Знайсці
19.09.2022 / 18:3813РусŁacБел

Шпакоўскі пераабуўся, смярдзючая Еўропа і Лукашэнка — гэта новы Вітаўт. Што там прапаганда нагаварыла за апошнія дні?

Глядзець лукашэнкаўскія тэлеканалы і чытаць іх жоўтыя злівы можа дазволіць сабе толькі чалавек з моцнымі нервамі. Мы робім гэта за вас: паглядзелі ўсё, што там нагаварылі і панапісвалі за апошнія дні. Ці ёсць новыя ноткі? Так!

Шпакоўскі змяніў тон

Палітычны каментатар Аляксандр Шпакоўскі загаварыў зусім іншым тонам адносна расійска-ўкраінскай вайны. У эфіры ў Азаронка ён тлумачыў, чаму расійская армія сутыкаецца з цяжкасцямі. 

«Усё іх (украінцаў — заўв. НН) аператыўнае мастацтва зводзіцца да недахопаў, на мой погляд, планавання СВА (вайны — заўв. НН), да недахопу асабістага складу ў зоне СВА, на лініі баявога судакранання, што не дазваляе расійскай арміі манеўраваць рэзервамі.

Але і ў першы дзень спецаперацыі стала зразумела, калі быў высаджаны дэсант пад Гастомель, калі рушылі расійскія войскі па розных кірунках, што ўкраінская армія аказвае арганізаваны супраціў, здольная да контрнаступальных дзеянняў. У прынцыпе, я гэта і сказаў», — заяўляе Шпакоўскі ў эфіры за 14 верасня. 

«Я не падзяляў тых шапказакідальніцкіх настрояў, якія былі ў асобных расійскіх экспертаў. Час паказаў, што я меў рацыю», — кажа ён. 

А цяпер параўнайце з тым, што Шпакоўскі пісаў у сваім тэлеграм-канале ў першыя дні вайны. 

Лукашэнка гэта новы Вітаўт

Іншы прапагандыст, Яўген Пуставой, загаварыў пра гістарычную спадчыну Вялікага Княства Літоўскага, але ў вельмі спецыфічнай манеры.

«Адзінства. Хто не дапетрыў — Беларусь стала той, якая павінна была быць. Стала сабой. Гэтая дата аб'яднала ўсю боль і надзеі нашай гісторыі. Ад падзеленых вогнішчаў плямёнаў спачатку нашы продкі збіраліся ў цэнтры княстваў — Полацкага і Тураўскага. Затым у вельмі вялікае — Вялікае Княства.

Утапісты велічы Еўропы не змаглі нашу гісторыю ўтаптаць пад Грунвальдам. Затое падхалімажам і подкупамі тагачаснай эліты, грашыма і шляхецкімі вольнасцямі такую краіну загубілі. Яшчэ раз, карупцыя і дэклараванне свабод, як там, на Захадзе, і лозунгі пераменаў. Нічога не нагадвае?» — кажа прапагандыст. 

Варта нагадаць, што шляхецкія вольнасці былі характэрныя менавіта для Рэчы Паспалітай. Яны не былі нейкім заходнім уплывам. Наадварот, у часы Рэчы Паспалітай у Еўропе квітнеў абсалютызм. 

«Выканаўца палітычнага забойства нашага суверэнітэту праз паўтысячагоддзя так і не памяняўся — Варшава. Праўда, і цяпер яна — васал яшчэ большага гегемона. Заакіянскага монстра. Левіяфана.

І ведаеце, наш прэзідэнт Лукашэнка і яго вертыкаль выстаялі.

Так што тыя, хто захапляецца Вітаўтам, захапляйцеся, толькі на чатыры памножце і яшчэ больш захапляйцеся цяперашнім лідарам. Яму давялося стрымаць цэлую ружу вятроў разрухі», — кажа прапагандыст. 

Ізноў пра смярдзючую Еўропу

Прапагандысты па меры набліжэння халадоў працягваюць раскручваць тэму энергетычнага крызісу ў Еўропе. Маўляў, Еўропа будзе галадаць, змерзне, спыніць сваю прамысловасць, а адзіны шанец ёй уратавацца — прыпаўзці на каленях да Беларусі і Расіі, папрасіць прабачэння, і працягваць купляць расійскі газ і беларускія пелеты. 

Прапагандыстаў радуюць любыя складанасці Еўропы. 

Далей за іншых пайшоў Марат Маркаў: для Еўропы гэта звычайная рэч — не мыцца і смярдзець. 

«Для іх [еўрапейцаў] гістарычна не мыцца — гэта звычайна. Гэта ў нас былі добрыя рускія лазні», — кажа кіраўнік тэлеканала АНТ Марат Маркаў.

Па-першае, у каго гэта «ў вас»? Маркаў родам з Лунінца, там ніякіх лазняў не было. Этнаграфічны рэгіён распаўсюжвання лазняў — гэта там дзе жылі крывічы, ад Мінска да Наўгародскай зямлі. А вось пад Масквою — лазняў не ведалі, як і на Палессі. Тут людзі мыліся проста на кухнях.

Але ўстаноўка ёсць устаноўка, яна тая самая для АНТ і БТ.

«Новая нармальнасць Еўропы — гэта добра забытая старая. Не так ужо даўно, па мерках сусветнай гісторыі, у Еўропе вуліцы патаналі ў брудзе. І каб гараджане маглі спакойна перасоўвацца па гразі і не выпацкацца, вынайшлі абцасы. Ну і парфуму, стаміўшыся ад смуроду. Цікава, колькі прыйдзе новых вынаходак пасля халоднай зімы 2022-га?» — куражыцца вядучая БТ Марыя Пятрашка. 

Вядома, лазні існавалі і ў Еўропе, і людзі імі масава карысталіся, у тым ліку ў Сярэднявеччы. Пры пераходзе з Сярэднявечча ў Новы час інтэнсіўнасць паходаў у лазню ў Еўропе зменшылася. Гэта было звязана з памылковай тэорыяй дактароў, што лазні спрыяюць распаўсюджанню чумы. Але цалкам гэтая звычка, вядома, не знікла. 

Новыя Анэны ці Берлін?

«Жыхары Малдовы заблакавалі велізарную калону натаўскай тэхнікі. Народны патруль стаў на шляху вайскоўцаў НАТА каля горада Новыя Анэны», — радасна паведамляе БТ. 

Але ілюстрацыя да навіны выглядае дзіўнай. Чатырохпалосныя праспекты, 20-павярховікі і машыны з надпісам Polizei у малдаўскім мястэчку? Па версіі БТ так выглядаюць Новыя Анены ў Малдове?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Сантэхнік/адказаць/
19.09.2022
[Рэд. выдалена]
1
Железный Дровосек /адказаць/
19.09.2022
[Рэд. выдалена]
0
Алесь/адказаць/
20.09.2022
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера