Знайсці
15.08.2022 / 09:351РусŁacБел

«Выклічам на дыван знакамітых беглых беларусаў». Чыноўнікі ў выкананні купалаўцаў перазапускаюцца — чаго чакаць на «ЧынЧынЧэнэл»?

15 жніўня 2020 года экс-купалаўцы Дзмітрый Есяневіч і Міхась Зуй у вобразе чыноўнікаў Мікалая Сяргеевіча і Сяргея Мікалаевіча выйшлі на кантакт з народам у сеціве, урачыста анансаваўшы вяшчанне «БелДзяржЮтубКанала».

Фота: інстаграм «ЧынЧынаў»

Сатырычныя відэа не проста высмейвалі беларускую рэальнасць са свету дзяржаўных служачых, а часам прадбачылі, што адбудзецца «ў наступнай серыі»: чаго толькі вартыя выпускі, дзе чыноўнікі незадаволеныя «аляпаватымі хіпстарштрасэ» з мураламі — не ў прыклад шэрым сценам, ці «Дзень работніка культуры», адкуль выключаюць усіх «так званых дзеячаў мастацтва», акрамя ўласна чыноўнікаў (чым не адсылка да анансаваных правак у Кодэксе аб культуры?). 

Роўна праз два гады «ЧынЧыны» перазапускаюць свой ютуб-канал і абяцаюць, што будзе вельмі цікава.

Напярэдадні вялікага перазапуску мы распыталі каманду праекта, чым яны плануюць радаваць гледачоў у новым сезоне.

 

«Першы серыял у жанры палітычнай сатыры для беларускай аўдыторыі»

У 2021 годзе на ютуб-канале творцаў пасля вірусных хітоў «Шчучыншчына» (дарэчы, у кліпа хутка набяжыць мільён праглядаў) і «Дзекаць і цекаць» у выкананні Алены ЖалудOk здарылася вымушаная паўза: спачатку здымаць пародыі на рэальнасць стала небяспечна ў Беларусі, таму каманда перабралася ва Украіну. Там яны замахнуліся на здымкі серыяла пад назвай «Тут быў Ленін». Па сюжэце ў маленькі правінцыйны гарадок Шчучыншчынск павінны былі з планавай праверкай прыехаць чыноўнікі са сталіцы і заўважыць, што на цэнтральнай плошчы няма помніка Леніну. 

Раскрыццё гэтага злачыннага здарэння ў сцэнарыі Андрэя Кашперскага, Міхася Зуя і Дзмітрыя Есяневіча павінна было ўмясціцца ў шэсць серый на 15-20 хвілін і стаць першым серыялам у жанры палітычнай сатыры для беларускай аўдыторыі. Але ва Украіне, дзе ўсё і здымалася, пачалася вайна і праца была пастаўленая на паўзу (дарэчы, у серыяле павінны былі паказаць гісторыю з’яўлення Алены ЖалудOk у мульцісусвеце «ЧынЧынЧэнэл», яе першыя крокі, але так ці інакш хутка творцы абяцаюць кароткаметражны блакбастар у стылістыцы «Вострава праклятых», у якім будзе раскрытая «страшэнная таямніца Алены ЖалудOk»). 

«Цяпер «Тут быў Ленін» можна завяршыць толькі калі перазняць серыял амаль з нуля ў Польшчы ці вярнуцца ў Львоў і дазняць праект з украінскай камандай, якая разам з намі была апантаная яго ідэяй. Але для гэтага спачатку павінна скончыцца вайна», — тлумачаць удзельнікі каманды.

Мікалай Сяргеевіч і Сяргей Мікалаевіч у выкананні Дзмітрыя Есяневіча і Міхася Зуя.

«Галоўная ідэя «ЧынЧын», як і раней, — паказаць абсурднасць прапаганды, недарэчны беларускі афіцыёз»

За апошні год каманда вымушана мяняла месца жыхарства два разы, таму працаваць над праектам рэгулярна ўвогуле было складана.

«Але зараз, здаецца, усе члены каманды больш-менш уладкаваліся на новых месцах і мы вяртаемся. На сёння нас 10 чалавек, плюс да нас далучаюцца сябры, акцёры, спецыялісты ў вытворчасці відэа — з новымі ідэямі, тэхналогіямі і выклікамі: смех і гумар — нашая суперсіла, хоць жартаваць падчас вайны — куды больш складаная задача. Але, шчыра кажучы, мы вельмі сумавалі, што шэрыя пінжачкі чыноўнікаў доўга віселі ў нашых шафах без справы».

Чаго ж чакаць на «БелДзяржЮтубКанале»?

«Галоўная ідэя «ЧынЧын», як і раней, — паказаць абурднасць прапаганды, недарэчны беларускі афіцыёз. У нас гэта атрымліваецца, бо яшчэ ў Беларусі Сяргея Мікалаевіча і Мікалая Сяргеевіча прымалі за сапраўдных чыноўнікаў. А выканаўцу «Шчучыншчыны» Алену ЖалудОк — за сапраўдную праўладную моладзевую актывістку (падаецца нават, што чыноўнікі натхняюцца «ЧынЧынамі» і выкарыстоўваюць нашыя рэплікі і абсурдныя сітуацыі ў жыцці. А беларускія навіны часам выглядаюць як YouTube-канал «ЧынЧын»).

У новым сезоне мы пачнем з праекта «На дыван!», у якім «ЧынЧыны» выклікаюць на сур’ёзную размову знакамітых беларусаў, якія з’ехалі з Беларусі, з мэтай ідэалагічна прапрацаваць «беглых» і даць ім шанец на пакаянне. Дыяпазон гасцей будзе шырокім — ад Маргарыты Ляўчук да Маляваныча», — расказваюць творцы.

Таксама восенню на ютубе рэгулярна будуць з’яўляцца кароткія відэа «Вярхоўны Савет Дня», дзе «ЧынЧыны» будуць вучыць беларусаў жыццю і забіваць ідэалагічныя сваі ў багністую беларускую глебу — расказвае акцёр Міхась Зуй. Разборкі «на дыване» будуць выходзіць на канале раз на тыдзень, а «Вярхоўны Савет Дня» — два. «Каб беларусы не расслабляліся», — жартуюць акцёры.

Ютуб — галоўная пляцоўка «спецыялістаў «БелДзяржЮтубКанала», але сачыць за «Чын-Чынамі» можна і ў інстаграме, і ў тык-току, і ў тэлеграме.

«У нас не так даўно з’явіўся афіцыйны «БелДзяржТэлеГрамКанал», на якім «ЧынЧыны» абмяркоўваюць актуальныя навіны ў нефармальнай абстаноўцы, так бы мовіць, без гальштукаў (але ў гальштуках). Мы штодзень на сувязі з нашай аудыторыяй у сацыяльных сетках. «ЧынЧыны» гатовыя адказваць на любыя каментары, ведаюць пра ўсе лайкі і заўважаюць рэакцыі», — удакладняе Міхась Зуй.

@chinchinby На небе только и разговоров, что о Минском море #чиновники#рек#достучатьсядонебес#минскоеморе♬ оригинальный звук - БелГосТикТокКанал

«Поглядам чыноўнікаў паглядзець на Еўропу: наведаць Амстэрдам, Парыж, Гаагу»

На гэтым ідэі не сканваюцца. Напрыклад, у планах каманды — у будучыні зняць «travel movie» «ЧынЧыны на колах».

«Поглядам чыноўнікаў паглядзець на Еўропу, наведаць Амстэрдам, Парыж, Гаагу. Таксама ёсць ідэя зняць кароткі серыял «Мінскія сёрферы» — ідэальны, створаны сусвет, у які ўрываецца жорсткая рэчаіснасць. А яшчэ ў нас назапашваюцца музычныя ідэі, якія ў стане ўвасобіць зоркі канала — спявак Аляксандрый, культуролаг Клаўдзія Ксанна Гексавіт і, безумоўна, Алена ЖалудOk».

Акцёры і рэжысёр каманды за два гады перажылі вельмі шмат — якім чынам гэта паўплывала на іх і іх персанажаў? 

«Былі моманты, асабліва адразу пасля пачатку вайны, калі падавалася, быццам, час настаў такі, што не пажартуеш. Але ж канал і з’явіўся ў час, не вельмі прыдатны для жартаў. Як і тады, зараз мы адчулі, што гумар, высмейванне абсурду і бязглуздзіцы надае сілы», — дзеляцца ўдзельнікі каманды. — Плюс прапаганда робіцца ўсе абсурней. Таму патрэба ў тым, каб яе выкрыць, становіцца яшчэ больш неабходнай.

Смех пазбаўляе людзей страху перад сістэмай, дапамагае ставіцца крытычна да афіцыйных СМІ, шукаць розныя меркаванні і думкі. Мы лічым, што гумар дае нават больш, чым спрэчкі, дыскусіі і семінары. Ëн прыносіць пазітыўны калектыўны вопыт. А гэта зараз нам вельмі неабходна».

Чытайце таксама:

Страшны сон работнікаў культуры — змены ў Кодэксе аб культуры, падпісаныя Лукашэнкам

«Калі я нешта і зразумеў за пяць гадоў у шлюбе… Карацей, мы пастаянна працуем нада мной». Пяць годных стэндапераў, якіх вы, магчыма, не ведаеце

Літоўскі рэжысёр паставіў з рэпрэсаванымі гарадзенцамі спектаклі пра Курапаты і Марыупаль і зняўся ў серыяле пра Акрэсціна — пагутарылі з ім

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
даведка/адказаць/
15.08.2022
Они явно что-то знали или накаркали, а именно, что новым министром культуры будет человек са Шчучышчыны.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера