Знайсці
18.08.2022 / 17:392РусŁacБел

Беларусь хоча адмяніць свой удзел у важнай міжнароднай дамове

Учора з’явілася навіна, што Мінск плануе выйсці з дамовы ААН, якая дае беларусам магчымасць скардзіцца на парушэнні сваіх правоў у Камітэт па правах чалавека. Праваабаронца Таццяна Зінякова з арганізацыі Human Constanta патлумачыла «Нашай Ніве», чаму гэта важна і дзе цяпер беларусам шукаць справядлівасці.

Дакумент, у якім Беларусь плануе скасаваць свой удзел, цалкам называецца так: Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Законапраект аб дэнансацыі пратакола рыхтуецца да разгляду ў Палаце прадстаўнікоў беларускага парламента.

Што да самога Міжнароднага пакта, то, як тлумачыць Таццяна, у ім пералічаныя ўсе фундаментальныя грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды, і Беларусь, як бок пакта, абавязуецца іх гарантаваць сваім грамадзянам.

«З пакта Беларусь не выходзіць, яна выходзіць з факультатыўнага пратакола да яго. Гэты пратакол рэгулюе працу Камітэта па правах чалавека ААН і, у тым ліку, магчымасць грамадзян падаваць індывідуальныя скаргі ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь. Калі ён будзе прыняты — а ёсць прычыны думаць, што так і будзе — то праз тры месяцы пасля інфармавання генсека ААН [аб дэнансацыі] факультатыўны пратакол перастане дзейнічаць [для Беларусі]. У выніку людзі, якія хочуць паскардзіцца на Рэспубліку Беларусь у Камітэт па правах чалавека, больш не здолеюць гэта зрабіць», — распавядае праваабаронца.

Таццяна Зінякова. Фота суразмоўцы

Як сёння працуе механізм падачы зваротаў у камітэт? Калі беларус лічыць, што парушанае яго права, напрыклад, на свабоду слова ці сходаў, ён спачатку можа паспрабаваць абараніць свае правы ў беларускіх судах. Калі вынікаў няма, чалавек можа звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека і там могуць прызнаць, што Беларусь парушыла нейкія з артыкулаў пакта і таму павінна аднавіць ахвяру ў правах — напрыклад, праз выплату кампенсацыі.

З іншага боку, камітэт не можа прымусіць Беларусь выплаціць гэтую кампенсацыю. Але ж, паколькі наша краіна пакуль што прызнае факультатыўны пратакол, яна вымушаная як мінімум адказваць на звароты камітэта і даваць сваю аргументацыю наконт таго, было сапраўды дапушчанае парушэнне ці не. Хаця рашэнне аднавіць чалавека ў парушаных правах улады на практыцы, можна сказаць, ігнаравалі.

«Цяпер, калі Беларусь дэнансуе свой удзел у пратаколе, на яе нельга будзе падаць скаргу ў Камітэт па правах чалавека, і людзі, якія пацярпелі праз парушэнні, больш не будуць здольныя карыстацца гэтым механізмам, бо Беларусь адкліча сваю згоду на тое, каб на яе распаўсюджвалася юрысдыкцыя камітэта», — кажа Таццяна.

«У беларусаў застаецца ўсё менш механізмаў, каб абараніць сябе»

Усяго ў Камітэце па правах чалавека разгледзелі больш за сто спраў па заявах беларусаў. Вельмі шмат справаў, расказвае праваабаронца, былі звязаныя з тэмай смяротнага пакарання, і камітэт прасіў беларускія ўлады адкласці пакаранне, але ж Мінск ігнараваў гэтыя запыты.

З вядомых беларускіх спраў, якія траплялі ў камітэт, Таццяна згадвае гісторыю Уладзіміра Някляева, яго затрыманне і збіццё пасля разгону Плошчы-2010, і выпадак Таццяны Севярынец, якую прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за арганізацыю малітвы за палітвязняў у 2011 годзе. Увогуле, у камітэт трапляе шмат спраў аб самавольных затрыманнях і парушэнні правоў на мірных пратэстах, орган шмат крытыкаваў тое, што ў Беларусі занадта жорстка рэгулюецца магчымасць мірных сходаў.

Праваабаронца адзначае, што ёсць і іншыя міжнародныя механізмы, куды можна звяртацца ў аналагічных выпадках, але Беларусь прызнавала для сябе юрысдыкцыю не ўсіх з іх. Для беларусаў цяпер даступны Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын, і пакуль што, як тлумачыць Таццяна, Мінск не паказвае намераў адмовіцца ад узаемадзеяння з гэтым камітэтам. Акрамя Камітэта па правах чалавека, беларусы звярталіся ў Працоўную групу па самавольных затрыманнях пры ААН — сярод іншых спраў, там разглядаўся кейс з затрыманнем Рамана Пратасевіча.

Па-ранейшаму працуе спецыяльны дакладчык па Беларусі пры ААН, гэты чалавек і далей можа пісаць даклады па нашай краіне і крытыкаваць парушэнні правоў чалавека ў ёй. Таксама, распавядае праваабаронца, Беларусь усё яшчэ здольная справаздачыцца перад ААН у межах Універсальнага перыядычнага агляду Савета па правах чалавека ААН.

«У нейкім сэнсе гэта крок да поўнага ігнаравання міжнароднага права. Паглядзіце на апошнія заявы прадстаўнікоў беларускай улады. Намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч нядаўна быў на Пекінскім форуме па правах чалавека і казаў, што правы чалавека — гэта ўтопія, маўляў, яны даўно састарэлі як канцэпцыя.

Камітэт па правах чалавека — гэта адзін з тых органаў, якія могуць канстатаваць парушэнні правоў і казаць пра тое, што ахвяры патрэбнае аднаўленне ў правах, то-бок ахвяра атрымлівае прамую магчымасць сябе абараніць, гэта магчымасць атрымаць справядлівасць для канкрэтнага чалавека ў канкрэтнай справе. Такіх механізмаў не так шмат, напрыклад, Беларусь ніколі не была часткай Савета Еўропы і не магла карыстацца інструментамі Еўрапейскага суда па правах чалавека. У выніку [ў беларусаў] застаецца ўсё менш механізмаў абараніць сябе», — хвалюецца Таццяна.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Дагаварыць ёй не далі». У ААН узніклі пытанні да прыгожага даклада беларускай чыноўніцы

Алкаеў: пра эскадроны смерці, уцёкі з турмы і пра тое, адкуль бярэцца садызм сілавікоў

Ціханоўская ў Рызе: У Беларусь вярнуўся сталінскі тэрор

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
7
Абуральна
26
1
Мойша/адказаць/
18.08.2022
І прабачце, на кой здаўся ААН калі гэтая арганізацыя не можа абараніць нікога, зажраўшаяся карумпаваная арганізацыя, кіруемая босамі кгб расеі ды кітая
0
Боится/адказаць/
18.08.2022
Лукашенко прячется от стона страны за узаконенным законом беззакония. Развязывает руки палачам Народа и карателям Народа, пряча свою шкуру за ихними преступлениями.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930