Знайсці
15.08.2022 / 16:32РусŁacБел

«Ён іх моцна любіў». Пілот, што разбіўся пад Слонімам, апекаваўся сотнямі дарослых з інваліднасцю 

13 жніўня ў Слоніме разбіўся лёгкаматорны самалёт, які здзяйсняў прагулачныя палёты, абодва пілоты загінулі. Адным з іх быў Сяргей Доўгаль, лётчык з 38-гадовым стажам і дырэктар лётнай школы VRP Avia, а таксама кіраўнік дабрачыннага фонда «Спірас». Супрацоўніца фонда распавяла праекту «1906» пра гэты бок жыцця лётчыка.

Фота: dac.by

Доўгаль родам з Расіі, ён былы ваенны лётчык, маёр запасу. У Беларусі жыў не менш за 20 гадоў — завёў тут сям’ю, добра ставіўся да краіны і нават запамінаў некаторыя беларускія словы. Апошнія гадоў дзесяць ён дапамагаў пацыентам беларускіх псіханеўралагічных інтэрнатаў (ПНІ).

Супрацоўніца фонда Марыя (імя змененае), з якой мы пагутарылі, распавядае, што пазнаёмілася з Доўгалем прыкладна ў 2013 годзе. Тады яна лавіла папутку, і ля яе спыніўся Сяргей Доўгаль, які ехаў з аднаго з інтэрнатаў. Ён падвёз дзяўчыну да Маладзечна і расказаў ёй у дарозе пра дапамогу інтэрнатам — на той час ён рабіў гэта праз заснаванае ім пры праваслаўнай царкве брацтва.

Пазней Марыя згубіла кантакт Доўгаля, але праз пару гадоў, як яна расказвае, ёй захацелася заняцца чымсьці сапраўды вартым і добрым. Марыя ўспомніла пра Сяргея і праз агульных знаёмых зноў выйшла на яго, з таго часу яна і працуе ў ініцыятыве.

Ва ўстановах, якімі займаўся Сяргей, жывуць паўнагадовыя людзі з хранічнымі псіхічнымі захворваннямі, якія атрымліваюць там пастаянны догляд. Усяго такіх устаноў у Доўгаля было 10, усе знаходзіліся ў Мінску і Мінскай вобласці. Збольшага гэта былі псіханеўралагічныя інтэрнаты, але таксама і дзіцячы дом, і дом састарэлых.

Фота: church.by

Спачатку Сяргей і яго каманда працавалі як праваслаўнае брацтва, але пазней атрымалі юрыдычны статус і зарэгістраваліся як дабрачынны фонд «Спірас». У паездкі па інтэрнатах Доўгаль часта браў з сабой святароў, садзейнічаў таму, каб пры адным з інтэрнатаў пабудавалі храм, але пры гэтым сярод валанцёраў фонду ёсць людзі розных канфесій, і пры дапамозе фонд ніколі не глядзеў на тое, да якой канфесіі належаць іх падапечныя.

«Ён прыязджаў у інтэрнаты з сяброўскімі візітамі, не паводзіў сябе як чалавек, які плача над інвалідамі ці шкадуе іх. Ён чытаў ім кнігі, гутарыў, мог проста выслухаць іх і абняць. Для яго ўсё пачалося менавіта з сяброўства з падапечнымі, і Сяргей ніколі не глядзеў на іх як на інвалідаў, як на людзей, якіх трэба шкадаваць. У дзесяці інтэрнатах, якімі мы займаемся, жыве каля двух тысяч чалавек», — расказвае Марыя.

Доўгаль вырашыў сканцэнтраваць сваю дапамогу на дарослых інтэрнатах. Як тлумачыць Марыя, дзецям таксама патрэбная дапамога, але ж дарослым інтэрнатам яе дастаецца ў разы менш.

Калі валанцёры знаходзілі час наведаць нейкі інтэрнат, збіралі з уласных бюджэтаў грошы на тое, каб прывезці падапечным нешта салодкае, ці пяклі пірагі. Часам Доўгаль знаходзіў для фонду нейкіх мецэнатаў, і тады атрымоўвалася, напрыклад, нешта адрамантаваць у інтэрнатах ці набыць туды тэхніку, але ж у асноўным каманда спраўлялася ўласнымі сіламі.

«Ён іх моцна любіў, і яны яму адказвалі тым жа. Як яны яго чакаюць! Хлопцы з інтэрнатаў маглі выбегчы да яго пад дажджом і ў кашулях наросхрыст, калі толькі бачылі яго машыну. Абдымалі, плакалі, казалі «дзякуй Богу, што ты прыехаў», — згадвае Марыя паездкі з фондам.

Доўгаль марыў пабудаваць для падапечных дом, куды яны маглі б прыязджаць на нейкі час з інтэрнатаў. Там ім далі б магчымасць пад наглядам выхавальнікаў вучыцца самастойнасці і клопату пра сябе, і для гэтага дома ўжо быў выбраны надзел зямлі. Таксама лётчык шукаў магчымасці аднаўляць дзеяздольнасць падапечным інтэрнатаў, але ж праца гэта дужа складаная, і для яе трэба шмат грошай — столькі, колькі ў фонду не было.

Акрамя візітаў у інтэрнаты, Сяргей ладзіў для падапечных канцэрты з беларускімі поп-зоркамі. Пакуль быў жывы спявак Аляксандр Ціхановіч, ён пастаянна браў у іх удзел. Менавіта дачка спевака, Анастасія Ціхановіч, і паведаміла ў фэйсбуку пра тое, што лётчык загінуў.

«Мы адназначна будзем працягваць дапамагаць, цяпер мы не маем права загубіць гэтую справу. Сяргей на самой справе вельмі шмат зрабіў, у яго было моцнае ўнутранае святло, і ён умеў натхняць людзей на добрыя справы. Зараз мне пішуць і пішуць людзі, нават незнаёмыя, і кажуць, што мы павінны працягваць працу. Вядома, мы будзем дапамагаць далей, і я думаю, што Сяргей бы гэтага вельмі жадаў», — падсумоўвае Марыя.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

У Слоніме падчас свята горада разбіўся аэраплан. Экіпаж загінуў

Сталі вядомыя імёны пілотаў, якія загінулі ўчора ў Слоніме

«Колькі грошай пайшло, не лічыў і не хачу». Былы кіраўнік Талачына адзін аднаўляе 200-гадовую капліцу

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера