Знайсці
04.09.2022 / 22:171РусŁacБел

Чаму дзеці мігрантаў з Беларусі не могуць вывучаць беларускую мову ў польскай школе і што тут можна зрабіць? 

Радыё Свабода паразмаўляла з настаўніцай школы № 4 у Беластоку Алінай Ваўранюк, пра праблемы вывучэння беларускай мовы ў горадзе дзецьмі этнічных беларусаў Падляшша, а таксама пра тое, чаму разам з імі родную мову не могуць вывучаць дзеці новых беларускіх мігрантаў і палітычных уцекачоў, і што з гэтым можна зрабіць.


Аліна Ваўранюк

— Нядаўна я пачуў, што сёлета ўпершыню ў гісторыі навучання беларускай мове ў школе № 4 у Беластоку не набралі дзяцей у першы клас. А як было ў папярэднія гады — колькі ў сярэднім дзяцей пачыналі вывучаць беларускую мову з першага класа?

— Перш чым адказаць, дазволь мне зрабіць заўвагу агульнага характару, каб адразу праясніць сітуацыю людзям з Беларусі. Навучанне беларускай мове ў Польшчы абапіраецца на законы і распараджэнні, якія некалі падрыхтавала Міністэрства нацыянальнай адукацыі (цяпер яно называецца Міністэрствам адукацыі і навукі). Трэба выразна адзначыць, што гэтыя законы і дакументы датычаць навучання беларускай мове як мове нацыянальнай меншасці, гэта значыць, яны датычаць дзяцей, чые бацькі маюць польскае грамадзянства і лічаць сябе беларусамі. Гэта вельмі істотнае абмежаванне.

Закон яшчэ вызначае, што навучанне беларускай мове ў польскай школе можна адкрыць, калі назбіраецца як мінімум сямёра ахвотных дзяцей.

І яшчэ дадам дзеля яснасці, бо не ўсе ў Беларусі гэта ўсведамляюць: беларуская мова вывучаецца ў школах у Польшчы як прадмет, а ўсе іншыя прадметы ідуць на польскай мове. Іначай кажучы, у Польшчы няма беларускамоўных школ.

— Ты на самым пачатку сказала, што навучанне беларускай мове ў Польшчы вядзецца для дзяцей нацыянальнай меншасці, для дзяцей беларусаў-аўтахтонаў на Падляшшы. Ці значыць гэта, што дзеці мігрантаў і ўцекачоў з Беларусі, якія апынуліся ў Беластоку, не могуць хадзіць на твае заняткі?

— Не могуць. Яшчэ два гады таму хадзілі ўсе — і нашы дзеці, і дзеці беларускіх эмігрантаў. Міністэрства да гэтага не чаплялася. А потым — як думаю, з меркаванняў ашчаднасці — школьныя ўлады пачалі правяраць, каго мы вучым, і сказалі, што дзеці бацькоў, якія не маюць польскага грамадзянства, не могуць хадзіць на ўрокі мовы нацыянальнай меншасці. Бо, маўляў, закон гаворыць, што такія ўрокі магчымыя толькі для нацыянальнай меншасці, то бок для польскіх грамадзянаў. А беларусы, якія пераехалі ў Польшчу з Беларусі, — гэта не нацыянальная меншасць, а дыяспара.

Пару гадамі раней, калі беларуская дыяспара ў Варшаве спрабавала арганізаваць такое навучанне, улады падкрэслівалі, што прынамсі адно з бацькоў павінна мець польскае грамадзянства.

— Ці значыць гэта, што беларусы, якія нядаўна пераехалі з Беларусі ў Польшчу і не маюць польскага грамадзянства, не могуць наагул запісаць сваіх дзяцей на ўрокі беларускай мовы, нават калі іх дзеці ходзяць у польскую школу?

— Паводле закону аб навучанні мове меншасці ў Польшчы яны гэтага не могуць зрабіць. Але ж існуюць іншыя законы і ўрадавыя распараджэнні, паводле якіх можна паспрабаваць адкрыць такое навучанне, пашукаўшы іншага спонсара і распарадніка, чым Міністэрства адукацыі і навукі. Ну бо сам падумай: гэтыя эмігранты, у якіх пакуль няма польскага грамадзянства, жывуць легальна ў Польшчы, тут працуюць, тут плацяць падаткі. Калі так, то яны таксама маюць права на карыстанне такой адукацыяй, як усе астатнія.

Такіх людзей без грамадзянства многа, а калі да таго ж многа дзяцей, якія хочуць вывучаць беларускую мову, то бацькам трэба сабраць подпісы і звярнуцца з адпаведнай петыцыяй да ўладаў горада, каб знайсці магчымасць адкрыць такое навучанне.

Ініцыятыва павінна выйсці ад саміх бацькоў-беларусаў, якія не павінны сядзець склаўшы рукі і наракаць або чакаць злітавання польскіх цэнтральных уладаў.

У свой час якраз такія або вельмі падобныя праблемы ў арганізаванні навучання беларускай мовы мелі мы, польскія грамадзяне. Ініцыятыва тады выйшла ад нас.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
8
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
17
Абуральна
7
0
Юзік са станцыі Крулеўшчына/адказаць/
05.09.2022
У 1920-я гг у Глыбокім "за часамі так званай панскай Польшчы", вакольных вёсках, існавала багата беларускіх школак. Размяшчаліся яны ў прыватных памяшканнях глыбачанаў. Я бачыў у аднаго з маіх землякоў у Вільні цэлы стос ксеракопій з вуглавой пячаткай ТБШ. Там было ўсё: заявы бацькоў са згодай аддаць сваё дзіця ў беларускую школку, спіс вучняў, заява настаўніка, які даў згоду выкладаць у гэтай школе, бюджэт школы, дзе ўказаны заробак настаўніка. Нават была ўлётка -- "Не -- польскай школе!" Беларуская школка існавала і ў такой вёсачцы, як Яблонка, якой даўно няма на мапе. У Глыбокім актыўна збіралі грошы на пабудову Беларускай гімназіі. Ахвяраванні ішлі нават з Амерыкі... Вядома нават прозвішча дырэктара гімназіі. Не далі польскія ўлады дазволу пабудаваць гімназію. Што датычыць беларускіх школак, то неўзабаве польскія прынялі закон, ці будаўнічыя нормы, якой павінна быць школа: вышыня столі, памер вакон, памеры класа і г.д. Ніводная беларуская школка, якая размяшчалася у вясковай хаце, не падыходзіла пад гэтыя нормы. Беларускіх школак не стала! 
Беларусы, як тыя "хлопчыкі для біцця", "папялушка" -- ва ўсім вінаватыя: пры паляках -- у камунізме, пры гэтай уладзе -- у экстрэмізме і тэрарызме, у рускіх -- аб'ект анекдотаў пра тупых бульбашоў, у летувісаў -- як былыя іхнія рабы, а цяпер улезлі у вайну супраць Украіны...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930