Знайсці
20.08.2022 / 10:06РусŁacБел

«Азаронкі — гэта агрэсіўная меншасць. А жыць мы будзем у Беларусі». Знакаміты валейбаліст вывучае псіхалогію і многае пераасэнсаваў

31-гадовы валейбаліст Артур Удрыс сышоў з нацыянальнай зборнай у знак пратэсту на хвалі паслявыбарчых пратэстаў. Пасля гэтага спартсмен працягнуў гуляць за мяжой. Пагутарылі з Артурам пра зразумелае за два апошнія гады, новую прафесію (Удрыс вывучае псіхалогію) і найлепшае на свеце месца для жыцця.

Фота: sportnaviny.com

«Наша Ніва»: Чым вы цяпер займаецеся?

Артур Удрыс: У маі скончыўся мой кантракт з клубам у Салоніках, пазней скончылася і грэцкая віза. Шукаў краіну, куды не трэба віза, і прыехаў у Сербію, але гэта не лепшае падарожжа. Тут шмат ватнікаў, ды і сербы — рускамірцы, якія вельмі падтрымліваюць Пуціна, атмасфера трохі прыгнятальная. Кажуць, што сербы любяць рускіх больш, чым рускія самі сябе любяць.

Цяпер рыхтуюся да новага сезона, а таксама пішу артыкулы па псіхалогіі ў свой невялікі блог. З 1 верасня вяртаюся на вучобу [ва Усходнееўрапейскі інстытут псіхааналізу], пачну там апошні курс. Новы клуб? Планы ёсць, але новы кантракт пакуль што не падпісаны.

«НН»: Як валейбаліст апынуўся ў псіхалогіі?

АУ: Упершыню ёй зацікавіўся, калі ў маім жыцці быў цяжкі перыяд, я дрэнна ўпісваўся ў каманду і шмат трывожыўся. Адчуваў, што перажываю даволі высокі ўзровень стрэсу, і пачаў шукаць дапамогу. Папрацаваў з псіхатэрапеўтам, зацікавіўся гэтай тэмай і пачаў чытаць кніжкі па псіхалогіі. У нейкі момант зразумеў, што кніжак мне ўжо мала і трэба вучыцца далей, увогуле хацеў бы пасля заканчэння кар’еры ісці працаваць псіхатэрапеўтам. Так і пачаў вучыцца. Зараз крыху цікаўлюся псіхааналізам і крыху — гештальтам, бяру патроху з абодвух кірункаў.

«НН»: Вы калісьці казалі, што раней моцна ідэалізавалі псіхалогію. У чым гэта выяўлялася?

АУ: Лічыў, што псіхалогія і псіхатэрапія патрэбныя ўсім. Адчуў на сабе, наколькі гэта карысна, і казаў сваёй маці і цётцы, маўляў, ідзіце да псіхолага, разбярыцеся з некаторымі пытаннямі. Я і цяпер лічу, што калі ёсць цікаўнасць, лепш паспрабаваць працаваць з псіхолагам, бо даведваешся пра сябе шмат новага і прыходзіш да больш шчаслівага жыцця. Але разумею і тых, хто кажа, што не будзе такім займацца.

«НН»: Спартовая псіхалогія вас цікавіць?

АУ: Цікавіць, але быць выключна спартовым псіхолагам не хачу, бо там ёсць непрыемныя для мяне моманты.

Спартовае асяроддзе даволі нарцыстычнае, у спорце перад табой ставяцца мэты, якія ты абавязкова павінен дасягнуць, яны важнейшыя за ўсё астатняе, нават за здароўе. У гэтым сэнсе спартовая псіхалогія не спалучаецца са звычайнай псіхалогіяй.

Гэтае і наступнае фота: старонка Артура Удрыса ў Instagram

Напрыклад, чалавек кажа, што ён страціў матывацыю хадзіць на працу. Звычайны псіхолаг пачне разбірацца, што не так з працай, магчыма, чалавек не можа знайсці супольную мову з калегамі ці эмацыйна выгарэў. Спартовы псіхолаг больш будзе займацца павышэннем матывацыі, а не пошукам прычын яе зніжэння, і гэта часам супярэчыць прафесійнай этыцы. Калі спартсмен ідзе да псіхолага, каб палепшыць свае вынікі, я б дасягаў гэтага праз паляпшэнне адносін з камандай, павышэнне каманднага духу і зніжэнне стрэсу, а не праз прымушэнні і працу над сілай волі.

«НН»: У Беларусі гэты кірунак існуе?

АУ: Ёсць, але ж у краінах СНД ён не надта развіты. У нас і звычайная псіхалогія як мінімум у два разы менш папулярная, чым на Захадзе, а спартовая псіхалогія тым больш у заняпадзе. Ніхто не хоча траціць грошы на спартовых псіхолагаў, хаця, калі з камандай і будзе працаваць псіхолаг, вынік будзе лепшы. Цяпер, калі ўзяць той жа валейбол, на дактароў і масажыстаў у ім выдзяляюць грошы па астаткавым прынцыпе, дык пра якіх псіхолагаў можа быць гаворка? Тым больш што некаторыя каманды ў беларускім валейболе зараз проста выжываюць.

«НН»: Наколькі ўсё зараз дрэнна ў айчынным валейболе?

АУ: Ён цяпер хутчэй не жыве, а выжывае. У Беларусі звычайна было дзве-тры самыя моцныя каманды, «Шахцёр» і «Будаўнік», і яшчэ некалькі вядомых накшталт «Энергіі» і БАТЭ. Цяпер «Шахцёр» яшчэ захоўвае ўзровень заробкаў, але не ведаю, як будзе пасля Новага года, бо [спонсар каманды] «Беларуськалій» трапіў жа пад санкцыі.

З клубам «Мінск», наколькі разумею, сітуацыя дрэнная. Яны ўпісаліся ў расійскую Суперлігу, і горад дае ім нейкія грошы на пераезды і спаборніцтвы, але ў гульцоў заробкі смешныя. То-бок валейбол, як і іншы спорт, [у Беларусі] памірае.

«Калі людзі робяць выгляд, што нічога не адбываецца, калі за акном у іх забіваюць людзей, а яны глядзяць у іншы бок, гэта крывадушнасць»

«НН»: Некалі вы казалі ў інтэрв’ю, што Лукашэнку не хопіць рэсурсаў, каб утрымацца ва ўладзе. Што пайшло не так?

АУ: Напэўна, я недаацаніў, наколькі людзі могуць цярпець. З ябацькамі ўсё зразумела, але ж ёсць яшчэ прыстасаванцы, якія раней шмат казалі, што ім нешта не падабаецца. Шмат сутыкаўся з такімі ў зборнай, хто казаў, як ім не падабаецца існуючая сістэма.

З іншымі спартоўцамі — Канстанцінам Якаўлевым (злева) і Аляксандрай Герасіменей

Калі надышоў час нешта змяняць, чакаў ад гэтых людзей, што яны не будуць абыякавыя і нешта зробяць. Але

аказалася, што рабства ў нашых людзях сядзіць мацнейшае, чым мне здавалася, і некаторыя гатовыя выжываць, не разумеючы, што ў такім выпадку гэта назаўсёды.

Няма ў гэтай сістэме прасветаў, і лепш не будзе.

Кажу ўсё гэта, сыходзячы са свайго атачэння, са спартсменаў. Вядома, што калі працоўны на заводзе гарбаціцца за капейкі і баіцца іх страціць, бо ў яго сям’я, складана яго абвінавачваць у маўчанні. Але ж спартсмены — гэта сярэдні клас, у большасці з іх ёсць кватэры, нядрэнны заробкі і ўвогуле нейкі запас, і я не чакаў, што яны настолькі гатовыя цярпець.

Ведаў, якія настроі ў спорце, і не чакаў такога маўчання. Потым зразумеў, што большасць са спартоўцаў — дзяржслужачыя, хто баіцца і крок зрабіць. Шмат прайшоў з гэтымі людзьмі, ідэалізаваў іх, таму быў расчараваны. Капітан нашай зборнай удзельнічаў ва Усебеларускім народным сходзе,

нехта з каманды баіцца, каб яго не звольнілі з МНС, дзе яму плоцяць 350—400 рублёў.

«НН»: Якім для вас застаўся жнівень 2020-га?

АУ: Думаю пра 2020 год з цеплынёй, хаця тады і было страшна.

Зразумела, што адчуваў шмат злосці і бяссілля, трывожыўся пра тое, што будзе далей. Але пратэсныя маршы згадваю з цеплынёй, бо зразумеў тады, наколькі беларусы светлыя і добрыя. Памятаю валанцёраў ля турмы ў Жодзіна, а яшчэ тое, як падчас аднаго з маршаў, калі была патрэбная вада для піцця, яе адразу ж нехта прывёз.

Лукашызм загасіў гэтае святло, замест яго прыйшла агрэсіўная меншасць — розныя азаронкі, якія ўсіх ненавідзяць. Але я ведаю, што яны на самой справе меншасць, бо я бачыў зусім іншых беларусаў. Сумую па гэтым усім і хацеў бы ўжо прайсціся пасля перамогі яшчэ раз вялікім маршам.

«НН»: Якія ў вас самыя важныя ўспаміны ад часу са зборнай?

АУ: Яны хутчэй звязаныя не з нейкімі дасягненнямі, а з асабістымі момантамі. Памятаю, як мне было цяжка і хлопцы падыходзілі, каб выказаць падтрымку, як мы трымаліся разам пасля проігрышаў.

«НН»: У 2020-м годзе гэта не спрацавала?

АУ: Так, не спрацавала, і я доўга быў расчараваны. Напэўна, зразумеў, што проста меў нейкія ілюзіі наконт людзей, памылковыя чаканні.

Амаль праз тыдзень пасля выбараў чатыры чалавекі са зборнай, у тым ліку і я, падпісалі свой адкрыты зварот і, па сутнасці, сышлі з каманды. Я прапаноўваў яго падпісаць і астатнім хлопцам са зборнай, але ўсе нібыта спрабавалі адседзецца, прыкінуцца, нібыта не заўважылі маю прапанову. А гэта ўсё было ў вайберы, і там бачна, хто прачытаў паведамленне.

Мне пазваніў мой сябар, які тады быў са мной у зборнай, і сказаў, што не можа падпісаць зварот, бо ў яго сям’я, але ён гатовы дапамагаць іншымі спосабамі. Хто ж будзе прымушаць? Наадварот, я адчуў павагу да гэтага чалавека, бо ён прызнаў свой страх і адкрыта пра яго сказаў.

Але калі людзі робяць выгляд, што нічога не адбываецца, калі за вакном у іх забіваюць людзей, а яны глядзяць у іншы бок, гэта крывадушнасць. Такія людзі, я лічу, небяспечныя. Сёння яны прапускаюць міма ўвагі факты гвалту, а заўтра яны не дапамогуць табе, калі будзе трэба.

«НН»: У вашым жыцці было багата падарожжаў. Ці знайшлі нейкую краіну, дзе маглі б застацца назаўсёды?

АУ: Мы з жонкай доўга думалі пра гэта. Я гуляў у Польшчы, у іншых краінах, шмат дзе падарожнічаў,

і мы заўсёды прыглядаліся: можа, тут і застанемся? А потым, у 2020 годзе, мы вырашылі: што тут думаць, у нас столькі сяброў і родных у Беларусі, там і будзем жыць.

У той момант неяк адразу адлягло. Вядома, што шмат залежыць ад абставін, але калі б я мог выбіраць, то жыў бы пасля кар’еры ў Беларусі.

«НН»: Зараз шмат дыскусій пра тое, хто мае рацыю — тыя, хто з’язджае з краіны, ці тыя, хто застаецца. Што думаеце пра гэта?

АУ: Не хачу дзяліць людзей на сваіх і чужых. Нават сярод тых спартоўцаў, пра якіх я казаў, ёсць людзі, у якіх былі аб’ектыўныя прычыны ніяк не пратэставаць. Не падтрымліваю гэтую закрытасць, тое, што не ведаю гэтыя прычыны, бо праз гэта пачынаю іх дадумваць сам. Не хацеў бы некага асуджаць, казаць, што нехта тут наш, а нехта не наш. У кожнага свая гісторыя, і ў кожнага маглі быць свае прычыны зрабіць той ці іншы выбар.

«НН»: Пагадзіліся б зараз працаваць у беларускім спорце?

АУ: Не. Перш за ўсё, праз сістэму, якая там ёсць, праз адмоўную селекцыю ў дзяржаўных структурах і ўсе яе наступствы. На вяршыню там паднімаюць лаяльных, а ўсіх прафесіяналаў з гэтай сістэмы выціскаюць, такая сітуацыя і ў валейболе. Адна справа, калі б спартовая сістэма [ў Беларусі] была адкрытая для іншых меркаванняў, але ж яна зараз даволі рыгідная. Усе дзейнічаюць па загадах зверху, не важна, добрыя гэта загады ці дрэнныя, і таму энтузіясты, якія трапляюць у спорт, не могуць там нічога рабіць. Людзі губляюць матывацыю нешта змяняць, бо бачаць, што іх ідэі нікому не патрэбныя.

Але нават калі б сістэма была такая, як на Захадзе, я б не прыйшоў у яе працаваць, бо не люблю спорт так, як яго любяць іншыя. Каб прыносіць карысць, трэба быць энтузіястам, а я не энтузіяст спорту, я не лічу місіяй свайго жыцця прасоўванне валейболу. Для мяне валейбол заўсёды быў хобі, за якое мне даволі добра плоцяць.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«З-за беларускіх сілавікоў і пачалася вайна». Алімпіец-дзюдаіст раней служыў у Пагранкамітэце, а стаў бежанцам у Германіі

«Зрабіла б тое ж самае». Як жыве спартсменка, што сышла з п'едэстала, калі зайграў не яе гімн

«Шчэрбу ўвогуле не лічу беларусам». Гімнаст з «Дзю Салей» Сямён Букін даў першае інтэрв'ю пасля пераходу на беларускую мову

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера