Знайсці
16.08.2022 / 10:041РусŁacБел

У ЖК «Пірс» у Ратамцы пабудавалі канал, але ён не працуе. У чым прычына?

Шмат гадоў запар забудоўшчыку «Маяка Мінска» з іроніяй узгадвалі канал з гандоламі, які так і не адбыўся ў квартале, нягледзячы на тое, што быў абяцаны рэндарамі. У загарадным ЖК «Пірс» ад «А-100 Дэвелапмент» дэкаратыўны вадаём, наадварот, адбыўся і цешыў вока. Але, аказваецца, канал даўно не працуе, а спробы рамонту ні да чаго не прыводзяць, піша Onliner.by.

ЖК «Пірс» на ўскраіне Ратамкі — клубны квартал з катэджамі, таўнхаўсамі, невысокімі шматкватэрнымі дамамі — пабудаваны ў марскім стылі, з намёкам на Мінскае мора непадалёк.

Падтрымліваў агульную тэму дэкаратыўны канал. Ён пачынаўся з вадаспаду, а сканчаўся вялікай дзіцячай пляцоўкай. Вясной 2019 года журналісты былі на экскурсіі ў квартале і адзначалі: вадаём вельмі падобны на тое, што анансавалі на рэндарах.

Так канал выглядаў у 2019 годзе

Восенню 2020-га месца стала яшчэ больш прыемным: на беразе ўсталявалі 12 скульптур чаек. Аўтарамі работ сталі скульптар Канстанцін Селіханаў і архітэктар Юрый Градаў.

Але выйшла так, што вялікую частку часу птушкі сумна сядзяць ля канала, не запоўненага вадой.

Жыхар: «Канал то не працуе, то на рамонце»

— У квартале ўжо які год ідзе вайна за дэкаратыўны канал. А ён жа быў самай вядомай лакацыяй, трапляў на рэкламныя буклеты і ў допісы забудоўшчыка ў сацсетках, — паведаміў адзін з мясцовых жыхароў.

Па падліках чытача, прапрацаваў аб'ект каля года, фантаны на ім — столькі ж.

— Прычым гэты год выкарыстання быў жудасны: бруд, пах, жабы, і ўсё гэта пасярод прэстыжнай і дарагой забудовы. Потым пачаліся іншыя праблемы: пакрыццё стала разбурацца, фантан перастаў працаваць, ваду для напаўнення пры гэтым бралі з абводнага канала, — дадаў суразмоўца.

Забудоўшчыкам квартала было ТАА «Алмары», якое ўваходзіць у групу будаўнічых кампаній «А-100 Дэвелапмент». У 2021-м забудоўшчык замовіў экспертызу, якая выявіла некаторыя парушэнні. Напрыклад, высветлілася, што размяшчэнне і сячэнні зліўных адтулін у сценцы канала не адпавядаюць патрабаванням праектнай дакументацыі.

— На працягу 2021 года канал прапрацаваў некалькі дзён, у іншы час забудоўшчык спрабаваў яго паправіць, — распавёў чытач.

— Рамонт доўжыўся ўсё лета — а гэта бруд і шум пасярод квартала. Чымсьці замазалі, але ўсе тут жа пайшло расколінамі. Быў абяцаны робат для ўборкі дна, але яго не далі.

Увосень 2021-га таварыства ўласнікаў «Пірса» адправіла ў выканкам Мінскага раёна ліст, у якім падрабязна апісалі праблемы. Сярод іншага адзначылі, што ўсталяваныя помпы і сістэма фільтрацыі не спраўляюцца, а свежая вада пачынае цвісці ўжо на 5-7 дзень пасля запуску ў вадаём: «Для ачысткі канала трэба цалкам зліць ваду і асушыць яго рэчышча, затым адмыць з ужываннем апарата высокага ціску і зноўку цалкам запоўніць канал вадой. У выпадку калі ў каналах, прызначаных для адводу грунтовых і сцёкавых вод ад квартала і размешчаных па яго перыметры, вада адсутнічае, канал запаўняецца вадаправоднай вадой. Такая працэдура дарагая і працаёмкая. Аднак для бяспечнай эксплуатацыі аб'екта ў яго сённяшнім стане яна проста неабходная на рэгулярнай аснове».

У 2021 годзе забудоўшчык пачысціў водазаборны фільтр і пакрыў паверхню канала поліўрэтанавым пакрыццём для запаволення разбурэння і карозіі бетоннай чашы. Але пасля першага ж асушэння рэчышча для ачысткі стала ясна, што новае пакрыццё адслойваецца разам з бетонам, а чаша, швы і прыступкі працягваюць разбурацца, адзначалі жыхары ў лісце ў Мінскі райвыканкам.

 — Наступіў 2022-ы, і забудоўшчык прызнаў, што мінулыя падрадчыкі няякасна выканалі працы, прычым неналежнымі матэрыяламі. І стаў, ужо з дапамогай іншых падрадчыкаў, рэканструяваць. Абяцалі скончыць працы ў чэрвені, але зноў усё перашкаджае: дождж, сонца, зоркі, — іранізуе жыхар «Пірса».

Падставы для іроніі — некалькі лістоў ад забудоўшчыка, дзе паведамляецца аб пераносе рамонту з-за дажджлівага лета.

Мясцовыя ў размове наракаюць, што забудоўшчык чамусьці не перадаў канал на баланс таварыствам уласнікаў. Цяпер вадаём аддалі дзяржаўнаму прадпрыемству, «Мінсквадаканалу». Людзі асцерагаюцца, што такім чынам прыватная кампанія хоча «збыць з рук» праблему.

Забудоўшчык: «Прыкладаем усе намаганні, каб ліквідаваць праблему да канца 2022 года»

Журналісты звярнуліся па каментар у «А-100 Дэвелапмент». Вось што там кажуць пра праблемы канала, іх прычынах і перспектыве рамонту:

— Мы шчыра шкадуем, што жыхары «Пірса» сутыкнуліся са складанасцямі ў карыстанні дэкаратыўным каналам. Яшчэ на этапе праектавання квартала мы разумелі, што ідзем на вялікую рызыку, інтэгруючы такое складанае для Беларусі рашэнне, як канал з сістэмай напаўнення з грунтавых вод. Мы сапраўды сутыкнуліся з цяжкасцямі і прыкладаем усе намаганні, каб ліквідаваць праблему да канца 2022 года.

У кампаніі запэўніваюць, што «знаходзяцца ў бесперапыннай камунікацыі з жыхарамі, якіх рэгулярна інфармуюць аб усіх этапах рамонтных работ».

— Але пытанне для нашай кампаніі па-ранейшаму складанае, паколькі мы прывыклі выконваць узятыя на сябе абавязацельствы. Нягледзячы на тое што дэкаратыўны канал ужо перададзены на баланс «Мінскводаканалу», мы, як адказны і прыстойны забудоўшчык, не выходзім з працэсу і не выйдзем з яго да таго часу, пакуль не ліквідуем недахопы.

Забудоўшчык адзначае: калі «Пірс» ўвялі ў эксплуатацыю, канал працаваў спраўна.

— Аднак у цёплы час года вада ў канале перыядычна цвіла — гэта натуральная і непазбежная з'ява для падобных вадаёмаў у гарачае надвор'е. Наша кампанія рэгулярна спускала ваду і праводзіла ачыстку чашы канала. Адзін з варыянтаў, які выключыў бы цвіценне вады назаўжды, — гэта выкарыстанне спецыяльнага хімічнага раствора.

Але ў выпадку з каналам, дзе убудаваная абводная сістэма, гэты варыянт забаронены па законе. Праз некаторы час мы атрымалі просьбу ад жыхароў памяняць першапачатковае бетонае пакрыццё дна і сценак канала на больш прывабнае пакрыццё блакітнага колеру. Мы нанялі падрадчыка, які выкарыстаў палімерны склад, аднак нанёс яго з парушэннем тэхналогіі.

У выніку на палімерным пакрыцці паўсталі расколіны. І проста зараз мы робім усё, каб вырашыць пытанне канчаткова і паспяхова.

Клас
2
Панылы сорам
11
Ха-ха
8
Ого
2
Сумна
12
Абуральна
5
0
гладко было на бумаге да забыли про овраги/адказаць/
16.08.2022
у чым прычына?
ды у тым, што робяць розныя ша-рашкины канторы
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930