Знайсці
10.08.2022 / 16:441РусŁacБел

Памятаеце мінчука, які ў 2017-м выратаваў на Дзень Волі бел-чырвона-белы сцяг з-пад ног амапаўцаў? Зараз ён праходзіць па крыміналцы

«Я не мог трываць, што наш сцяг топчуць быкі ў міліцэйскай форме», — казаў Андрэй Асмалоўскі ў інтэрв’ю СМІ ў 2017 годзе. Падчас акцыі на Дзень Волі, калі пачаўся разгон і затрыманні, бел-чырвона-белы сцяг быў адкінуты на асфальт і апынуўся побач з аўтазакам, пад нагамі амапаўцаў. Тады Андрэй падняў яго, узняў угару і крыкнуў «Уздымаем сцяг назад!» За гэта мужчыну адразу затрымалі. Праўда, у той жа вечар ён быў адпушчаны дадому нават без пратакола.

29 ліпеня гэтага года Андрэя затрымалі падчас «хапуну» членаў АГП. Вось што вядома пра яго лёс на гэты момант.

Андрусь Асмалоўскі, фота з сацсетак.

Гісторыя са спробай выратаваць сцяг стала медыйнай. Учынак тады называлі геройскім, слоган Андруся нават стаў плакатам.

«Натхніў мяне свабодны дух, і вось такі экспромт здарыўся. Проста абурыла, што наш родны сцяг топчуць амапаўцы. Я разумеў, што мяне схопяць, але ў той час пра гэта не думаў. Тым больш, што загадзя падрыхтаваўся да затрымання: скончыў свае прыватныя справы, дзелавыя пытанні, перадаў пэўныя працоўныя паўнамоцтвы…

Як гэта было. Скрыншоты з відэа, дзе Андрэй падымае сцяг.

Калі шчыра, то ў мяне была такая ідэя: хоць бы неяк паўплываць на астатніх уласным прыкладам. Таму паспрабаваў падняць сцяг як мага вышэй. На здзіўленне, страшна не было. Мой сябар, з якім я быў, неяк здолеў адбіцца і ўцячы, хоць і яго спрабавалі затрымаць. А я ўжо проста падумаў: паміраць — дык з песняй», — тлумачыў ён свае паводзіны журналістам.

Плакат, прысвечаны акту ратавання сцяга, здзейсненага Андрусём.

Але гэта не адзіная палітычная актыўнасць мужчыны: ён і раней наведваў акцыі пратэсту ў Мінску, быў заўсёднікам дзён Волі. У 2004-м яго разам з іншымі шматлікімі актывістамі затрымалі пасля акцый, прымеркаваных да 10-годдзя прэзідэнцтва Лукашэнкі. Тады Андрусь «абышоўся» штрафам у 30 базавых.

Андрэй мае двух сыноў, па адукацыі — інжынер-будаўнік. Працаваў па спецыяльнасці, займаючыся архітэктурным праектаваннем як індывідуальны прадпрымальнік.

У 2019 годзе Асмалоўскі вылучаўся ад АГП у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання — ад Коласаўскай акругі №106, афіцыйна прайграўшы першаму прарэктару БДУІР Сяргею Дзіку. 

Цяпер ён трапіў пад зачыстку чальцоў АГП: напярэдадні прыйшлі па лідара АГП Мікалая Казлова, старшыню Мінскай гарадской арганізацыі Аксану Аляксееву і яшчэ адну ўдзельніцу партыі — Антаніну Кавалёву. У гэты ж момант не выйшаў з сутак, прысуджаных раней, сябра АГП Артур Смалякоў.

Да Андруся Асмалоўскага сілавікі завіталі 29 ліпеня. Як нам пацвердзілі сябры сям'і, затрымалі і яго грамадзянскую жонку Дзіяну Чарнушыну (таксама сяброўку АГП). Як на Андруся, так і на іншых чальцоў партыі завялі крымінальную справу па «народным» 342-м артыкуле (актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). 

Андрусь і Дзіяна. Фота: сацсеткі.

На сёння агулам у турмах, калоніях і следчых ізалятарах знаходзяцца 13 сяброў Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Чытайце таксама:

«Калі на кепскае паўплываць не можам, то добрае — наша зона адказнасці». Беларусы знутры краіны пра тое, як не ператварыцца ў рабоў

«Зараз мы цябе ў аўтазак да тлустых закінем». Як склалася гісторыя маладзёнаў са страшнага фота, якое абляцела ўсю краіну

Хто такі Валерый Сахашчык, які ўзначаліў сілавы блок у кабінеце Ціханоўскай

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
7
Абуральна
34
1
Lićvin/адказаць/
10.08.2022
Сапраўдны ўчынак і прыклад да тэатралаў што трэба рабіць а не не рабіць псеўдапалітычную дзейнасьць. А аматарам грантаў і іншых тэатральных пастановак, не забывайце сплачваць падаткі тым хто насамрэч мае рэпрэсіі ад акупацыйнага рэжыма.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930