Зяленскі паставіў ультыматум Расіі: Або псеўдарэферэндумы, або перамовы
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў штодзённым відэазвароце фактычна паставіў ультыматум Уладзіміру Пуціну: калі на акупаваных расійскімі войскамі тэрыторыях пройдуць «рэферэндумы» аб іх далучэнні да Расіі, то ніякіх перамоваў з Расіяй Украіна больш весці не будзе.
«Кожны тыдзень з'яўляецца ўсё больш паведамленняў аб тым, што акупанты рыхтуюцца да псеўдарэферэндумаў у занятых імі раёнах на поўдні нашай дзяржавы. Хачу сказаць вельмі простую рэч: усе, хто будзе дапамагаць акупантам хоць неяк рэалізаваць гэты намер, будуць адказваць.
Будуць адказваць перад Украінай. Пазіцыя нашай дзяржавы застаецца ранейшай: мы нічога свайго не аддамо, а калі акупанты пойдуць шляхам псеўдарэферэндумаў, то закрыюць для сябе любую магчымасць перамоваў з Украінай і са свабодным светам, якія расійскаму боку ў пэўны момант адназначна спатрэбяцца», — сказаў Зяленскі.