Знайсці
12.09.2022 / 19:0412РусŁacБел

Месяц таму пры Ціханоўскай стварылі Аб'яднаны пераходны кабінет. Якія вынікі яго працы за гэты час? Адказы без купюр

9 жніўня на канферэнцыі ў Вільні стварылі Аб'яднаны пераходны кабінет, які павінен забяспечыць вяртанне законнасці і дэмакратыі ў краіну. З'явіліся прататыпы Міністэрстваў замежных і ўнутраных спраў і абароны. «Наша Ніва» спытала ў Латушкі, Азарава, Кавалеўскага і Сахашчыка, якія вынікі работы за месяц. Публікуем адказы без купюр. 

Часовы склад Кабміна. Фота: Офіс Ціханоўскай

Латушка: Адбыліся міжнародныя сустрэчы

Прадстаўнік па пытаннях транзіту ўлады Павел Латушка адказаў так: 

«Трэба разумець, што мы будуем фактычна з нуля выканаўчую структуру. Наша задача не вырабляць навіны, а вырабляць вынікі.

Але патрэбна пры гэтым улічыць усе памылкі, якія былі дапушчаныя за два гады, і пабудаваць працу так, каб эфектыўнасць была вышэйшай.

Фота: офіс Ціханоўская

Цяпер ідзе падбор людзей як у сам Кабінет, так і ў яго структуры, наладжваем адносіны з міжнароднымі партнёрамі, таму што для іх Кабінет — гэта новая рэальнасць.

Напрыклад, адбыліся міжнародныя сустрэчы з прадстаўнікамі Чэхіі, Літвы, Польшчы, Украіны. Ідзе актыўнае пазіцыяванне Кабінета ў замежных СМІ.

Праводзяцца сустрэчы з экспертамі і бізнэсам, якія зацікаўлены падтрымаць дзейнасць кабінета інтэлектуальна і фінансава.

Усё гэта неабходныя, але верагодна не вельмі цікавыя для прэсы працэсы, без якіх у нас не атрымаецца тых вынікаў, якія трапяць у загалоўкі».

Латушка характарызуе гэта як будаўніцтва протадзяржаўнай сістэмы з нуля.

«Што тычыцца прадстаўніцтва па транзіце ўлады — вядзецца праца па стварэнні, умоўна назавем, камітэтаў па пытаннях санкцый, прававога ціску, кадраў для Новай Беларусі. Вядуцца кансультацыі са структурамі, якія займаюцца кірункамі, што акрэслены мандатам прадстаўніка па транзіце.

Па пытаннях прававога ціску мы заключылі дамовы з адной з самых буйных адвакацкіх кампаній Польшчы, і сёння пададзены заявы ў інтарэсах трох грамадзян Беларусі ў пракуратуру Польшчы па пачатку следства супраць супрацоўнікаў Акрэсціна. Дасягнута дамоўленасць з міністрам юстыцыі Чэхіі, падчас сустрэчы з ім і яго двума намеснікамі, аб зняцці перашкодаў да распачатку крымінальнага пераследу супрацоўнікаў беларускай міліцыі за гвалт у дачыненні да дзесяці грамадзян Беларусі.

Значна палепшана ўзаемадзеянне з Бюро крымінальнай паліцыі Літвы. На наступным тыдні адбудуцца сустрэчы з адзначанай тэматыкай у Берліне, усталяваны кантакт з адвакатамі Іспаніі.

Па пытаннях санкцый. Дзякуючы падтрымцы ў тым ліку міністраў замежных спраў Польшчы і Літвы мы не дапусцілі ўвядзення абмежаванняў на атрыманне віз у краіны ЕС для грамадзян Беларусі.

Па эканамічных санкцыях наша галоўная задача прааналізаваць іх эфектыўнасць, выніковасць, далейшы сэнс і потым выпрацаваць новую стратэгію.

Па кадравай палітыцы — наладжваем узаемадзеянне з грамадзянскімі арганізацыямі, якія займаюцца падрыхтоўкай кадраў. Наша задача — выпрацаваць агульныя падыходы.

Зараз адбываецца перафармаванне камандаў. Ствараецца выканаўчы інстытут, які патрабуе больш часу, чым месяц. Фармаванне ўрадавай структуры гэта не марафон, але і не бег на кароткую дыстанцыю», — сказаў Латушка. 

Азараў: Падрыхтавалі тры групы людзей, і ўсё

«Падрыхтавалі тры групы людзей, і ўсё», — адным сказам адказаў кіраўнік «Байпола» Аляксандр Азараў, прадстаўнік Кабінета па аднаўленні правапарадку. 

Маюцца на ўвазе групы, якія «Байпол» навучае таму, чаму вучацца сілавікі. Нядаўна яны апублічылі сваю такую дзейнасць. 

Кавалеўскі: Рыхтуем міжнародныя падзеі, падтрымліваем добраахвотнікаў

А вось што расказаў дыпламат Валерый Кавалеўскі, «міністр» замежных спраў у Аб'яднаным кабінеце. 

«Праведзена:

1. Распрацоўка базавых дакументаў па рэгуляванні працы новага Кабінета, падбор кандыдатаў на вакансіі прадстаўнікоў.

2. Інфармаванне партнёрскіх урадаў і міжнародных арганізацый аб мэтах і задачах Кабінета, выбудоўванне працоўных адносін на розных кірунках дзейнасці прадстаўнікоў Кабінета.

3. Вывучаюцца палітычныя і дыпламатычныя крокі нашых партнёраў дзеля падтрымкі намаганняў беларусаў па абароне незалежнасці Беларусі ва ўмовах фактычнай акупацыі Расіі. Робяцца новыя крокі дзеля развіцця адносінаў з Украінай.

4. Прынятае рашэнне аб стварэнні ў Радзе Еўропы кантактнай групы па адносінах з Беларуссю з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. Гэты досвед паспяховай выбудовы адносінаў з міждзяржаўнымі структурамі без удзелу рэжыму будзе ўжыты з іншымі міжнароднымі арганізацыямі.

5. Рыхтуем міжнародныя падзеі з удзелам кіраўніка кабінета Святланы Ціханоўскай: Генасамблея ААН, нацыянальныя візіты ў шэраг еўрапейскіх краін і праца на уплывовых міжнародных форумах.

6. Шукаем магчымасці матэрыяльна-тэхнічнай падтрымкі беларускіх дабраахвотнікаў ва Украіне, новыя формы падтрымкі для палітычных зняволеных і тых, хто вызваліўся з няволі.

7. Міграцыйная тэматыка: захаванне спрошчанага візавага рэжыму для беларусаў, новыя абмежаванні для прадстаўнікоў рэжыму, дапамога з легалізацыяй і тэма праязных дакументаў для беларусаў.

8. Працягваем удзел ва Усходнім Партнёрстве — ініцыятыве ЕС, якая застаецца важнай платформай для развіцця адносінаў для Новай Беларусі. Для даведкі: рэжым спыніў удзел ва УП, Беларусь працягвае гэтыя адносіны», — пералічыў Кавалеўскі. 

Сахашчык: Справаздача будзе пасля 100 сутак

«Міністр абароны» ў Кабінеце прадстаўнікоў Валерый Сахашчык адмовіўся выдаваць вынікі работы за месяц, сказаўшы, што справаздача будзе пасля 100 сутак работы. 

«Міністра фінансаў» Таццяну Зарэцкую мы не пыталіся, бо яна толькі што далучылася да каманды. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
120
Панылы сорам
24
Ха-ха
19
Ого
2
Сумна
6
Абуральна
8
0
American/адказаць/
13.09.2022
Алкадий,
детишки в коротких рейтузах

 Как там распил еврогрантов протекает? На всех хватает?.
0
American/адказаць/
13.09.2022
«Міністр абароны» Валерый Сахашчык адмовіўся выдаваць вынікі работы за месяц, сказаўшы, што справаздача будзе пасля 100 сутак работы. 
https://nashaniva.com/299094
Что еще можно было ожидать от организации "Рога и копыта"?. 
0
American/адказаць/
13.09.2022
 дапамога з легалізацыяй і тэма праязных дакументаў для беларусаў.
https://nashaniva.com/299094
Добейтесь отмены санкций на авиаперелеты между ЕС и РБ . Отмените блокаду Белавиа. .
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930