плане мацнейшы за Кыргызстан?

Ёсць розніца паміж краінамі, якая працуе не на карысць Кыргызстана, — у Таджыкістане ўлада значна больш кансалідаваная і там ёсць патрэба мець больш моцныя сілы бяспекі і войска.

Хоць абедзве краіны страшэнна бедныя (сярэдняя зарплата ў Таджыкістане — каля 160 даляраў, у Кыргызстане — троху болей за 200, па афіцыйных звестках — заўв. НН).

Паўплывала яшчэ і тое, што Таджыкістан атрымаў сёе-тое ад іншых краінаў пад справу Афганістана, бо лічылася, што на іх могуць напасці талібы. У выніку яны займелі тэхніку, хоць ніколі супраць талібаў не ваявалі. 

І нават трохі большая кансалідацыя ўлады і інвеставанне ў сілы бяспекі далі Таджыкістану велізарны выйгрыш.

Дэмаграфічны фактар у Таджыкістана таксама мацнейшы, іх папросту болей.

Хоць большая частка Таджыкістана малазаселеная, гэтыя прымежныя рэгіёны акурат заселеныя даволі густа. Калі паглядзець на карціну з Кыргызстанам, то відавочна, што па насельніцтве і яго шчыльнасці ён моцна прайграе.

Сяргей Богдан. Фота: geschkult.fu-berlin.de

Сяргей Богдан — беларускі навукоўца. Мае ступень доктара палітычных навук Берлінскага дзяржаўнага універсітэта, ступень магістра еўрапейскіх даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта і дыплом спецыяліста па міжнародных зносінах Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

У сваёй доктарскай дысертацыі «Межы непадпарадкавання? Роля постсавецкіх краінаў у мадэрнізацыі іранскіх узброеных сіл і абароннай прамысловасці» ён даследаваў, як усталяванне сусветнага парадку пасля халоднай вайны паўплывала на супрацоўніцтва паміж Іранам і постсавецкімі краінамі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце яшчэ:

За беларускіх айцішнікаў вырашыў пазмагацца і Кыргызстан

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Skarbnik / адказаць
21.09.2022
У нашай мове няма слова "асеДлы" - толькі аселы.
1
саша / адказаць
22.09.2022
Гоша, сустрэча ШОС была ўжо пасля ваенных сутычак на мяжы. Таму твой варыянт не адпавядае падзеям.
1
Гоша / адказаць
23.09.2022
саша, я не писал слова о ШОС ... внимательнее следи за контактами официальных лиц СНГ,Шурик  
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31