Знайсці
01.09.2022 / 21:385РусŁacБел

Гісторык Пашкевіч: Фядута ведае, што такое месца ў гісторыі, і думае пра яго нават за кратамі

Гісторык Аляксандр Пашкевіч у фэйсбуку адгукнуўся на апублікаваны сёння амаль поўны тэкст апошняга слова Аляксандра Фядуты ў лукашэнкаўскім судзе. Ён лічыць, што гэта прамова сапраўднага інтэлектуала, якая сведчыць перадусім пра тое, што зламаць за кратамі гэтага чалавека не ўдалося.

Я і раней паважаў Аляксандра Фядуту, а пасля таго, як азнаёміўся з апублікаваным сёння амаль поўным тэкстам ягонага апошняга слова на судзе, стаў паважаць яшчэ больш. Бо з гэтага выступлення вынікае перадусім тое, што нягледзячы ні на што гэты чалавек з вельмі слабым здароўем, які яўна не створаны для існавання ў нечалавечых умовах лукашэнкаўскай турмы і адмыслова сябе да іх не рыхтаваў, маральна не зламаны.

Ён не просіць прабачэння ці літасці ў сваіх катаў, не каецца перад імі — але абвінавачвае.

Прытым робіць гэта як сапраўдны інтэлектуал — аргументавана, дасціпна, узважана, з гістарычнымі паралелямі і тонкай іроніяй. Відавочна выступ загадзя грунтоўна прадуманы, асэнсаваны. Гэта не нешта адчэпна-фармальнае, гэта цэласны публіцыстычны тэкст, які, як літаратуразнавец Фядута добра ведае, будзе ў будучыні друкавацца ў зборах ягоных твораў. І сярод іншага будзе спрычыняцца да вызначэння ягонага месца і вобразу ў гісторыі.

А што такое месца ў гісторыі — дасведчаны гісторык-літаратуразнаўца ведае як ніхто іншы. І дбае перадусім пра яго нават за кратамі. Бо праз біяграфіі сваіх герояў даўно зразумеў — усё мінецца, а вось гэта застанецца.

Таму і апошняе сваё слова ён гаворыць, вядома, не для суддзяў і пракурораў, якія толькі антураж, а для ўсіх нас. І для гісторыі.

Думаю, глыбокія гістарычныя веды дапамагаюць Аляксандру Іосіфавічу не ўпасці духам і за кратамі. Бо каму, як не яму, ведаць, што гісторыя можа рабіць самыя мудрагелістыя зігзагі, і лёс палітычных вязняў, асуджаных на самыя неймаверна жорсткія тэрміны, можа мяняцца ўвадначас і раптоўна. Нават калі нічога, здавалася б, гэтага не прарочыць. Першыя робяцца апошнімі, апошнія першымі, а суддзі з падсуднымі мяняюцца месцамі.

Зрэшты, ён і сам пра гэта напрыканцы прамовы, звернутай непасрэдна да суддзяў, сказаў. Яны, вядома, гэта пусцілі міма вушэй, не іхні ўзровень. Але мы то ўсё разумеем. І разам з ім спадзяемся.

Чытайце таксама:

Фядута ў апошнім слове на судзе: Абвінаваўца іранізуе, ці не высокія матывы сталі прычынай маіх дзеянняў. Але, гэта так!

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
02.09.2022
Лл, пагаджуся, толькі дадам, што, на мой погляд, ён тое ўсведамляе і шкадуе, а таму не безнадзейны...
0
Мацей Бурачок/адказаць/
03.09.2022
Вельмі згодзен з Лл. ‘Інтэлектуал’, прэс-сэкратар прэзідэнта свае месца ў гісторіі ўжо крэпка заняў у 1995.
2
"адкуль у цябе такія вочы?" - пытаўся ён у мяне/адказаць/
03.09.2022
Aresa, ключавое слова што - на ваш погляд..) 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера