Знайсці
10.08.2022 / 19:383РусŁacБел

«Асноўныя дасягненні першага года пяцігодкі». Прачыталі метадычку ідэолагаў для «дзён інфармавання» — поўна смешнай хлусні

Ідэолагі рэгулярна праводзяць так званыя «адзіныя дні інфармавання». Савецкі рудымент ажыццяўляецца пры дапамозе спецыяльных метадычак, у якіх апісваецца, як добра жывецца ў Беларусі. У адной з апошніх сабраныя звесткі, каб пераканаць людзей на месцах, што Беларусь — паспяховая і заможная краіна. Што ж, праверылі лічбы. 

На кожны месяц у метадычцы абіраецца прыярытэтная тэма. У жніўні, напрыклад, гэта даступнае жыллё. У папярэднія месяцы расказвалі пра моладзь, за якой будучыня, культурную і прыродную спадчыну, якія важныя для прыцягнення турыстаў, генацыд беларускага народа і «асноўныя эканамічныя дасягненні першага года пяцігодкі ў кантэксце рашэнняў VI Усебеларускага народнага сходу».

«Нягледзячы ні на што, беларуская эканоміка выстаяла. Шмат у чым дзякуючы інструментам эканамічнай палітыкі, якія эфектыўна выкарыстоўваюцца кіраўніцтвам краіны, беларусы не адчулі на сабе узрушэнняў», — такі пасыл павінны былі даводзіць на месцах у красавіку.

«У авіяцыйнай галіне сфарміраваная праграма палётаў на 2022 год, якая адпавядае рэальнаму попыту. Карта палётаў па стане на сакавік уключае ў сябе 8 дзяржаў і 14 аэрапортаў», — пішуць у метадычцы.

Хаця правільней было б указаць прычынай не рэальны попыт (беларусы з задавальненнем лёталі б у Еўропу), а бан, пад які трапіла «Белавія» пасля прымусовай пасадкі Ryanair у Мінску.

Адна з метадычак называецца «Ключавыя дасягненні Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе: лічбы і факты». 

«Ужо больш за тры дзесяцігоддзі Рэспубліка Беларусь з'яўляецца дзяржавай, у аснове палітыкі якой — дабрабыт чалавека і годныя ўмовы яго жыцця. У Беларусі прыкладаецца максімум намаганняў для таго, каб краіна квітнела, каб людзі жылі мірна, хадзілі на працу, гадавалі дзяцей», — пачынаецца дакумент. 

Далей прыводзяцца лічбы, выключна ў выгадным для лукашэнкаўцаў ракурсе. 

Дакумент багаты на спасылкі на разнастайныя рэйтынгі, якія фарміруюцца на аснове афіцыйных даных дзяржаўных органаў (кшталту «Рэйтынгу краін шчаслівага дзяцінства»), таму наколькі яны адлюстроўваюць рэальнасць — пытанне. 

Паведамляецца, што Беларусь знаходзіцца ў катэгорыі краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця (53-е месца ў Індэксе чалавечага развіцця за 2020 годзе). І гэта сапраўды так.

Але калі параўноўваць са справаздачай за 2014 год, то Беларусь у рэйтынгу апусцілася на 4 месцы ўніз. Акрамя таго, з усіх суседзяў Беларусі горшыя пазіцыі ў гэтым рэйтынгу толькі ва Украіны. Нас апярэджваюць не толькі Літва і Польшча (34-я і 35-я), але і Расія (52-я). 

Далей паведамляецца, што ВУП на душу насельніцтва па парытэце купчай здольнасці вырас з 2015 года на 20,5% і дасягнуў 21,8 тысячы даляраў ЗША ў 2021 годзе. 

Але тут адразу некалькі нюансаў. Першы: ВУП на душу насельніцтва па парытэце купчай здольнасці рос у Беларусі нашмат павольней, чым у «бедных» палякаў і літоўцаў, якія, па версіі лукашэнкаўскай прапаганды, развалілі сваю прамысловасць і сельскую гаспадарку. Адставанне ад суседзяў каласальнае. Паводле гэтага індыкатара, Беларусь бяднейшая за Літву ўжо ў 2 разы. Хоць з Савецкага Саюза нашыя краіны выходзілі на адным узроўні развіцця. 

Другі момант — ідэолагі параўноўваюць 2015 і 2021 год, не ўлічваючы, што з-за інфляцыі купчая здольнасць даляра, як і любой іншай валюты, за гэтыя гады падала. Таму для параўнання рэальнага росту эканомікі, без уліку інфляцыі, карэктней выкарыстоўваць так званы «пастаянны даляр» — адкарэктаваны кошт валюты для параўнання даляравых значэнняў за розныя перыяды.

І тут мы пабачым, што з 2014 года беларускі ВУП у «далярах з улікам інфляцыі» практычна не вырас.

Восем гадоў без росту! Які яшчэ трэба доказ стагнацыі цяперашняй сацыяльна-эканамічнай і палітычнай мадэлі? 

Далей паведамляецца: «Прамысловы комплекс — аснова развіцця нацыянальнай эканомікі. Прамысловы комплекс фармуе амаль траціну створанага ВУП (27,1% у 2021 годзе)».

Сама па сабе доля прамысловасці ў эканоміцы не з’яўляецца ні дасягненнем, ні заганай. Ёсць развітыя краіны, дзе працэнт прамысловасці значна вышэйшы (напрыклад, Германія і Чэхія), а ёсць не менш развітыя краіны, дзе доля прамысловасці ў эканоміцы меншая (напрыклад, у Францыі ўсяго каля 19%). 

Далей прыводзяцца словы пра тое, што Беларусь — адзін з сусветных лідараў у вытворчасці калійных угнаенняў, самазвалаў і трактароў, а камбайн КЗС-1218 «Палессе GS12» «ведаюць ва ўсім свеце, ён запатрабаваны і ў лінейцы прадаванай тэхнікі займае важнае месца».

Фота: БелТА.

Але не паведамляецца, што «Гомсельмаш», які вырабляе гэты камбайн, амаль банкрут і мае даўгоў на 1,235 млрд рублёў.

«Нельга не адзначыць поспехі ваеннай прамысловасці, якія асабліва важныя ў цяперашніх няпростых умовах», — гаворыцца ў справаздачы.

Але што ж гэта за «цяперашнія няпростыя ўмовы», ідэолагі так у сваім дакуменце і не гавораць. Пра вайну ва Украіне і тое, што Беларусь усім светам успрымаецца як саўдзельнік агрэсіі, — ні слова. 

Далей гаворыцца пра паліўна-энергетычны сектар. Колькі было інвеставана грошай, колькі было пабудавана аб’ектаў, колькі газіфікавана пасёлкаў і гэтак далей.

І ні слова пра тое, што амаль на 100% Беларусь залежыць у пастаўках энергарэсурсаў ад адной краіны, якая да таго ж выкарыстоўвае гэтыя энергарэсурсы як геапалітычную зброю. 

У раздзеле «сельская гаспадарка» сцвярджаецца, што ў параўнанні з часамі СССР Беларусь стала вырабляць практычна ў два разы больш збожжа, у 1,8 — малака, 1,5 — мяса. Але гэтыя лічбы проста выдуманыя. 

У 1990 годзе ў Беларусі сабралі крыху больш за 7 мільёнаў тон збожжа. Праз 30 гадоў, у 2020 годзе — каля 8,8 млн тон, а ў 2021-м — каля 7,7 млн тон. Рост ёсць, але яўна не ў два разы. 

У 1990 годзе ў Беларусі вырабілі каля 7,5 млн тон малака, у 2020 годзе крыху больш — 7,8 млн тон. 

У 1990 годзе мяса 1181 тысяч тон, а ў 2020 годзе — 1285 тысяч тон. Ізноў рост, але не такі, як піша метадычка, а менш чым на 9% за цэлыя 30 гадоў. 

Адзначаецца, што «ў Беларусі паспяхова рэалізуецца курс на пабудову IT-краіны і пераход да лічбавай эканомікі». Але, калі гаворка ідзе пра электронныя дзяржаўныя паслугі, Беларусь тут моцна адстае не толькі ад Расіі і Украіны (дзе дзяржаўныя паслугі добра лічбавізаваныя), але і ад еўрапейскіх суседзяў. 

У дакуменце напісана, што ў краіне «робіцца стаўка на развіццё IT-індустрыі», але калі пад IT-індустрыяй разумеюцца аўсорс-кампаніі, што працуюць у ПВТ, то тут сітуацыя сумная. З Беларусі з’ехалі многія буйныя айці-кампаніі (яны перавезлі цэлыя офісы ў еўрапейскія краіны), некаторыя спынілі найманне новых супрацоўнікаў.

Рэпрэсіі 2020—2022 гадоў і вайна 2022 года сталі сапраўдным шокам для ІТ-індустрыі, беларускія кампаніі і супрацоўнікі аказаліся фактычна ізаляванымі на сусветным рынку. Каб працягнуць працу, многім беларускіх айцішнікам даводзіцца альбо шукаць новую працу, альбо рэлакавацца. Асабліва крыўдна ў гэтай сітуацыі, што краіну пакінулі кампаніі з беларускімі каранямі. 

Наступны блок метадычкі — адукацыя. «Беларусь першая краіна па ўзроўні IQ насельніцтва ў краінах Еўропы (паводле Ольстэрскага Інстытута сацыяльных даследаванняў Вялікабрытаніі)», — пішацца. 

Па-першае, узровень IQ насельніцтва — вельмі спрэчны індыкатар якасці адукацыі ў той ці іншай краіне. Як яго праверыш? Па-другое, публікацыя пра тое, што «Беларусь першая краіна па ўзроўні IQ насельніцтва ў краінах Еўропы» абапіраецца на працу даследчыкаў Рычарда Ліна і Дэвіда Бэкера, якія маюць скандальную рэпутацыю сярод даследчыкаў і працы якіх абвяргаюцца навуковай супольнасцю. 

«Прадметам асаблівага гонару Беларусі з'яўляецца сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якая, у адрозненне ад іншых краін постсавецкай прасторы, захаваная і паспяхова функцыянуе», — пішуць ідэолагі.

Але хто ім сказаў, што ў іншых краінах няма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі? Гэта хлусня. 

«У спісе найлепшых універсітэтаў Еўропы знаходзяцца 8 беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі. Самае высокае месца ў рэйтынгу — у БДУ (22-е)».

І зноў хлусня. У адным з рэйтынгаў QS World University Rankings БДУ і праўда заняў 22 месца. Але сярод «універсітэтаў Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі», а не сярод універсітэтаў усёй Еўропы. 

«Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры таксама мае сацыяльную накіраванасць; маецца шэраг прыкметных дасягненняў у яе рэалізацыі», — працягваюць ідэолагі. 

І першым з іх называецца «Славянскі базар», які, як сцвярджаецца, «аналагаў не мае». Чаму ён такі ўнікальны — не ўдакладняецца.

Метадычка — чарговы дакумент для стварэння паралельнай рэальнасці, камфортнай для ўладаў. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Галоўчанка: Эканоміка дэманструе «гістарычна высокія якасныя паказчыкі збалансаванасці»

Ідэалагічная метадычка пералічвае ІТ-кампаніі, якімі абавязкова ганарыцца. Але ёсць нюанс — усе яны ўцяклі з Беларусі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
14
Ха-ха
32
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
11
0
Напрягаемся и тужимся/адказаць/
10.08.2022
Тужимся и напрягаемся каждый день, каждый месяц, каждый год, 28 год подряд.
Напрягаться и тужится, в режиме узаконенного не до закона, будем до смерти того, кто ввёл этот режим.
 В методичках одно тужение и одна напрягаемость.
10.08.2022
Омерзительнейшее фото—престарелый жирный кал-хозник рядом с молодой девушкой. Понятно для чего. Когда все закончится,откроются отвратительные вещи.
3
антисвета/адказаць/
10.08.2022
прыгожымі маладымі дзяўчынамі абкласціся яму гэны "лорд чорнага піара" з Вялікабрытаніі параіў, як раней параіў сесці на байк для падняція т.ск. іміджу
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930