Знайсці
09.08.2022 / 20:09 1

«Калі на кепскае паўплываць не можам, то добрае — наша зона адказнасці». Беларусы знутры краіны пра тое, як не ператварыцца ў рабоў

«Мы павінны супраціўляцца даступнымі спосабамі» — які ён, магчымы супраціў у сённяшняй Беларусі з такім высокім узроўнем рэпрэсій і палітвязняў? Праект «1906» пагутарыў пра гэта з беларусамі, якія прынцыпова не з’язджаюць з радзімы, нягледзячы на суткі і рызыку чарговага затрымання. «Унутраная свабода — важнейшая за ўсё», «Гадаваць дзяцей беларусамі — ужо нямала»… Што яшчэ кажуць людзі?

Наталля Дуліна, экс-выкладчыца Лінгвістычнага: «Супраціўляцца любым абсурдным загадам, што спускаюцца зверху»

«У мяне адчуванне, што маё жыццё пакуль пастаўленае на паўзу. Я не магу сказаць, што мне стала жыць горш ці ўсё застаецца ранейшым. Пасля звальнення з Лінгвістычнага ўніверсітэта я ўсё адно працую як рэпетытар і выкладчыца італьянскай, толькі сама на сябе. Я адпачываю ў вольны час. Але над гэтым усім вісіць адчуванне нібыта мне не хапае паветра. Няма цячэння — як такі вадаём з вадой, што стаіць на месцы.

Што дакладна змянілася ў маім жыцці пасля 2020-га, дык гэта колькасць знаёмых, якая ў разы вырасла. Я стала камунікаваць з большым колам людзей — з тымі ж маімі сукамерніцамі, якія адкрылі для мяне новы свет (пры звычайных абставінах я б з імі ніколі не пазнаёмілася). У тых жа сацсетках у мяне з’явілася шмат новых фрэндаў — хай людзі там і незнаёмыя, але ад іх адчуваецца цеплыня. 

Моцныя беларусы, якіх не ламаюць абставіны, незнаёмцы, якія падыходзяць да мяне на вуліцы і жадаюць здароўя ці проста ўсяго добрага — гэта тое, што мяне падтрымлівае. Усё астатняе ў краіне не можа натхняць, бо кожны дзень кагосьці затрымліваюць, а ты нічога не можаш з гэтым зрабіць.

Я лічу, што камунікаваць, абменьвацца эмоцыямі, сустракацца — гэта тое, што беларусам трэба рабіць як мага часцей сёння. Калі ты адчуваеш, што побач з табой аднадумцы — гэта мае псіхатэрапеўтычны эфект.

Людзі разумеюць, што іх стаўленне ні да чаго не змянілася, застаецца надзея на тое, што справядлівасць возьме верх, таму што мы і выступілі ў 2020-м супраць несправядлівасці, выходзілі, каб нас пачулі. 

Я не хачу з’язджаць з Беларусі, хоць мяне просяць пра гэта сябры і блізкія (але я і не заракаюся ні ад чога). У гэтым годзе я адсядзела на сутках тры разы, амаль запар. Але што мне спадабалася:

калі я выходзіла з ізалятараў, я ўвесь гэты досвед адразу выкідвала з галавы, у мяне не было пасля ніякай параноі. Я разумею, што мяне ўсё гэтак жа могуць затрымаць у любы момант, але працягваю жыць дома. Я проста не думаю, што вось — за мной хутка прыйдуць.

У тым, што я раблю апошнім часам, няма ніякіх парушэнняў: у мяне дома няма сімволікі, я нічога не рэпошчу, нікога не зневажаю ў каментарах і гэтак далей. Чаму нехта іншы павінен вырашаць, з’язджаць мне ці не?

Вядома, нехта скажа: што за жыццё, калі ты не можаш нічога каментаваць-рэпосціць, перастрахоўваешся. Але мне лёгка з гэтым па адной простай прычыне. Не ведаю, ці гэта вынік маёй адаптацыі да сітуацыі ці нешта ўнутранае, мой характар.

Для мяне ўнутраная свабода — важнейшая за ўсё. А яна не залежыць ад таго, што мне не даюць выйсці маршам і паказаць уладам сваю нязгоду ў гэты момант.

Ілюстрацыйнае фота.

Унутраная свабода — гэта значыць не баяцца, пасябраваць са сваім страхам. Бо, калі мы баімся, мы можам пачаць рабіць не вельмі добрыя рэчы, можам зрабіцца рабамі. Умоўна кажучы, нават зараз я раблю выбар сама: я не захоўваю дома сімволіку і не рэпошчу нічога, каб не рабіць раскошны падарунак сілавікам, якім нават не прыдзецца напружвацца і нешта выдумляць, каб мяне чарговы раз затрымаць. Я раблю гэты выбар, бо разумею, што рэпосты б нічога не змянілі. Як і мой адзіночны пікет з плакатам, напрыклад. Але пры гэтым я пісала лісты наконт дрэннага ўтрымання палітзняволеных, пісала ў пракуратуру скаргу наконт дрэнных умоў утрымання на Акрэсціна. Я гэтым самым не парушаю закон, але паказваю, што мяне непакояць такія вось рэчы, я лічу іх несправядлівымі. У нас такая сітуацыя, што мы павінны выбіраць, што мы можам і ў якіх межах.

Калі атрымліваецца, што нас хочуць ператварыць у рабоў, мы павінны супраціўляцца даступнымі спосабамі. Супраціўляцца любым абсурдным загадам, што спускаюцца зверху: падпісцы на непатрэбныя газеты, класным гадзінам, дзе дзецям дураць мазгі, прапанове звольніцца нібыта «па згодзе бакоў».

Людзі могуць абурацца ў чаціках, паміж сабой, а выказацца адкрыта, напісаць ліст на імя дырэктара, міністра могуць далёка не ўсе.

Праяўляйце хаця б карпаратыўную салідарнасць! Чамусьці, калі саджаюць настаўнікаў, настаўнікі масава не заступаюцца. З дактарамі — тое самае. Мне скажуць: гэта ўсё роўна нічога не зменіць. Але няпраўда, зменіць: ты хаця б будзеш чалавекам звацца, табе будзе за што сябе паважаць. Ты зрабіў хоць нешта, ты выкінуў з сябе раба, ты вучышся не баяцца і адстойваеш свае правы.

Ну, і тыя, да каго ты звярнуўся, зразумеюць, што цішком ім нічога не сыдзе з рук, бо ёсць рэакцыя. Вось гэтага ўсяго нам ніхто забараніць не можа.

Пры маім знаходжанні ўнутры краіны мяне не кранаюць сваркі ў апазіцыі ў эміграцыі.

Па-першае, у выгнанні складана, тут прысутнічае чалавечы фактар. Па-другое, усё гэта не навінка. Я разумею, што і ў іншых краінах сыпецца пер’е там, дзе справа тычыцца дэмакратаў. На адрас Святланы Ціханоўскай ляціць шмат непрыгожага. І мне блізкая яе рэакцыя: яна не рэагуе на бруд, працягвае рабіць сваю справу. А калі няма магчымасці не рэагаваць, то запрашае на агульны збор, дыялог. Я лічу, што гэта правільна. І веру ў тое, што ўсё стане на свае месцы.

Наконт жа будучыні ўнутры краіны ў мяне шмат трывогі. Я з часам зразумела, што ўсё гэта няпроста і доўга.

Нават калі заўтра Лукашэнка сам скажа, што сыходзіць — праводзьце, маўляў, выбары свабодна, так проста і знянацку не стане добра, як бы мы таго хацелі.

Самая важная барацьба — з самім сабой, і мы павінны пачынаць з сябе зараз. Каб падрыхтаваць сябе да жыцця ў дэмакратычным грамадстве, не чакаючы, што вось заўтра зменіцца ўлада, і тады ўжо мы станем дэмакратычным грамадствам». 

Марго, мастачка: «Калі хочаш рабіць нешта добрае сёння — рабі ціха»

(імя змененае па просьбе гераіні)

Ілюстрацыйнае фота.

«9 жніўня для мяне — проста дата. Дзень выбараў, на якіх было шмат хлусні, гвалту, але далей жа таксама шмат чаго адбывалася. Тое ж 16 жніўня ў маім разуменні больш значнае: тады я пабачыла Беларусь, якой хацела б яе бачыць. Нібыта маленечкі кавалачак кіно — тызер таго, якой можа быць краіна. І я хачу аднойчы ўбачыць поўны метр.

На сёння большасць маіх калег з’ехалі. І ты такая назіраеш гэта і думаеш: «А, можа, я дурніца і сляпая, можа, яны ведаюць штосьці чаго не ведаю я?» Мне кажуць з эміграцыі: ты — моцны арэшак. Але гэта не так. Трывожна штораз, калі затрымліваюць кагосьці з прыблізна такім жа бэкграўндам.

Гэта выбівае з каляіны на працяглы час, моцна зніжае каэфіцыент карыснага дзеяння. Вельмі складана псіхалагічна, бо прыйсці па цябе могуць з любой нагоды. Проста, напрыклад, нейкай інфаспецназаўцы патрапішся на вочы, і яна напіша, што ты такая-сякая.

Я зараз не адчуваю сябе так утульна ў горадзе, як раней: нібыта ён акупаваны кімсьці. Нібыта я знаходжуся на варожай тэрыторыі і трэба заўсёды аглядацца.

Сваё жыццё сёння называю адкладзеным — думаю, так шмат у каго. Ëсць нейкія рэчы, праекты, якія хацелася б рабіць, але ты разумееш, што зараз не той час: усё можа быць знішчана за адзін дзень.

З іншага боку, я разумею: у сённяшняй сітуацыі ад мяне нічога не залежыць. Значыць, я працягваю жыць сваім жыццём, шпацыраваць, есці садавіну і гародніну, пакуль гэта даступна. Нельга жыць пакутамі: мы яшчэ не ў СІЗА, а нібыта жывем там.

Я проста дакладна разумею, дзеля чаго застаюся ў Беларусі: каб дакументаваць тое, што адбываецца (нехта ж павінен гэта рабіць!).

Як мастак, я не магу быць у іншым месцы, мне не цікавы чужы кантэкст (ім ёсць каму займацца, а беларусы мусяць займацца сваім). За мяжой рабіць самабытнае складаней: для мяне, калі ты не прапускаеш усё праз сябе, у выніку атрымаецца штучная фігня. 

Я разважала, што, калі нейкі іншаземец прыедзе паглядзець Мінск, не ведаючы падзей апошніх двух год, то ён наўрад ці нешта не тое заўважыць. На Зыбіцкай усё збольшага як і раней: проста пэўныя месцы памянялі свае назвы, не пабачыш пэўных людзей. Але ім на змену прыйшлі новыя — жыццё доўжыцца, хочаш ты гэтага ці не.

Праз тое, што шмат хто з маіх з’ехаў, ранейшай камунікацыі засталося менш, і пра гэта ты неяк яшчэ мацней збліжаешся з тымі, хто застаўся, вашы стасункі робяцца больш мяккімі і чуллівымі. Вы добра адно аднаго адчуваеце, бо ва ўсіх падобны стан.

Я не лічу, што грамадства, свабода задушаныя.

Беларусам уласціва, калі што, хавацца ў норкі, партызаніць. Але гэта не значыць, што людзі змяніліся ўнутры: пераламаць хрыбет, стрыжань даволі складана.

Проста зараз такі час, што важна самазахавацца і не звяртаць на сябе ўвагі уладаў, калі хочаш рабіць нешта добрае — рабі ціха.

Так, пра гэта не напішуць ў медыя, прыйдзецца нешта рабіць у стол, але важна не складваць рукі і рабіць. 

Усё сёння сышло ў падполле: людзі баяцца «лішніх», новых людзей. Я хоць і знаходжуся ў Беларусі, але не ведаю шмат пра якія новыя выставы, паказы фільмаў і кватэрнікі (пра пэўныя ініцыятывы і здарэнні людзі не пішуць, бо не хочуць звяртаць на сябе ўвагу «вока Саўрона», якое знішчае ўсе добрае, што яму трапляецца).

Я еду ў метро і заўсёды заўважаю дробязі: бачу Еву на майках, значкі са згушчонкай, арнаменты на рэчах, белыя бранзалеты. Людзі ўпрыгожваюць сябе такімі вось дробязямі, і гэта як знак, што ты свой. Бачыла нядаўна дзядулю, які ехаў у майцы з Пагоняй.

Але яна не счытвалася адразу: проста такі вершнік на кані, на чорна-шэранькім фоне. Гэта не кінецца ў вочы міліцыянеру, але каму трэба, той зразумее. Я сама працягваю насіць белы бранзалет: без яго мне менш утульна, чым з ім. 

Ілюстрацыйнае фота.

Я бачу, што людзі пачынаюць чытаць па-беларуску, часцей размаўляць па-беларуску. Простыя людзі з розных сфер пачынаюць займацца ў гуртках беларускімі танцамі. Гэта акурат тое, на што мы можам паўплываць дзеля нашай будучыні: выхоўваць сваіх дзяцей з беларускімі нацыянальнымі каштоўнасцямі. І самім вучыць беларускую мову, нашу гісторыю.

Мова — гэта інструмент, які мяняе мысленне, без яе ты застанешся ў рускацэнтрычным коле, кантэксце і кантэнце. 

Глабальна ўсё не так страшна, як можа падавацца з навін. У Беларусі пакуль яшчэ жыве шмат мільёнаў людзей, і з імі шмат чаго здараецца — добрага ў тым ліку.

І калі на кепскае мы паўплываць не можам, то на добрае — так, гэта наша зона адказнасці.

Трэба заставацца чалавекам, быць ветлівым, выкідаць смецце ў урну, сартаваць смецце і дбаць пра экалогію, захоўваць прыроду. Быць тым беларусам, якіх ты хочаш бачыць вакол. Усмешлівым, спагадлівым. Не рабіць таго, чаго не хочаш, каб рабілі табе, нягледзячы на розныя палітычныя позіркі. 

Эвалюцыя павінна вывесці нас на нейкі іншы ўзровень — спадзяюся, лепшы. І вайна павінна скончыцца. Але зараз, я лічу, важна засяродзіцца на выжыванні беларусаў як нацыі, на пытаннях самаідэнтыфікацыі, і для гэтага трэба прыкладаць намаганні, само яно ніяк не прарасце». 

Наста Лойка, праваабаронца: «Нармальна будзе не рабіць нічога некаторы час, не вінаваціць сябе за гэта»

 

Фота: Ірына Арахоўская.

«Сёння я паспрабую менш залазіць у сеціва, таму што вельмі балюча чытаць пра траўмуючы досвед людзей з 2020-га. Паспрабую напісаць лісты сябрам і сяброўкам за краты.

Яшчэ ў сярэдзіне ліпеня 2020 года (калі не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу і ў Мінску сігналіў увесь праспект Незалежнасці) мне стала сапраўды страшна ад разумення наступстваў — тады ў мяне з’явілася думка «збегчы». Але потым я прыгадала, што ўмею маніторыць РУУСы і суды, што, магчыма, мая дапамога спатрэбіцца, і трошкі палягчала. Я перыядычна выязджала за мяжу проста «праветрыцца», бо цяжка было знаходзіцца ў трывожным фоне ўвесь час.

За першую палову 2021 года тры месяцы была за мяжой, а потым мяне затрымалі па крымінальнай справе і выдалі забарону на выезд. [13 жніўня 2021 года Насту затрымаў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. 72 гадзіны яна правяла за кратамі, пасля выйшла ў статусе падазраванай па крымінальнай справе аб нясплаце падаткаў. З таго часу Наста знаходзіцца пад забаронай на выезд].

Мне было і ёсць важна заставацца ў Беларусі, бо я бачу шмат важных рэчаў, якія яшчэ магчыма рабіць тут і цяжка за мяжой. Напрыклад, я насіла перадачы сябрам і сяброўкам ў СІЗА, тыя ж лісты.

Плюс я валанцёрка ў некаторых арганізацыях, якія яшчэ не ліквідавалі. Агулам

людзі ў СІЗА/калоніях/турмах мяне моцна трымаюць тут: важна было хадзіць да іх на суды, падтрымліваць іх родных.

Зараз я спрабую змірыцца з думкай, што паўгода жыцця забярэ канец следства па справе «Вясны» і суд — там каля 300 тамоў матэрыялаў. А потым, хутчэй за ўсё, я атрымаю забарону на выезд з краіны на некалькі гадоў праз якую «хатнюю хімію». Але пакуль гэта падаецца лепшым варыянтам за працяглае выгнанне.

Пры гэтым пасля 2020 года амаль усе мае сябры і сяброўкі з’ехалі. У Мінску паэтапна зачыняліся любімыя кавярні, культурныя прасторы. Канечне, шмат месцаў і людзей засталіся, але цяжка забыць «як было раней». І

ў 2021-м я ўпершыню ў жыцці паўгода правяла на антыдэпрэсантах пасля занадта актыўнага перыяду валанцёрства і рэпрэсій да дарагіх мне людзей.

Пасля ж пачатку вайны я адпісалася ад усіх навінаў, чытаю потым толькі тое што трэба для аналітыкі ці часам гляджу мапу баявых дзеянняў. 

Ілюстрацыйнае фота.

Нашую арганізацыю [Human Constanta] пачалі ліквідоўваць у ліпені 2021 года, у кастрычніку давялося самой хадзіць па інстанцыях, каб канчаткова ліквідавацца. Вялікім болем адгукаецца, што шмат праблем грамадскіх застаецца, а профільных арганізацый больш няма. Мяне ўразіла, напрыклад, як хутка ў парку Чалюскінцаў прыбралі стэнд з відамі птушак ад Мінпрыроды і «Аховы птушак Бацькаўшчыны» — на наступны ж дзень пасля ліквідацыі апошніх.

Зараз мы назапашваем важны досвед «насуперак усяму»: тое, як дапамагаюць бежанцам і бежанкам з Украіны праз самаарганізаваныя чаты, альбо як у маёй частцы горада ёсць вельмі актыўны заабарончы чацік.

У Мінску ўсё яшчэ ёсць вулічныя музыкі, часам з’яўляюцца антываенныя графіці. Яны вельмі натхняюць і ўпрыгожваюць горад, хоць і на кароткі час, да зафарбоўкі ў стылі ЖЭС-арт. А яшчэ я нашмат часцей зараз чую беларускую мову.

Разам з гэтым я бачу добрыя прыклады актывізацыі людзей ў эміграцыі — вось дзе паралельная грамадзянская супольнасць, у якой я бачу шмат патэнцыялу.

Я думаю, што зараз у Беларусі важна клапаціцца пра сябе і абіраць тыя формы актыўнасці, на якія хапае сілаў. Нармальна будзе не рабіць нічога некаторы час, не вінаваціць сябе за гэта. А калі ёсць час і магчымасці, дапамагайце бяздомным людзям і жывёлам, пішыце лісты палітвязням, абскарджвайце абрэзку дрэваў і гэтак далей.

Пракачвайце сваю інфармацыйную бяспеку, вучыце новае — гэта можа быць час для падрыхтоўкі сябе для чагосьці «потым», бо хуткія змены «тут і зараз» мы не атрымаем. У мяне, на жаль, няма ніякіх надзей на дэмакратычныя перамены ў бліжэйшы час, проста таму што няма працоўных ці дасяжных механізмаў».

Сяргей, экскурсавод: «Гадаваць дзяцей беларусамі — ужо нямала»

(імя змененае па просьбе героя)

Ілюстрацыйнае фота.

«Казаць, што 9 жніўня падзяліла Беларусь на «да» і «пасля» — не перабольшанне. Хаця мне прыгадваецца хутчэй уздым, які пачаўся пасля, і які пэўны час даваў надзею на перамены.

Калі ёсць магчымасць заставацца ў краіне, трэба заставацца. Рабіць нешта для Беларусі найлепей у Беларусі. Тут і цяпер. Нават у той сітуацыі, якую маем.

Канечне, унутры вельмі трывожна. Жудасна штодня чытаць навіны, як затрымалі таго ці гэтага. Часам гэта проста людзі, пра якіх недзе чуў, а часам і калегі, знаёмыя. Штодня думаеш, прыйдуць па цябе ці не.

Камунікацыя ў мяне змянілася цалкам: нічога лішняга не пішаш, не посціш, не перапошчваеш і нават не каменціш, не лайкаеш.

Можна ставіцца да гэтага па-рознаму, але я стаўлюся як да правілаў бяспекі, неабходных для таго, каб заставацца тут.

Грамадская супольнасць цалкам загнаная ў кухонна-партызанскі фармат. Калі чалавек хоча нешта шчыра сказаць іншаму, то робіць гэта на прыродзе і без тэлефона.

Мне асабліва балюча за тыя дзясяткі знішчаных грамадскіх арганізацый, якія займаліся мільёнам важных справаў без палітыкі — і цяпер гэтыя пляцоўкі пустыя. Але ж трэба памятаць, што

2020 год паказаў самае важнае — большасць (!) людзей вакол нас абсалютна адэкватныя і нармалёвыя. І я штодня, калі праводжу экскурсіі, у гэтым пераконваюся. 

Трэба добра разумець, што амаль ніякага супраціву ў Беларусі ўжо няма — усё зачышчана і задушана. Але ж нічога новага пад сонцам няма.

Трэба браць прыклад з такіх асобаў, як Уладзімір Караткевіч, Ларыса Геніюш, Мікола Ермаловіч і дзясяткі іншых нашых слаўных дзеячоў, якія задоўга да распаду Савецкага Саюза пісалі і стараліся рабіць усё, каб не проста паскорыць яго распад, а каб, калі ўсё лясне, нам не аказацца з голымі рукамі. У выніку творы Ермаловіча, поруч з творамі Караткевіча, выхавалі цэлае пакаленне беларусаў.

Мы не ведаем, колькі гэта ўсё яшчэ працягнецца. Але самая верная тактыка — не чакаць, а рабіць. Сям'я і асяроддзе — пляцоўкі для малых справаў, дасяжныя кожнаму. Гадаваць дзяцей беларусамі — ужо нямала. Весці нейкую асветніцкую працу між сяброў — і гэта дасць плён».

Чытайце таксама:

«Можна прымусіць цярпець, але немагчыма прымусіць любіць». Гутарка з Андрэем Хадановічам пра ролю беларусаў у вайне з імперыяй

Што вядома пра падлетка, якога адправілі ў калонію за тое, што зняў на відэа расійскую тэхніку?

«Калі не можаш забяспечыць сябе прадуктамі харчавання, няма чаго гаварыць аб суверэнітэце». Што не так з паказальнай бітвай за ўраджай

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Максим Дизайнер / адказаць
11.08.2022
Рабы с 30-и летним стажем рассуждают про то, как не быть рабами
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30