Знайсці
07.08.2022 / 19:505РусŁacБел

«Не здолелі перастроіцца на мірную хвалю». Прапагандыст Казакоў крытыкуе джына, якога сам выпусціў з бутэлькі

Былы кіраўнік СТБ, а цяпер галоўны рэдактар газеты «Мінскі кур'ер» Кірыл Казакоў напісаў для свайго выдання калонку, у якой крытыкуе неназваных па імені «папулістаў», якія ў сваім імпэце перабіраюць меру. Увагу на гэта звярнуў канал Антона Матолькі.

Скан: тэлеграм-канал Антона Матолькі 

Казакоў у артыкуле пад назвай «А дзе ты быў у жніўні 2020-га?» згадвае пра канфлікты ў лукашысцкіх асяродках, звязаныя з падзелам пасад і грошай. Яны, паводле яго, не сціхаюць ужо цэлы год: «Год таму паплечнікі вырашылі падзяліць пасады ў яшчэ не існуючай арганізацыі і пасварыліся. Потым адначасова вырашылі, што трэба падзяліць яшчэ чамусьці не выдзеленыя дзяржавай грошы на іх падтрымку, і зноў пасварыліся… Амаль гадзіну спрачаліся да хрыпаты, як назавуць будучы Telegram-канал і… зноў пасварыліся. Дарэчы, з каналам не зраслося і… зноў пасварыліся».

Увогуле лукашыстаў Казакоў дзеліць на «стваральнікаў» і «папулістаў», сябе самога, натуральна, залічваючы да першых. Паводле яго, «стваральнікі» працуюць не пакладаючы рук: «журналісты — выдаваць на-гара расследаванні і публіцыстыку, аналітыкі — пісаць вельмі карысныя запіскі і лабіраваць нашы інтарэсы ў розных колах як у краіне, так і па-за ёй, чыноўнікі — кантраляваць даручэнні, вяскоўцы — убіраць ураджай, а сілавікі — лавіць злачынцаў».

У той жа час «папулісты» «ўвесь год намагаліся да ўсяго гэтага прымкнуць, але чарговы раз пасварыліся». Маўляў, «многія зрабілі сабе імя ў баі са змагарамі», і ў тых умовах гэта было апраўдана, але пасля гэтыя таварышы не здолелі «перастроіцца на мірную хвалю» і «пераключыліся на іншую вайну».

Гэтая «іншая вайна» недаспадобы Казакову, бо ад яе, па ягоных назіраннях, нярэдка прылятае сваім жа, прытым з-за дробязных нагодаў:

«Пайшоў у рэстаран з англійскай назвай — вораг народа. Паспрабаваў знайсці рашэнне праблемы, а не паслаў усіх і адразу — слабак. І ліюцца вёдры памыяў на журналістаў, педагогаў, чыноўнікаў і лідараў грамадскіх арганізацый».

Казакоў канстатуе: «У паліталогіі гэта называецца радыкал-кансерватызмам. Вечна баявыя, вечна пакрыўджаныя і часам карысныя. Яны цяпер частка ландшафту грамадства, хай і вельмі невялікая. Такі вентыль для выпускання пары… Па сутнасці, многія проста не здолелі рэалізаваць сябе ў мірным жыцці. Бо час лозунгаў скончыўся, пачаўся час працы».

Напрыканцы свайго опусу Казакоў заклікаў «папулістаў» да міру і працы над памылкамі. Але ў канцы зрабіў рэмарку, што нязгоду ягоную выклікае толькі тое, што прылятае такім, як ён, тое ж, што «папулісты» садзейнічаюць тэрору супраць праціўнікаў лукашызму, ён вітае: «Карысць ад папулістаў усё ж ёсць. Сваёй прыдзірлівасцю і настырнасцю такія людзі прабіраюцца за плінтус і выцягваюць адтуль ворагаў. Можа, у гэтым іхняя карысць?» 

Можна меркаваць, што пад «папулістамі» Казакоў мае на ўвазе персанажаў кшталту Азаронка, Мукавозчыка, Пуставога і іншых найбольш адыёзных, актыўных і развязных фігур сённяшняй дзяржпрапаганды.

Іронія лёсу ў тым, што многіх з іх ён сам у свой час у гэтую прапаганду прывёў. А цяпер глядзіць на дзейнасць сваіх «хросных дзяцей» з пэўнай трывогай. Можа, недзе прачытаў пра тое, што ўсе падобныя рэжымы, расправіўшыся з сапраўднымі ворагамі, пераключаюцца на харчаванне былымі «сваімі»? І адчувае, што гэты момант не за гарамі і ў лукашэнкаўскай Беларусі? 

Чытайце таксама:

Дзе цяпер Кірыл Казакоў — былы кіраўнік СТБ, «хросны бацька» Азаронка і іншых прапагандыстаў?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
даведка/адказаць/
07.08.2022
А своего "крёстного сына", блогера Голикова он к какому лагерю относит и за что выкинул того из эфира СТВ?!
0
Фёлькішэр Беабахтэр/адказаць/
07.08.2022
Усе яны скончаць, як рэдактар вышэйзгаданай нацысцкай газеты.
0
Когда вылетев из кресла как пробка/адказаць/
08.08.2022
опробовал лично на себе качество продукта своих бывших подчинённых на вкус, и оказалось, что это помои. Класс. Нужно повторить.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера