Знайсці
15.08.2022 / 12:073РусŁacБел

Чаму некаторыя людзі пазбягаюць блізкіх адносін і баяцца тактыльных кантактаў?

Такая псіхалагічная праблема называецца контрзалежнасцю. Яна звязана з парушэннем, якое заключаецца ў адмове ад прыхільнасці і прыгнечанні пачуцця патрэбы ў іншым чалавеку. Псіхатэрапеўтка Наталля Скібская тлумачыць, чаму людзі баяцца блізкасці, як зразумець, што ты контрзалежны, і ці бывае ўвогуле ў такіх людзей сэкс.

«Калі нехта даў у пясочніцы па галаве лапаткай, то пасля ты будзеш ставіцца да яго насцярожана»

Контрзалежнасць пачынае фармавацца яшчэ ў дзяцінстве. Як правіла, менавіта тады «маленькі чалавек» атрымлівае негатыўны досвед адносін ад сваіх бацькоў. 

«Мы сацыяльныя жывёлы і нам усім патрэбны іншыя людзі. Чалавек вырастае не за некалькі месяцаў. Каб ён стаў самастойным, патрабуецца шмат часу. Каб выхаваць дзіця, трэба ўзаемадзеянне многіх асобаў: не толькі таты і маці, але і іншых родзічай, якія могуць даць досвед гэтаму маленькаму чалавеку», — кажа Наталля. 

Першы досвед адносін — часцей за ўсё, гэта маці, якая клапоціцца — вельмі моцна ўплывае на стаўленне да свету. Але і стасункі з сябрамі ў дзяцінстве накладаюць свой адбітак.

«Калі нехта даў у пясочніцы па галаве лапаткай, то пасля ты будзеш ставіцца да яго цi чымсцi падобным людзям насцярожана ці проста напружана да любой іншай новай асобы, якая з’яўляецца ў тваім асяроддзі», — тлумачыць псіхатэрапеўтка.

У залежнасці ад таго, які досвед мы маем, мы будуем свае адносіны з іншымі людзьмі ў дарослым жыцці. 

Калі мы кажам пра гетэрасэксуальныя адносіны, то моцна ўплывае, якія адносіны ў дзяўчынкі былі з татам ці ў хлопчыка з матуляй. 

«Калі, напрыклад, тата да дзяўчынкі быў халодны, не цікавіўся яе жыццём, то яна ў дарослым жыцці можа цягнуцца да такіх мужчын, шукаць такіх жа падсвядома. Проста таму, што ў яе ёсць досвед зносін з такім тыпам чалавека. 

Калі досвед з бацькамі быў траўматычны, то чалавек у дарослым узросце можа пазбягаць адносін як сяброўскіх, так і рамантычных, сэксуальных. У блізкіх адносінах нас могуць вельмі балюча закрануць, параніць, бо іншы чалавек мае доступ да нашага цела i нашай душы. Адлегласць маленькая, на ёй вельмі небяспечна.

Для контрзалежнага блiзкасць значыць боль, сама блiзкасць i ёсць траўма. Самае лепшае ў такім выпадку трымацца на вялікай дыстанцыі ці ўвогуле не мець ніякіх блізкіх зносін», — расказвае яна. 

Наталля параўноўвае гэта з хаджэннем па балоце ці па ўстойлівай глебе.

«У другім варыянце чалавек ведае, што сюды можна наступіць і не трэба саскокваць у іншае месца ці шукаць, на каго можна абаперціся», — кажа яна.

Такое парушэнне прыхільнасці, пры якім чалавек баіцца блізкасці, але пры гэтым мае патрэбу ў прысутнасці іншага, называецца контрзалежнасць.

Яна будуецца ў адносінах з ненадзейнымі i непрадказальнымi бацькамі. Калі дзіця не было ўпэўнена, напрыклад, у тым, што яны не будуць яго крыўдзіць, біць, абражаць. Цi бацькi вельмi па-розныму паводзiлi сябе у такiх самых абставiнах. У такога чалавека контрзалежнасць будзе ў якасці прыярытэтнага тыпу наладжвання зносін.

«Псіхатэрапеўт быццам бы дабудоўвае вам досвед добрых адносін падчас сесій» 

Далёка не ўсе людзі, якія ўстрымліваюцца ад зносін, маюць контрзалежнасць. Чалавек можа быць проста траўмаваны пэўнымі зносінаміi. 

«З бацькамі, напрыклад, усё было цудоўна, а ў дарослым жыцці чалавек меў досвед з аб'юзерам. Канешне, у аснове заўсёды будзе страх быць слабым, уразлiвым, стаць ахвярай. Менавіта ён утрымлівае чалавека ад таго, каб заходзіць у блізкія зносіны. 

Вельмі лёгка можна зблытаць контрзалежнасць і проста траўму ад аб'юзіўных адносін. Па прыкладзе стакгольмскага сіндрому, калі той, хто да цябе дрэнна ставіцца, з’яўляецца асобай, ад якога ты татальна залежыш. Калі цела сігналізуе, што трэба бегчы, спрацоўвае досвед, што ад яго залежыць тваё жыццё (як з бацькамі)», — тлумачыць Наталля.

Асноўная прыкмета наяўнасці контрзалежнасці — гэта калі табе нехта падабаецца, адчуваеш цягу да гэтай асобы, але пужаешся і пачынаеш неўсвядомлена нешта рабіць, каб дыстанцыявацца ад яе. 

«Трэба шчыра адказаць сабе на пытанне, падабаецца вам нейкі чалавек ці не, — кажа псіхатэрапеўтка. — Тут яшчэ можа быць такое, што мне хтосьці падабаецца, але я гэта не заўважаю. Важны сігнал цела. Першыя крокі ў адносінах — гэта калі наша біялогія кажа, падыходзіць чалавек вам ці не. Калі такія сігналы ёсць (напрыклад, матылі лётаюць у жываце, усміхаешся, калі яго бачыш), то контрзалежныя людзі пачынаюць рабіць усё, каб не спадабацца гэтаму чалавеку.

Дарэчы, такія людзі звычайна вельмi саматойныя i паспяховыя ў іншых галінах жыцця. Напрыклад, у кар’еры». 

Гэта тып псіхалагічных праблем лякуецца ў тэрапіі са спецыялістам. 

«Псіхатэрапеўт быццам бы дабудоўвае вам досвед добрых адносін падчас сесій. Бывае, што некаторым людзям шанцуе, калі знаходзіцца чалавек, у якога ён закахаецца і зможа разам з партнёрам гэтыя бар’еры прайсці, але так бывае далёка незаўсёды. Скажам шчыра, што звычайна атрымліваецца адваротны варыянт. У такім выпадку контрзалежны чалавек атрымлівае досвед, што залежнасць і прыхільнасць — гэта дрэнна. Такі падыход для будавання зносінаў замацоўваецца.

Іншы момант — сэксуальнае развіццё. Цяжка зразумець, што гэта канкретна: я мазахіст і задавальненне магу атрымаць толькі ў такіх адносінах ці я проста контрзалежны чалавек, які атрымаў пэўны негатыўны досвед. І гэта трэба высвятляць у кабінеце псіхолага», — тлумачыць Скібская.

«Контрзалежнаму важна дазволіць трывожыцца побач з сабой, але не павялічваць гэту трывогу» 

Людзям, якія знаходзіцца побач з контрзалежным, трэба стаць для яго надзейнай асобай. Даць прыклад адносін, у якіх можа быць добра i бяспечна. 

«Калі пачынаюцца нейкія сваркі паміж вамі, тут варта быць устойлівым і не крыўдзіцца на контрзалежнага. Прайсці разам складанасці. Але гэта праблематычна, бо контрзалежны нават і не скажа, на што ён пакрыдзіўся, будзе хадзіць і гучна маўчаць. 

У гэтай сітуацыі трэба быць уважлівым. Хай нешта сябар ці партнёр недагаворвае, але не крыўдзіцеся ў адказ. Крыўда будзе ўспрымацца контрзалежным, як доказ, што вы нешта дрэннае зробіце ў адносінах да яго. І самае галоўнае — будзьце прадказальнымі. Калі паабяцалі прыехаць, то прыедзьце. Сказалі, што пабачыцеся, то трымайце сваё слова», — раіць Наталля. 

Чалавек, з якім у контзалежнай асобы ўсталёўваюцца адносіны, не можа дапамагчы знізіць трывогу, а наадварот: у яго прыстунасці яна павялічваецца. Таму тут важна паказаць партнёру ці сябру, што ён можа побач з вамі трывожыцца, але вы не будзеце павялічваць гэтую трывогу. 

Таксама ў некаторых контразалежных асоб ёсць страх тактыльных кантактаў. Ён бывае для іх невыносным. 

«У іх самы лепшы кантакт з самім сабой. 

Уявім жывёлу, у якой ёсць шчупальцы і якой трэба іх выпрастаць, каб кантактаваць. Дык вось контрзалежны не можа іх выпрастаць. Ён будзе рабіць усё, але прасіць не датыкацца да яго ні словам, ні позіркам», — кажа псіхатэрапеўтка. 

Контрзалежны чалавек цалкам абапіраецца толькі на сябе. Ён навучыўся так жыць. 

«Контрзалежнага мы вучым, што можна абапірацца калі-некалі на іншых людзей. 

Уявіце, што два чалавекі ідуць па хісткім мастку праз рэчку. Контрзалежны скажа, што ён лепш пойдзе сам, чым паверыць іншаму чалавеку, які зможа яго трымаць. Будзе думаць, што калі ён упадзе, то другі чалавек, якому паверыў, кіне яго і не дапаможа», — расказвае Наталля.

Што варта рабіць бацькам, каб не сфармаваць у дзіця контрзалежнасць?

«Не хлусіць, а казаць праўду, — раіць псіхатэрапеўтка. — Калі вы вінаваты, не казаць на дзіця, што ён дурны і не так нешта зразумеў. Паабяцалі ўвечары прывезці марозіва, то так і трэба зрабіць. А калі вы не паспелі ў краму, папрасіць прабачэння, растлумачыць, чаму так адбылося. 

Да дзяцей ўвогуле трэба ставіцца як да самых дарагіх гасцей, якія прыйшлі атрымаць досвед і пайсці далей жыць сваім жыццём».

Запушчаная контрзалежнасць можа прывесці да асацыялізацыі. 

«Трэба разумець, што контрзалежнасць — гэта таксама спосаб адаптацый. Менавіта такім чынам чалавек сябе ратуе ад болю, крыўды, разбурэння. І без адносінаў таксама можна жыць. Хтосьці будзе практыкаваць разавы сэкс, гэта таксама выйсце. 

У выніку з-за таго, што ў чалавека няма гэтага трывалага досведу сацыяльных адносін менавіта ў блізкім асяроддзі, ён дзічэе.

Самае небяспечнае тут, што ў такога чалавека няма таго, аб кім клапаціцца, і таго, хто пра яго паклапоціцца. Контрзалежны нават ужо не ўмее гэтага рабіць, развучыўся цi не навучыўся.

Калі чалавек будзе ў дрэнным псіхалагічным стане, гэтага ніхто не заўважыць, не будзе каму. Акрамя таго, з-за страху залежаць ад iншых контрзалежны чаловек будзе ўсiмi мачымымi спосабамi пазбягаць звяртацца па дапамогу, нават не толькi сваечасова, але калi ўжо даўно варта, i з-за гэтага трапляць у вельмi дрэнныя, нават небяспечныя сiтуацыi. Таму мая парада такому чалавеку — пайсці да спецыяліста», — падсумоўвае Наталля.

Чытайце таксама: 

Нарколаг — пра бяспечныя дозы выпіўкі, самы шкодны від алкаголю і тое, калі варта звярнуцца па дапамогу

Ніякай бяссонніцы: прапануем метад, з якім вы можаце заснуць за хвіліну

5 прыкмет таго, што ў вас можа быць абязводжванне

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
15.08.2022
псіхатэрапэўт - гэта не прафесія, а псіхатерпія - не навука.

Контрзалежны чалавек цалкам абапіраецца толькі на сябе. Ён навучыўся так жыць.

і гэта самае лепшае, што можа быть з чалавекам. Заусёды ты можаш оазлічваць ТОЛЬКІ на сябе.

0
гердзень /адказаць/
16.08.2022
згодны. калі цябе пастаянна падводзіць, то разьлічваць трэба толькі на сябе
04.11.2022
Точно про меня
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера