Знайсці
09.09.2022 / 21:35РусŁacБел

Краіны ЕС пакуль не дамовіліся адносна «столі цэнаў» на расійскі газ

У Бруселі прайшла сустрэча міністраў энергетыкі Еўрасаюза, на якой краіны павінны былі дамовіцца аб увядзенні «столі цэнаў» на газ, які пастаўляецца з Расіі. Але па выніках сустрэчы такая максімальная цана ўведзеная не будзе. Будуць уведзеныя толькі цэнавыя абмежаванні на іншыя энерганосьбіты.

Як паведамляе Reuters, за ўвядзеньне максімальна дапушчальных цэнаў на газ прагаласавалі 15 краін Еўрасаюза з 27. Гаворка ішла пра абмежаванне цэнаў на любы газ, не толькі расійскі, у святле рэзкага росту цэнаў на энергію ў Еўропе і свеце. Ідэю падтрымлівалі ў першую чаргу краіны Балтыі, якія палічылі, што такім чынам можна пазбавіць Расію прыбытку, з якога яна фінансуе вайну ва Украіне.

«Расія выкарыстала свае пастаўкі газу як зброю для распальвання энергетычнага крызісу наступнай зімой, а таксама для таго, каб аслабіць нашу эканоміку і палітычна раскалоць Еўрапейскі Саюз. Мы павінны гарантаваць, што іх намаганні пацерпяць няўдачу», — заявіла еўракамісар па пытаннях энергетыкі Кадры Сімсан.

Аднак шэраг краін цэнтральнай і ўсходняй Еўропы, якія працягваюць імпартаваць расійскі газ, заявілі, што такія меры могуць адрэзаць іх ад расійскіх паставак, ад якіх залежыць іх энергетычны дабрабыт. Іншыя краіны, у тым ліку Бельгія, засумняваліся, што ўвядзенне цэнавай столі можа дапамагчы паўплываць на Расію, паколькі тая ўжо спыніла пастаўкі газу ў Еўропу па газаправодзе «Паўночны паток-1», а пастаўкі па іншых магістралях знізіліся да мінімуму.

Міністры дамовіліся распрацаваць меры ў маштабе Еўрасаюза для абмежавання звышпрыбыткаў ад энергіі з негазавых крыніц: вугальных, атамных і ветраных электрастанцый. Падрабязныя пляны Еўрасаюза будуць апублікаваныя на наступным тыдні.

Міністры перададуць свае меркаванні Еўрапейскай камісіі, якая прадставіць прапанову для дзяржаў-членаў на наступным тыдні. Пасля гэтага краіны ЕС зноў правядуць ацэнку і ёсць надзея, што рашэнне можа быць прынята ў пачатку кастрычніка.

Еўракамісія ўжо заклікала да ўстанаўлення столі цэнаў на расійскі прыродны газ і дамагаецца «салідарнага ўзносу» ад еўрапейскіх нафтагазавых кампаній, якія атрымалі неймаверныя прыбыткі ад росту цэнаў на энерганосьбіты.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера