Знайсці
14.08.2022 / 19:00 4

«Адольф» з «Першага аддзела»: як былы спецслужбіст кашмарыць «Беларусьфільм»

Зімой на нацыянальнай кінастудыі з’явіўся новы намеснік дырэктара. Намінальна адказны за ідэалогію і бяспеку, па факце — адказны за пошук і зачыстку «нелаяльных». «Яго называюць «Першы аддзел». Але ён адзін там, — расказваюць «Нашай Ніве». — Да яго прыліпла мянушка «Адольф». Бо разбурыў усё, што будавалася шмат гадоў. Кажуць, былы гэбіст».

З’явіўся «Адольф» на «Беларусьфільме» зімою 2022 года: у студзені ці ў лютым, але дакладна яшчэ да вайны. Некаторыя работнікі аж да вясны не ведалі пра яго існаванне — але заўважылі працэсы, якія пачаліся на кінастудыі.

Пачаліся праверкі, звальненні, з’явіліся спісы людзей, якім «Адольф» выпісаў забарону на супрацу з кінастудыяй.

«Адольфа» завуць Альберт Анатольевіч Сідаровіч. Яму 44 гады. Ён сапраўды выхадзец са спецслужбаў.

Па інфармацыі «Кіберпартызанаў», Альберт Сідаровіч працяглы час служыў у войску, пасля працаваў у КДБ. З 2017 года Сідаровіч працуе на розных пасадах у шэрагу зусім розных прадпрыемстваў: ад вытворчасці да кансалтынгу. Нават нейкі час працаваў у адной з мінскіх дзіцячых бальніц. 

Верагодней за ўсё, на мінулых працах Сідаровіч займаўся тым жа, чым і на кінастудыі. Быў пастаўлены «прыглядваць» за калектывам. 

Цяпер ён, закасаўшы рукавы, узяўся за працу на «Беларусьфільме».

Некаторых работнікаў Сідаровіч выклікаў да сябе «паглядзець у вочы» — пазнаёміцца, прасцей кажучы. Кажуць, што пры такім знаёмстве ідзе размова ні пра што. Падчас размовы Сідаровіч задае пытанні аб працы ацэньвае людзей: не дазваляе сабе хамства, але з лёгкай усмешкай пастаянна сапраўды глядзіць у вочы.

На жаль, размовамі і заглядваннем у вочы праца «Адольфа» не абмяжоўваецца.

Вясною былі складзеныя спісы «правільных» і «няправільных» акцёраў. У гэтых спісах — акцёры ўсіх тэатраў, расказваюць «Нашай Ніве», некаторымі людзьмі з іх цікавіліся. 

«Акцёраў не затрымлівалі, але на некаторых паставілі крыж. Што вось гэтыя цяпер не могуць браць удзелу ў праектах кінастудыі, забароненае любое супрацоўніцтва з «Беларусьфільмам».

Раней забарона была толькі на «купалаўцаў». Цяпер манітораць абсалютна ўсіх акцёраў, пільнуюць іх сацыяльныя сеткі — глядзяць, што пішуць пра вайну. Выказванні ў падтрымку Украіны не факт, што прывядуць да затрымання, але дакладна паставяць крыж на магчымасці здымацца на «Беларусьфільме», — расказваюць суразмоўцы «Нашай Нівы». —

Пазвальнялі нават людзей, якія працавалі на «Беларусьфільме» па 20 гадоў. Проста за выказванне меркавання ці ўдзел у пратэстах. Пазвальнялі прадзюсераў, людзей, якія займаліся пераводам са стужкі на «лічбу», спецыялістаў па гуку…» 

Праверка працягваецца ўвесь час: ці выходзіў чалавек на пратэсты ў 2020 годзе, ці падтрымлівае ён Украіну.

Калі хоць недзе нешта ў сетках адшукаецца, пачынаюцца праблемы.

Па словах суразмоўцаў, адна работніца кінастудыі такім чынам трапіла на 30 сутак — нібыта за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Спачатку жанчыне далі 15 сутак, пасля накінулі яшчэ столькі ж. Пасля выхаду яна з’ехала з Беларусі.

«Наша Ніва» звязалася з гэтай жанчынай, але тая адмовілася ад любых каментароў наконт «Беларусьфільма», адказала толькі, што ў іншую краіну «з’ехала працаваць».

«Цяпер ходзяць чуткі, што ў краіну не можа вярнуцца адна з прадзюсерак кінастудыі. Нібыта пагражае крыміналка за карупцыю. Дакладнай інфармацыі няма, але ходзяць чуткі, што, калі вернецца, то сядзе на 15 гадоў. Бо «яе вельмі чакае Альберт», — расказваюць «Нашай Ніве».

Калі чалавек уладкоўваецца на працу ў кінастудыю, Сідаровіч таксама правярае кандыдатуру патэнцыйнага работніка. 

Тое самае, калі збіраюць творчую групу на здымкі фільма. Усе кандыдатуры — ад прыбіральшчыцы ці рабочага да аператара — мусяць быць зацверджаныя «Адольфам». Дырэктар здымачнай групы піша заяву на імя Сідаровіча, пасля атрымлівае адказ: каго можна браць, каго нельга.

Як Альберт Сідаровіч вырашае, хто лічыцца лаяльным, а хто не, дакладна невядома. Па чутках, ён звязваецца з Міністэрствам культуры, дзе яму падказваюць.

«Цяпер па кінастудыі ходзіш з пачуццём, што на табе чырвоная кропка. Абстрагавацца немагчыма, працаваць таксама. Разумееш, што сцены маюць вушы. Казаць нельга нічога: слова «вайна» пад забаронай. Выказваць сваё меркаванне таксама небяспечна, бо ёсць «Адольф», які кантралюе ўсё. І ёсць людзі, якія яму перададуць твае словы. Іх не шмат, але яны ёсць, — расказваюць «Нашай Ніве». — 

Па адчуваннях, большасць работнікаў «Беларусьфільма» не падтрымлівае тое, што сёння адбываецца. Але людзі проста сталі маўчаць». 

«Кантралёры» за лаяльнасцю цяпер ёсць на многіх прадпрыемствах. «Намеснік гендырэктара па бяспецы і кадрах» — звычайна так гучыць гэта пасада. На «Гродна Азоце» яе займае Алег Жывушка, які раней працаваў у КДБ. Ён быў датычны да складання спісаў на звальненне з тых, хто ўваходзіў у незалежны прафсаюз.

На БМЗ пастаўлены Аляксандр Янгуразаў — былы начальнік жлобінскага КДБ, на МАЗ — палкоўнік КДБ Сяргей Дзёмін.

Аналагічная пасада з’явілася пасля выбараў ва ўніверсітэтах — прарэктар па бяспецы і кадрах. У БДУ за гэта адказны Яраслаў Чаркаскі, у БНТУ — Уладзімір Захарэвіч, у БДУІРы — Ігар Азараў. Іх задачы — сачыць, каб сярод студэнтаў і выкладчыкаў не было пратэсных настрояў, а заўважаных у такім — адлічаць ці звальняць.

Што ж здымае тым часам Беларусьфільм? Напрыклад, антыпольскі мастацкі фільм «Мы адзіныя» (апісваюць, што дзеянні ў ім будуць праходзіць у 1925 годзе, у часы польскай акупацыі). У планах таксама сумеснае кіно з Узбекістанам — «Казбек», пра героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева. «Ваенны экшн» — як яго гучна прэзентуюць. Кінастудыя стала цяпер і арганізатарам фестываля «Лістапад», які раней праводзіла арганізацыя «Арт Карпарэйшн». 

А стужка «Купала» так і не дайшла да кінатэатраў. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Бор / адказаць
15.08.2022
Лукашизм построен на отсутствии самоуважения у людей, когда банальной угрозой увольнения сотрудник превращается в холопа начальника. Что ж, тогда терпите каждого сельского гопника, которого председатель колхоза назначил вас унижать.
0
даведка / адказаць
15.08.2022
"Партизанфильм" получил особиста из КГБ.
0
007 / адказаць
15.08.2022
Обычно, через контакты таких "бывших" и добывают стратегическую инфу.))))
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
верасень кастрычнік лістапад
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31