Знайсці
27.08.2022 / 18:4313РусŁacБел

«Яго не задавальняла, што на мне дарагая бялізна». Беларусы расказалі, як рассталіся з партнёрамі з-за фінансаў

Ён настойліва просіць вярнуць грошы за каву пасля спаткання, а яна хоча, каб хлопец за ўсё плаціў. Гэта адна з распаўсюджаных прычын, чаму некаторыя адносіны доўга не вытрымліваюць. «Наша Ніва» запісала гісторыі беларусаў, якія разышліся з каханымі з-за грашовых праблем.

«Перад спатканнямі, якія я старанна адцягваў, шукаў любую падпрацоўку, каб знайсці грошы» 

Сяргею (імя зменена) 32 гады. Пяць гадоў таму ён пазнаёміўся з беларускамоўнай дзяўчынай. 

У той час мужчына выжываў, бо «палітычнаму» чалавеку цяжка знайсці працу. 

«На першым жа спатканні з ёй быў паказальны момант, але я асабліва не звярнуў увагі.

Я не меў магчымасці набыць кветкі, але маіх капеек хапала на марозіва. Яна зрабіла мне заўвагу адразу ж, што я без кветак. Адказаў, што зараз у мяне няпроста з грашыма, і выбачыўся. Яна сказала, што спадзяецца на тое, што я да наступнага спаткання вырашу пытанне з працай. Нібы гэта можна вырашыць імгненна», — расказвае ён. 

Мужчына тады адразу набыў марозіва. 

«Крыху пазней яна дастала яблык, пачаставала мяне і ўпікнула, што гэта я павінен яе частаваць, — дзеліцца ён. — Так я і прамучыўся ўсё спатканне ў размовах аб тым, што мужык павінен у любых абставінах выконваць усе пажаданні дзяўчыны.

Не ведаю нават, чаму я працягнуў знаёмства. Можа, проста дзяўчына мне падабалася? Перад спатканнямі, якія я старанна адцягваў, шукаў любую падпрацоўку, каб знайсці грошы. З грашыма спатканні праходзілі спакойна. Калі прыходзілася сустракацца, калі ў мяне іх не было, то я аб гэтым загадзя папярэджваў. Вынік прадказальны: я проста перастаў ёй тэлефанаваць». 

Наступная дзяўчына Сяргея стала яго жонкай. 

«Таксама вельмі прыгожая і разумная, якая не любіць рэжым. Яна на першым спатканні заплаціла за таксі, накарміла мяне, пакінула мне грошай на дарогу, нягледзячы на мой пратэст. Я быў у шоку. 

У мяне тады ўжо былі грошы, і нямала. Я проста гэта не паказваў. Яна была зусім не заможная. Я спалохаўся, што яна з тых дзяўчатаў, якія заўсёды самі за ўсё плацяць. Думаў, што трапіў з адной крайнасці ў іншую. Але аказалася, што я памыліўся. Проста яна сама так у той момант хацела мяне парадаваць», — тлумачыць ён. 

У цэлым Сяргей лічыць, што гэта нармальна, калі дзяўчына сама плаціць, але не ў выпадку, калі яна ўвогуле не дапускае партнёра ў гэту сферу. 

«Мужчыне ў такіх адносінах некамфортна, і трэба абавязкова адпавядаць ёй, інакш, як правіла, ніякіх адносінаў не будзе.

Усё павінна быць сумесна, ніхто не павінен у сям'і адчуваць сябе ўтрыманцам. Толькі калі адзін у дэкрэце ці інвалід — гэта іншая справа. Тады другі абавязаны.

Цяпер жа я спакойна аддаю жонцы ўсе свае грошы, мы разам плануем бюджэт. Яна таксама нядрэнна зарабляе, і таксама аддае свае грошы мне. Кладзем іх у агульную скарбонку. У нас няма ніякіх праблемаў на гэты конт. Нават калі бывае цяжка, проста разам выжываем. Толькі я нейкія «левыя» грошы магу прыхаваць, каб зрабіць ёй падарунак ці сюрпрыз», — кажа мужчына.

«Заплаціў, а потым сказаў вярнуць грошы»

Крысціне 21 год. Летась яна сустракалася з хлопцам, з якім у выніку разышлася праз тры месяцы. 

«Да яго ў мяне былі працяглыя адносіны — 3 гады. У іх мы плацілі кожны сам за сябе, прывыкла да гэтага.

Тут чалавек проста настойваў, што ён будзе аплачваць сам. Я шыкаваць, вядома, не пачынала. Мы сустракаліся пару месяцаў, потым пачаліся дзівацтвы», — расказвае яна. 

Неяк Крысціну з яе хлопцам запрасілі на вяселле. У сувязі з пандэміяй дзяўчына вырашыла пайсці толькі на роспіс. 

«Падарунак я думала купіць ад сябе, таму што гэта ўсё ж мая сяброўка, але ён настаяў, каб скінуцца. Пагадзілася. Так атрымалася, што на момант вяселля ў мяне сканчваліся грошы і паступіць яны павінны былі праз некалькі дзён пасля роспісу. Я планавала ўручыць падарунак пазней.

Растлумачыла хлопцу сітуацыю, у выніку вырашылі, што ён укладзе грошы, а я яму вярну пасля», — кажа яна. 

Які матэрыяльны статус быў у хлопца, Крысціна не ведала. Ён казаў, што працуе, займаецца камп’ютарамі.

«Калі чарговы раз мы пайшлі з ім у кавярню, ён заплаціў, а потым праз некалькі дзён сказаў, што я вінна яму за гэта. Не пакрыўдзілася, не засмуцілася, проста было нечакана. Чаму ён не сказаў заплаціць адразу?

Лічу, што ў адносінах аб усім трэба дамаўляцца. Напрыклад, жывяце разам, адзін плаціць за кватэру, другі набывае ежу. У залежнасці ад таго, хто і колькі зарабляе.

Я здурыла, што тады нічога яму не адказала. Сама сітуацыя мяне насцярожыла. Плюс да ўсяго я да гэтага стала заўважаць, што маё меркаванне ён спрабуе зламаць і рабіць так, як ён хоча.

Пасля вяселля ён некалькі дзён ездзіў па мазгах: маўляў, чаму мы купілі падарунак, а паехалі толькі на роспіс. Нібыта так ён патраціў грошы марна», — дзеліцца дзяўчына. 

Крысціна была гатова аддаць хлопцу ўсю суму за падарунак, толькі каб ён перастаў на гэта скардзіцца.

«І раптам тут высвятляецца, што яго маці капае яму на мазгі, што ён патраціў вялікую колькасць грошай, — кажа яна. — Я так разумею, што ён браў грошы ў яе. У выніку ён вырашыў, што я скарысталася ім, каб купіць падарунак сяброўцы, а потым расстацца.

Аддала яму грошы за падарунак раней за атрыманне стыпендыі, пазычыла ў бабулі.

Ён яшчэ сказаў, як яму не спадабалася на вяселлі, і пачаў абражаць маіх сяброў. Абураўся яшчэ, што там на вяселлі ўсе шмат пілі, а сам у гэты момант, у 11 раніцы, замовіў сабе каньяк. Сказала яму, што мы расстаемся». 

Крысціна лічыць, што калі хлопец просіць аддаць грошы пасля спаткання, то гэта варта зрабіць. Але папярэдзіць, што ў наступны раз гэта трэба абмеркаваць загадзя.

«Трагедыю з гэтага рабіць не трэба, проста ацаніць, задавальняе цябе такі падыход ці не.

Мне важна, каб мужчына зарабляў, мог сябе забяспечыць. 

Сама я на дзвюх працах, сябе забяспечваю. І прымаю рашэнне, напрыклад, што я хачу быць у адносінах, у якіх вазьму на сябе пэўную матэрыяльную адказнасць», — падсумоўвае дзяўчына.

«Яна была з забяспечанай сям'і»

Аляксандру (імя зменена) 22 гады. Летась ён расстаўся з дзяўчынай, таму што зразумеў, што не зможа яе забяспечваць на пэўным узроўні. 

«У яе ў сям'і быў дастатак нашмат вышэйшы за сярэдні. Пры гэтым яна ніякім чынам на гэта не зважала, не было пантоў. Яна праводзіла шмат часу ў загарадных дамах адпачынку. Хадзіла ў рэстараны, купляла сабе дарагую касметыку, рэчы. Я сабе такога не мог дазволіць.

Яе забяспечвалі бацькі, мне было некамфортна тое, што я не магу сабе дазволіць рэчы, якія можа дазволіць сабе яна», — расказвае хлопец. 

Ён лічыць, што на першых этапах адносін плаціць павінен той, хто запрашае. 

«Для мяне было б прыемна, каб дзяўчына працавала. Яна як мінімум занятая, у яе большае кола зносін. Але плаціць так ці інакш, на маю думку, павінен мужчына.

Калі партнёр просіць вярнуць грошы пасля спаткання, раю вярнуць і больш ніколі з ім не сустракацца. Найлепшы спосаб даць зразумець чалавеку, што ён нешта робіць не так.

Для мяне важна, каб я мог аплаціць наш з дзяўчынай сумесны вольны час», — кажа ён. 

«З таго, што ён купляў, — торт і палявыя кветкі»

Некалькі гадоў таму ў Аляксандры (імя зменена) быў хлопец. Як кажа сама дзяўчына, «павёрнуты на грошах». 

«У адносінах мы не былі. Навошта мне было ў 19 нешта сур’ёзнае? Але я бачыла, што ён іх хоча. 

Аднойчы сказаў мне, што ў мяне болей грошай, чым у яго. І што зараз для яго з'явілася матывацыя нешта з гэтым рабіць, шукаць працу. Безумоўна, матывацыя добрая, але шкада, што такім чынам», — расказвае яна. 

У выніку дзяўчына спыніла з ім зносіны, таму што хлопец постаянна гаварыў ёй пра грошы. 

«Памятаю, што неяк ён спытаў, якая машына ў майго бацькі, — расказвае яна. — Я назвала марку, падумала, што ён цікавіцца ў цэлым машынамі. А ён пачаў мяне папракаць, што аўто дарагое. У мяне проста пытанне: а табе што?

Яшчэ адна сітуацыя. На мне была бялізна брэндавая. Каштавала абслютна сярэдніх грошай, яшчэ і на зніжцы купляла ў Еўропе. Ён убачыў, пачаў казаць, як гэта дорага. Тады наша сустрэча хутка скончылася, таму што ў мяне зноў у галаве было пытанне: а табе што?

Ведаю, што ён пасля нашага расстання сышоў у запой на некалькі тыдняў. Сустракаліся мы заўсёды ў мяне ці хадзілі куды-небудзь проста прагуляцца. Памятаю, што неяк сустрэліся ў кавярні, я ўзяла сабе віно, а ён сказаў: «Праз год у гэты ж дзень паклічу цябе піць віно і заплачу за яго сам». Павёрнуты быў крыху на грошах, але, напэўна, на мне таксама.

Памятаю, што ён увесь час казаў: «Добра тут у вас, але я паеду ў свае трушчобы». 

З таго, што ён купляў, — торт адзін раз і кветкі нейкія палявыя. Абсалютна роўна ставілася да таго, што ён купляе ці не купляе. Не гэта было галоўнае». 

Чытайце таксама: 

«Каму ад гэтага дрэнна, калі ў мужа шчаслівая жонка?» Гісторыі здрадаў у адносінах

«Гатовы траціць на яе 500 рублёў у месяц». Мінчук размясціў на машыне аб'яву аб пошуку дзяўчыны і расказвае навошта

«Зло — не займацца сэксам». Ксёндз Вячаслаў Барок адказаў на пытанні, якія вы саромеліся задаць

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
циник/адказаць/
29.08.2022
новейший завет, Любить мужчинам надо себя, как вы это делаете, и приучить жить на свои, хватит уже, пострадайте))
0
Любить мужчинам надо себя, как вы это делаете,/адказаць/
30.08.2022
извините, но не к той обращаетесь
0
Порнанивец/адказаць/
10.09.2022
Гэта капитализм, дзетка. Усе прадаецца и купляецца. А у Новай Беларуси так сама будзе: сэкс за грошы. Ваша гэтая любоу была у таталитарным безличбавым СССР.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера