Знайсці
08.08.2022 / 09:0922РусŁacБел

Больш за сто палётаў на курорты і прызначэнні пасля сумеснага адпачынку. Куды і з кім лётаюць Віктар і Лілія Лукашэнкі

Лілія Лукашэнка здзейсніла больш за сто пералётаў на курорты. Яна пачынала са звычайных рэйсаў «Белавія» і працягнула на прыватных бізнес-джэтах. Журналісты Альянсу расследавальнікаў Беларусі вывучылі звесткі аб палётах на адпачынак Ліліі і Віктара Лукашэнкі з 2003 па 2020 год і высветлілі: куды лёталі адпачываць самыя блізкія сваякі беларускага дыктатара, з кім яны адпачывалі, а таксама звярнулі ўвагу на кадравыя прызначэнні, якія адбываліся пасля сумеснага адпачынку ў коле Ліліі і Віктара. Матэрыял, падрыхтаваны Альянсам расследавальнікаў Беларусі пры супрацоўніцтве з «Кіберпартызанамі», публікуе «Белсат».

Ліля з вёскі Рыжкавічы

Лілія Валер’еўна Лукашэнка, у дзявоцтве Сомава, нарадзілася ў вёсцы Рыжкавічы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, скончыла Мінскі педагагічны ўніверсітэт. Падчас вучобы выйшла замуж за старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі. У Ліліі і Віктара чацвёра дзяцей: Вікторыя (27 лютага 1999), Аляксандр (13 верасня 2004), Валерыя (22 ліпеня 2009) і Яраслаў (21 жніўня 2013). Падчас першых дэкрэтных адпачынкаў Лілія Лукашэнка лічылася вядучым спецыялістам у аб’яднанні «Белмастацпромыслы», якое ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва спраў прэзідэнта.

Журналісты-расследавальнікі атрымалі доступ да дадзеных аб пералётах Ліліі Лукашэнкі — гэта больш за 100 запісаў, якія ўключаюць звесткі аб вандроўках з 2003 года.

Калі ў 2003—2008 гадах сям’я Віктара Лукашэнкі падарожнічала за мяжу 1-2 разы на год, то з 2009 года звычкі змяніліся. У 2010 годзе рэкордныя 16 пералётаў, а потым у сярэднім 8—12 вандровак на год.

Даныя аб пералётах Ліліі Лукашэнка

Спіс паездак Ліліі Лукашэнкі

Кіпр і сям’я Тапузідзісаў

2003—2004 гады — адпачынак у сонечнай Ларнацы на Кіпры. У 2004-м з залётам у Хургаду пасля той жа Ларнакі.

Што характэрна ў гэтых рэйсах? Па-першае, тады Лілія і Віктар яшчэ лёталі на рэгулярных рэйсах «Белавія», па-другое, чамусьці ў Ларнаку яны ляцелі як турысты, а вярталіся ўжо як са службовай камандзіроўкі. Але самае цікавае іншае. Разам з сям’ёй старэйшага сына Лукашэнкі на тым жа самым борце ў Кіпр ляціць адпачываць сям’я Паўла Тапузідзіса.

Павел Тапузідзіс — адзіны на той момант бізнэсовец, якому было дазволена вырабляць цыгарэты. А ўжо ў 2004 годзе, як раз у тым годзе, калі быў сумесны адпачынак, Тапузідзіса ўключылі ў міжведамасную групу, адказную за вызначэнне аб’ёмаў імпарту цыгарэт. Блізкасць да сям’і дазволіла Тапузідзісу вырасці да аднаго з самых заможных людзей у Беларусі. У 2017 годзе «Ежедневник» змясціў Тапузідзіса на 2-е месца ў «Топ-200 паспяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі».

Пасля Кіпра — Чарнагорыя

Сям’і Ліліі і Віктара, мабыць, надакучыў Кіпр, і яны ў 2006—2007 гадах аблюбавалі Ціват у Чарнагорыі. Гэта першы рэйс у Ліліі на прыватным самалёце.

Усё, з гэтага моманту ніякіх больш рэгулярных авіярэйсаў. Толькі VIP.

Паглядзім на пасажыраў: Анастасія, Ганна, Дар’я, Вікторыя, Галіна, Аляксандр (але не той, а малодшы), Віктар, Дзмітрый, Лілія. Г. зн. сям’і Віктара і Дзмітрыя Лукашэнкі са сваёй мамай, Галінай Лукашэнка.

Сярод пасажыраў таксама ахоўнік Валерый Дзенісюк. Ва ўсіх, нават у дзяцей, дыпламатычныя пашпарты! Пры гэтым афіцыйна ніхто з сям’і не працуе за мяжой і не мае права на атрыманне такіх дакументаў.

Хто ж астатнія пасажыры? Абслугоўваючы персанал! 12 чалавек абслугі на 9 членаў сям’і.

Яшчэ адзін рэйс у Ціват. На борце: Віктар, Лілія, Вікторыя і Аляксандр (малодшы), а таксама ахоўнік Юрый Юрасюк, супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта, гулец хакейнай каманды «Бастыён», а пасля — генеральны дырэктар латарэі «Спорт-пары».

Сям’я Аляксандра Лукашэнкі. Лілія і Віктар Лукашэнкі крайнія злева. Фота: president.gov.by

Узлёт і прызямленне «Ітэры»

Наступныя некалькі гадоў, да 2010 года, сям’я лётае на самалёце, якія належаць «Ітэры». Уладальнік «Ітэры» — расейскі газавы алігарх і дэвелопер Ігар Макараў, які актыўна развівае ў гэты час бізнэс у Беларусі. Што гэта, калі не хабар?

«Ітэра» працавала ў Беларусі з 1997 года, у асноўным займалася пастаўкамі газу. Макараў неаднаразова сустракаўся з Лукашэнкам і прапаноўваў шматлікія праекты ў сферы энергетыкі, хіміі, будаўніцтва. У 2008 годзе кампанія ўзяла на сябе абавязацельствы па рэалізацыі аднаго з самых маштабных праектаў у сталіцы — будаўніцтва «Мінск-Сіці» (праект прадугледжваў $ 30 млрд інвестыцый). Праз 4 гады кампанія прызнае камерцыйную немэтазгоднасць гэтай ідэі.

Але вернемся да адпачынку.

У жніўні 2008 года сямейства ляціць бортам «Ітэры» ў аблюбаваны Ціват.

На борце ўсё тыя ж: Лілія, Віктар, Вікторыя. Але з’явіліся і новыя асобы — сям'я ГарусавыхАляксандрІнаКірыл і Уладзіслаў.

Хто ж гэта такія? Аляксандр Гарусаў — выпускнік Магілёўскага гістфака, які працягнуў кар’еру ў Магілёўскім КДБ, затым з сям’ёй перабраўся ў Менск. Яго жонка Іна Валер’еўна Гарусава, у дзявоцтве Сомава. Усё проста. Іна Гарусава — родная сястра Лілі Лукашэнка. Колькасць адпачывальнікаў пачынае павялічвацца.

14 лютага 2009 года, на Дзень Святога Валянціна, захапіўшы з сабой маці, Віктар і Лілія ляцяць на гарналыжны курорт Сьён у Швейцарыю.

Мэта паездкі, па традыцыі, службовая, уключна для дзяцей і бабуль. Праз 10 дзён вылятаюць назад.

Кар’ерны рост Рачкоўскага і Вакульчыка

16 красавіка 2010 года на машыне Аўдзі 9252KE7 Лілія едзе ў Літву.

У гэты ж дзень вяртаецца.

Характэрна, што кампанію ёй склала жонка Ігара Рачкоўскага, на той момант кіраўніка Дзяржпагранкамітэту Беларусі, сябры Віктара Лукашэнкі, Аксана Рачкоўская.

28 ліпеня Лілія зноў едзе ў «камандзіроўку» з сяброўкамі і ахоўнікам Самохіным на Мэрсэдэсе 0314MI7.

Сярод сябровак ужо знаёмая Аксана Рачкоўская і жонка Валерыя Вакульчыка, на той момант кіраўніка ААЦ (спецслужба, якая была створана ў 2008 годзе) Антаніна Вакульчык. Як раз у гэты час Віктар Лукашэнка расстаўляе сваіх сяброў-памежнікаў на ўсе ключавыя пасады ў краіне.

А ўжо праз два дні пасля паездкі ў Вільню, 31 ліпеня 2010 года, сям’я Віктара і Ліліі разам з сям’ёй Гарусавых і ахоўнікам вылятаюць на звыклым самалёце «Ітэры» ва ўпадабаны Ціват. Вяртаюцца 18 жніўня, на борце, як заўсёды, + 1 ахоўнік.

30 кастрычніка 2010 года Лілія, Віктар, Вікторыя, Аляксандр (малодшы), Валерыя, мама Ліліі — Галіна Сомава, ахоўнік Валерый Дзенісюк і Уладзімір Сулімскі (былы амбасадар у ААЭ і Катары), ляцяць у Доху — сталіцу Катара.

Да паездак на Блізкі Усход мы яшчэ вернемся. А пакуль паглядзім, як заканчваецца ў Ліліі Лукашэнкі 2010 год.

8 снежня 2010 года, літаральна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, яна едзе ў Вільню на аўтамабілі Службы бяспекі прэзідэнта, Таёце 9515KB7. Што характэрна, Ліля едзе адна ў суправаджэнні трох ахоўнікаў СБП: Самохіна, Пазняка і Дзенісюка. Пасля падзей 19 снежня 2010 года Лілія паедзе ў Літву толькі ў 2017 годзе.

У 2011 годзе Лукашэнка пасварыўся з «Ітэрай», праект забудовы амбіцыйнага «Менск-Сіці» быў перададзены Dana Holdings і пераназваны ў «Менск-Свет».

Доўгая гісторыя «Ітэры» ў Беларусі была практычна скончаная. І пачаўся новы раздзел — ўзыходжанне братоў Карычаў. Ці варта казаць, што цяпер яны становяцца галоўнымі «аператарамі» сямейнага адпачынку Віктара і Ліліі Лукашэнкі і адначасова галоўнымі забудоўшчыкамі ўсяе Беларусі. Менавіта ім прадастаўляюцца беспрэцэдэнтныя льготы, прабачаюцца спрашчэнні праектаў і прадастаўляецца доступ да льготнага крэдытавання жылля, якое прадаецца па цэнах нашмат вышэй за сабекошт, да якасці якога рэгулярна ўзнікаюць пытанні.

Новыя пасажыры

16 ліпеня 2011 VIP борт бярэ курс на турэцкі Бодрум. На борце сям’я Ліліі і Віктара, сям’я Гарусавых (сястры Ліліі) з дзецьмі, ахоўнік Пазняк і хто б вы думалі?

Цваровіч ЮлькаСінікавіч Зелька (член праўлення Дана Холдынгз) Міланка Карыч, жонка Багалюба Карыча.

На фота Зелька Сінікавіч разам з Багалюбам Карычам. Фота: zeljkosinikovic / Instagram

11 лістапада 2011 ўрадавы борт EW-301PJ накіроўваецца ў Абу-Дабі.

На борце акрамя Ліліі і Віктара цікавая кампанія: Аляксандр Зайцаў, «Сохра груп», якая зарэгістраваная ў ААЭ, Сяргей Шпягун — толькі што прызначаны кіраўнік ААЦ, Сяргей Мікуліч — ахоўнік Віктара, супрацоўнік «Белтэхэкспарта» Алег БогушКацярына ПанасюкУладзімір Сулімскі і Валерый Вакульчык — толькі што прызначаны кіраўнік Следчага камітэта. Што цікава, і Шпігун, і Вакульчык атрымалі прызначэнні 24 кастрычніка 2011 года, а непасрэдна пасля паездкі, 21 лістапада Вакульчык уваходзіць у Раду Бяспекі.

Праца, сяброўства і сумесны адпачынак

З 2014 года Лілія Лукашэнка афіцыйна пачынае працаваць у «Дана Астра» ў Карычаў.

22 ліпеня 2016 года сям’я Ліліі і Віктара, бацькі Ліліі, сям’я Гарусавых, Міланка і Багалюб Карыч ляцяць у Афіны. Вяртаюцца праз месяц, 23 жніўня тым жа складам.

30 кастрычніка 2016 года Лілія з сястрой — Інай Гарусавай і пляменнікамі, але без мужа ляцяць на прыватным Фальконе-LY-GVS у Доху. У гэты ж час у Доху прыбыў і Аляксандр Лукашэнка з афіцыйнай дэлегацыяй.

Вярнуліся дадому 5 лістапада 2016 года, тым жа складам, без Віктара.

28 кастрычніка 2017 года сёстры Ліля і Іна з дзецьмі без мужоў ляцяць у Абу Дабі. Як і ў Катары, даты супадаюць з прыездам Аляксандра Лукашэнкі.

І зноў асобным прыватным бортам. Вяртаюцца 4 лістапада.

7 верасня 2018 года Лілія, Віктар, ахова і бізнесмены Мікалай ВарабейАляксей Алексін і Сяргей Зелянкевіч на адзін дзень ляцяць у Бодрум. 8 верасня кампанія вяртаецца.

1 лістапада 2019 года — новая вандроўка, новая кампанія, новы самалёт. Кампанія ў складзе Ліліі, Яраслава і Валерыі Лукашэнак, Таццяны Зайцавай, Людмілы і Станіслава Няронскіх.

Людміла Няронская — саўладальніца клінікі «Мерсі», той самай, дзе можна ставіць імпартныя эндапратэзы. Пасля «справы артапедаў» клініка становіцца фактычна манапалістам на гэтым рынку.

Ляцяць яны ў Дубай без Віктара. І ўжо традыцыйна выезд супадае з візітам Аляксандра Лукашэнкі ў ААЭ.

Атрымліваецца, што кожны раз, калі Аляксандр Лукашэнка ляціць на Блізкі Усход, асобным прыватным рэйсам за ім ляціць шматлікая сям’я, іх сябры і ахоўнікі.

Апошні пералёт, які нам даступны, адбыўся 30 кастрычніка 2020 года ў Дубай. Вяртаюцца 6 лістапада на борце сем’і Лукашэнкі, Гарусавых, Сяргей Зелянкевіч і Дзмітрый Дзятлаў.

Не толькі куратарка арт-івентаў

З Ліліяй Лукашэнка звязана шмат фінансавых перыпетый і афіляваных кіпрскіх і блізкаўсходніх афшорных кампаній. Падрабязныя матэрыялы і расследаванне аб гэтым апублікаваны на сайце Еўрарадыё.

У цяперашні час яна з’яўляецца дырэктарам Мастацкай галерэі «Арт Хаос», размешчанай у галоўным атрыуме сталічнага гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Дана Мол», уладальнікі якога — браты Карычы, яны больш за 10 гадоў адпачываюць разам з Ліліяй і Віктарам Лукашэнкамі.

Пачынаючы з 2000-х гадоў, Лілія Лукашэнка рэгулярна — двойчы, а то і тройчы, а часам пяць-шэсць разоў на год — лётала ўсёй сям’ёй, у шырокім сэнсе гэтага слова, да цёплых паўднёвых мораў. Для прыемнага вольнага часу яна брала з сабою ў вандроўкі і сябровак, і знаёмых, іх шматлікія сем’і. Няма пытанняў, калі чалавек можа дазволіць сабе звазіць сям’ю на адпачынак да мора, але недапушчальна, каб такія вандроўкі аплочваліся з бюджэтных сродкаў або былі прадастаўлены бізнесменамі ў абмен на заступніцтва з боку дзяржавы.

Мільярды за маўчанне і малады муж у падарунак. Выйшла расследаванне, як жыве цяпер былая жонка Пуціна

Журналісты назвалі імя супрацоўніка КДБ — магчымага кіраўніка пасадкі самалёта з Пратасевічам

Інсайдары: Ад Дзмітрыя Мядзведзева сышла жонка

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
12
Ха-ха
10
Ого
6
Сумна
6
Абуральна
92
3
Мангол/адказаць/
08.08.2022
Сколько лукоботов вылезло в виде жонакифкарыча....Латушко - дипломат. Для дипломатов всех стран есть магазины, как для граждан "дутики" на границе, в аэропортах. Так что закрой поганый рот, жонка карыча.
0
закрой поганый рот, жонка/адказаць/
08.08.2022
а казалі, што на Ніве выкшталцоная публіка... сплошь інтэлігенты... дзеячы культуры :(
0
семейка села беларусам на шею и свесила ноги/адказаць/
08.08.2022
Пока большинство беларусов может себе позволить лишь кататься на региональном цягніку, семейка летает бизнес классом на суперджетах.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930