Знайсці
18.08.2022 / 12:30РусŁacБел

Ва Украіне беларускаму «шпіёну» перакваліфікавалі абвінавачанне 

Грамадзянін Беларусі, затрыманы 18 сакавіка ў Валынскай вобласці паводле падазрэння ў шпіянажы, асуджаны на пяць месяцаў арышту без канфіскацыі маёмасці паводле абвінавачання ў замаху на тэрытарыяльную цэласнасць і недатыкальнасць Украіны, паведамляе «Свабода».

Цягам дасудовага расследавання беларусу змянілі кваліфікацыю злачынства. Апроч таго, ён пайшоў на дамову са следствам, дзякуючы чаму атрымаў больш мяккае пакаранне — пяць месяцаў арышту.

19 жніўня грамадзянін Беларусі выйдзе на волю, паколькі яму залічылі знаходжанне пад вартай пасля затрымання ў адбыццё прызначанага пакарання.

Новыя дэталі справы

У прыгаворы адзначаецца, што грамадзянін Беларусі ў першы дзень расійскага ўварвання на тэрыторыю Украіны перадаў супрацоўніку Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі інфармацыю аб перамяшчэнні калоны вайсковай тэхнікі батальённай тактычнай групы Узброеных сіл Украіны ў горадзе Шацк Валынскай вобласці.

Паводле суда, гэтую інфармацыю «ў пэўных абставінах мог выкарыстаць праціўнік, каб перашкодзіць дзейнасці Ўзброеных сіл Украіны і іншых сіл абароны і нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Украіны».

Прозвішча супрацоўніка КДБ Беларусі вядома суду і следству, аднак у судовым рашэнні яно закадаванае як «АСОБА_4».

У прыгаворы таксама адзначаецца, што беларус пагадзіўся на супрацоўніцтва са спецслужбамі Беларусі, паколькі меў сярод іх прадстаўнікоў знаёмых, якія падтрымліваюць «ідэі вайскова-палітычнага кіраўніцтва Беларусі і Расіі аб палітычнай, ідэалагічнай нецярпімасці і нянавісці да ўкраінскай нацыі і дзяржаўнасці» і ўчыняюць наўмысныя дзеянні па захопе часткі тэрыторыі Украіны.

22 ліпеня грамадзянін Беларусі падпісаў дамову аб прызнанні сваёй вінаватасці і фактаў, сабраных следствам.

Што вядома пра асуджанага беларуса

Затрыманы беларус пражывае ва Украіне з 2006 года на падставе віду на сталае жыхарства. Мае ва Украіне сям’ю і непаўналетняе дзіця. Да затрымання працаваў гандлёвым спецыялістам адной з брэсцкіх кампаній у Валынскай вобласці. Мае вышэйшую адукацыю. Нарадзіўся ў Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці.

Раней адвакат затрыманага беларуса расказваў «Свабодзе», што яго падабароннага затрымалі тады, калі той звярнуўся ў СБУ з паведамленнем аб намеры спецслужбаў Беларусі яго завербаваць. «Яго затрымалі і абвінавацілі ў шпіянажы. СБУ, замест таго, каб выкарыстаць яго як магчымага патэнцыйнага агента ў інтарэсах Украіны, паставіла сабе «птушачку» і завяла крымінальную справу», — сказаў адвакат.

Клас
6
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930