Знайсці
09.08.2022 / 18:11РусŁacБел

Змяніўся топ рэкламадаўцаў і стала больш расіян. Што адбываецца на рынку медыйнай рэкламы ў Беларусі

На беларускім рынку медыйнай рэкламы ў перыяд з вясны па ліпень гэтага года адбыліся прыкметныя для галіны змены. Павольна, але паступова аднаўляецца сегмент пасля вясновай паўзы, звязанай з пачаткам вайны ва Украіне. Пры гэтым практычна цалкам змяніўся топ рэкламадаўцаў на беларускім ТБ. Да таго ж у агенцтвы Беларусі сталі звяртацца прадстаўнікі расійскіх кампаній, піша выданне marketing.by.

Супрацоўнікі рэкламных агенцтваў Mediahouse і Primary JWT Дзмітрый Зыба і Руслан Прачакоў у размове з выданнем адзначылі, што шэраг брэндаў, якія працуюць у Беларусі, прынялі рашэнне, ці прынамсі рыхтуюцца яго прыняць, аб «размарозцы» маркетынгавай актыўнасці. Бо яны, маўляў, усведамляюць, што такая сацыяльна-эканамічная сітуацыя, як цяпер, — гэта надоўга, з гэтым прыйдзецца жыць. У яе трэба ўбудоўвацца і працягваць працаваць.

Адпаведна, пачаў расці попыт на рэкламу. У гэтым летнім сезоне адзначыліся буйныя піваварныя кампаніі, вытворцы вады, марожанага, соусаў, снэкаў, мабільныя аператары.

Таксама павялічылася колькасць зваротаў ад расійскіх кампаній, што звязана з новымі бізнэс-рэаліямі, калі расіяне, пазбаўленыя магчымасці працаваць шмат дзе ў свеце, мусяць звяртаць увагу на раней ім менш цікавыя рынкі «дружалюбных краін». Прычым, звяртаюцца бізнэсы з розных катэгорый. «Хваля запытаў ад расійскіх кампаній — гэта, падобна, новы трэнд, які фармуецца на будучыню», — адзначыў Дзмітрый Зыба.

За апошнія тры месяцы істотна змяніўся склад топу рэкламадаўцаў на тэлебачанні, якое працягвае быць запатрабаваным каналам для прасоўвання мас-маркета, рытэйла і пэўных катэгорый тавараў. Пры гэтым цяперашні топ рэкламадаўцаў — беларускія кампаніі: мабільныя аператары, рытэйл, вытворцы мяса-малочнай галіны, а таксама фарма. Яны мяняюць ранейшых лідараў — Nestle, Jacobs, P&G, Henkel, Coca-Cola, L'oreal.

Дзмітрый Зыба лічыць, што зніжэнне колькасці міжнародных гульцоў на ТБ — гэта добрая магчымасць атрымаць больш эфектыўнае і больш бюджэтнае ТБ-размяшчэнне для беларускіх кампаній: «Цяпер выкупіў, умоўна, 500-600 GRP у месяц — і гэтага хапае, каб у брэнда быў выбудаваны максімальны ахоп у ТБ, і каштуе гэта танней, чым год—два таму».

Праўда, пасля некалькіх хваляў рэлакацыі на рынку з'явілася праблема з адукаванымі брэнд-менеджарамі як у рэкламнай, так і ў маркетынгавай сферы.

Хоць гэта ў пэўнай ступені і не толькі беларуская тэндэнцыя, бо свежае даследаванне Федэрацыі рэкламадаўцаў і кампаніі MediaSense паказала: амаль палова (48%) усіх рэкламадаўцаў, агенцтваў, кампаній, якія займаюцца рэкламнымі тэхналогіямі, і ўладальнікаў СМІ лічаць, што рэкламная індустрыя цяпер перажывае «найгоршы за ўсю гісторыю крызіс». У гэтым даследаванні прынялі ўдзел больш за 400 рэспандэнтаў — найбуйнейшых сусветных рэкламадаўцаў, агенцтваў, медыяплатформаў і тэхналагічных кампаній.

Сярод прычын кадравых праблем у рэкламным бізнэсе на сусветным узроўні называюць выгаранне і «крадзеж кадраў» з боку IT-сферы, дзе больш высокія зарплаты і больш гнуткія графікі. А ў Беларусі да гэтага дадаецца ўзровень адукацыі, што не паспявае за сучаснымі рэаліямі, плюс некалькі хваляў рэлакацыі спецыялістаў.

«Замест профі прыходзяць маладыя хлопцы, учарашнія выпускнікі ВНУ, якія далёкія ад рэалій функцыянавання рынку і з-за гэтага даводзіцца ўвесь час падцягваць экспертызу як сярод маладых супрацоўнікаў агенцтва, так і сярод брэнд-менеджараў з кліенцкага пула — а гэты час і рэсурсы, якія можна было выдаткаваць на развіццё новага інструментарыю і пашырэнне прадуктовага партфеля агенцтва», — адзначае Дзмітрый Зыба.

Гульцы медыйнай рэкламы выказваюць асцярогі, што ў сувязі з санкцыйнымі абмежаваннямі ўскладніцца або цалкам страціцца доступ да сусветных тэхналагічных платформаў, сэрвісаў, каналаў прасоўвання: 

«Вось прыклад: апошнія гады шмат гаворыцца пра лічбавізацыю вонкавай рэкламы. Пра гэта ішлі размовы і на нашым рынку, былі бачныя пэўныя перспектывы развіцця. Ужо ў Мінску з'яўляліся лічбавыя панэлі. Але за прыгажосцю слоў аператараў агенцтвам і кліентам патрэбныя лічбы. Звесткі планавалася атрымліваць з дапамогай тэхналагічных сэрвісаў (напрыклад, Google), але цяпер сусветны гігант наўрад ці дасць праграмнае забеспячэнне пад такія праекты на Беларусь», — адзначае Руслан Прачакоў.

«Санкцыйныя блакады на нашым рынку, мы вельмі спадзяваемся, будуць менш вострыя і прынцыповыя, як гэта назіраецца на рынку РФ. Тым не менш, любое абмежаванне — вялікая перашкода і рызыка апусціць рукі. А гэта можа ў прынцыпе затармазіць рэкламны рынак у яго развіцці. Хоць, вядома, гульцы будуць шукаць альтэрнатывы. Замест Google — той жа «Яндэкс» або іншыя, замест WeTransfer нешта іншае і гэтак далей», — гаворыць Прочакоў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера