Знайсці
16.08.2022 / 16:511РусŁacБел

Знайшлі яшчэ адну копію самай знакамітай гравюры з выявай Гродна

Гродзенскі гісторык Аляксандр Перагудаў адшукаў яшчэ адзін асобнік гравюры Цюнта. Гэта ўжо 13-ы, «а дакладней 12-ы з паловай» асобнік: правая палова раней невядомай копіі адсутнічае, піша Hrodna. life са спасылкай на выдавецтва Imago.

Выява знойдзенай гравюры з калекцыі Muzeum Narodowe w Warszawie, Oddział Muzeum w Nieborowie i Arkadii

Дзе знайшлі гравюру

Палову гравюры знайшлі ў Польшчы. Яна паходзіць з радзівілаўскай калекцыі картаў і гравюр з палаца ў Нябораве.

«Знаходка стала магчымай дзякуючы сістэматычнаму пошуку па лічбавых бібліятэках і калекцыях музеяў, аналізу кнігазбораў і мастацкіх калекцый розных краін. Вядома, вялікую справу робіць інтэрнэт і дыгіталізацыя [адлічбоўка, — Hrodna. life] скарбаў, аднак часам гэта і проста поспех», — сказаў Hrodna. life Аляксандр Перагудаў.

Па словах Аляксандра, ён выпадкова наткнуўся на стары шляхаводнік. У ім была згадка гэтай гравюры. Тады гісторык пачаў шукаць кантакты музея і перапісвацца з яго супрацоўнікамі. Яны пацвердзілі наяўнасць медзярыта (гравюры на медзі), а таксама даслалі Аляксандру здымак.

Аляксандр Перагудаў

Гравюр Цюнта болей, чым меркавалася раней

Асобнік адносяць да другога, пазнейшага накладу, бо ён не мае тлумачальных подпісаў у картушах. На думку выдавецтва Imago, магчыма, што на той час маленькія пласцінкі з тэкстамі ўжо былі згубленыя. Але гравюра карысталася попытам з-за высокай мастацкай якасці.

«Знаходка сведчыць, што гравюр Цюнта з панарамай Гродна болей, чым меркавалася раней. За мінулыя чатыры гады былі знойдзеныя мінімум чатыры новыя месцы захоўвання гравюры, аднак у Гродне ці Беларусі яе дагэтуль няма», — сказаў Аляксандр Перагудаў.

Сёння вядома пра 13 захаваных асобнікаў гэтай гравюры. «Яна [гравюра, — Hrodna. life], як і раней, застаецца надзвычай рэдкай і каштоўнай, аднак мы можам казаць аб мінімальна задавальняючай колькасці дайшоўшых да нас гравюр».

Знойденая гравюра Цюнта — ужо пятая, якая захоўваецца ў Польшчы.

Чаму даследчыкі кажуць пра два наклады гравюры

«Медзярыт пакідае шмат пытанняў без адказу. Вядома, напрыклад, пра дзве варыяцыі гравюры, якія адрозніваюцца мовай подпісаў — нямецкай альбо лацінскай. Ёсць некалькі асобнікаў са зменамі на малюнку, значыць нехта пазней падпраўляў медную пліту, таму даследчыкі кажуць пра два наклады гравюры», — сказаў Аляксандр Перагудаў.

На думку гісторыка, гравюра карысталася вялікім попытам, таму яе друкавалі зноў і зноў, нават калі таблічкі з тэкстам ужо згубіліся. «Але дакладнай версіі, чаму так атрымалася, мы не маем. Звычайна гравюру друкавалі, пакуль меўся попыт, а медная пліта фізічна дазваляла гэта. Гэта ад 150−200 да 500−1000 адбіткаў. Добра, калі за 450 год да нас дайшло 10−15% накладу. Гравюра мае вялікі памер, а гэта ўскладняе яе захоўванне».

Аляксандр спадзяваецца, што гэта не апошняя знаходка і гравюру атрымаецца завезці ў горад, які на ёй адлюстраваны.

Калі друкавалі гравюру

Панарама Гродна Ганса Адэльгаўзера і Маціаса Цюнта была ўпершыню надрукаваная ў Нюрнбергу ў 1568 годзе.

23 ліпеня 1567 года Жыгімонт Аўгуст прыняў у Гродне маскоўскае, турэцкае і малдаўскае пасольствы. Паводле гэтых падзей мастак Адэльгаўзер зрабіў ілюстрацыю. У 1568 годзе была выдадзеная гравюра, якую зрабіў нюрнбергскі гравер Маціас Цюнт.

Гэта першая праўдзівая выява беларускага горада: на гравюры ёсць Фара Вітаўта, Стары Замак, Каложа і іншыя сакральныя гродзенскія аб’екты — такія, якімі яны былі.

Гравюра Адэльгаўзера-Цюнта

У 2008 годзе гравюру выставілі на аўкцыён у Варшаве. На таргі паехаў дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка. Пачатковая цана за гравюру была 40 тыс. злотых. Падчас таргоў яна вырасла да 95 тыс. злотых. У беларускіх уладаў не хапіла грошай, каб выкупіць лот, бо быў грашовы ліміт. Таму гравюра дасюль застаецца ў Польшчы.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Гость/адказаць/
16.08.2022
Денег нет на сохранившийся историко-культурный артефакт , зато есть деньги на репрессии и игру ‘’военными мускулами’’ против несуществующих врвгов..В масштабе страны - это ‘’копейки’’.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера