Знайсці
04.08.2022 / 10:04РусŁacБел

«У выкладчыкаў менш пафасу, чым у сталічных, якія самі некалі прыязджалі з перыферыі». Чаму мінчукі паступаюць ва ўніверсітэты ў рэгіёнах

Звычайна абітурыенты з усіх гарадоў імкнуцца паступіць у Мінск. Але бываюць і адваротныя сітуацыі — мінчукі едуць у рэгіёны. Камусьці не хапіла балаў, каб пайсці на «вышку» ў сталіцы, іншыя хочуць пажыць далей ад бацькоў. Віцебск некаторыя выбіраюць праз моцную кафедру дызайну ў тэхнагалагічным універсітэце і ветырынарную акадэмію. Праект «1906» паразмаўляў са студэнтамі, якія не захацелі атрымаць адукацыю ў сталічных ВНУ і паехалі ў Гародню, і даведаўся, чаму яны зрабілі такі выбар і як на яго адрэагавалі бацькі маладых людзей. Мы перадрукоўваем гэты тэкст.

Ілюстрацыйны здымак

«Хвалююся, але гэта мой дарослы крок, за які я панясу адказнасць»

Аляксандр (імя зменена) паступіў у Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт. Хлопец хоча стаць педыятрам, ён даўно вырашыў, што паедзе вучыцца менавіта ў Гародню: Аляксандр чуў шмат добрых водгукаў пра якасць адукацыі там. 

«Мой тата доктар, ён сказаў, што там будзе лепш, чым у Мінску, — тлумачыць выбар ён. — Таксама маральна прасцей вучыцца. Тут я маю на ўвазе адносіны з выкладчыкамі. У іх менш пафасу і зорнасці, чым у мінскіх, якія некалі самі прыязджалі з перыферыі, а цяпер у іх ужо сфармаваліся прадузятыя адносіны да студэнтаў.

Яшчэ ў медыцынскім у Гародні меншыя группы, у выкладчыкаў ёсць магчымасць звяртаць на цябе ўвагу. Сам горад меншы, не трэба будзе траціць кожны дзень па дзве гадзіны, каб паехаць на заняткі і вярнуцца.

У Гародні ад самага далёкага інтэрнату да ўніверсітэту 20 хвілін на транспарце, ад астатніх — 10 хвілін пешшу. Таму гэта ўсё разам будзе фармаваць больш прыемную маральную абстаноўку». 

Фота: сацсеткі ГрДМУ

Аляксандр набраў у суме па ўсіх ЦТ (плюс атэстат) 342 балы. Ён прайшоў на бюджэт.

«Спачатку хацеў ісці ў артапедыю. Але тады не вырашыў, што канкрэтна я ў ёй хачу лячыць. Калі гэта дыфекты тыпу скаліёзу, плоскаступнёвасці, то лепш пачынаць гэтым займацца яшчэ з дзецьмі. Хваробы тыпу артрыту — у дарослых. У выніку пайшоў на педыятрыю з той думкай, што я змагу пасля гэтай адукаціі падвучыцца і, калі захачу, яшчэ лячыць у будучыні дарослых, а наадварот не атрымаецца», — расказвае ён.

Абраць прафесію Аляксандру было няпроста. Да гэтага часу ён сумняваецца наконт правільнасці свайго выбару. 

Ехаць у іншы горад хлопец не баіцца. 

«Відавочна, што зручней жыць у сваёй кватэры. Але ж пераеезд у Гародню мэтанакіраваны учынак. Канечне, хвалююся, але гэта мой дарослы выбар, за які я панясу адказнасць. Калі памылюся, то зраблю высновы, вярнуся ў Мінск.

Дарэчы, таксама выкладчык, якога звольнілі з БДМУ, казаў, што зараз там зусім зачысцілі педагагічны састаў. У Гародні ў гэтым сэнсе пакуль што не так крытычна, не ўсё так прапітана лукашызмам.

з Мінска яшчэ не пераехаў, ездзіў падаваць дакументы ў інтэрнат. Першакурснікаў селяць у інтэрнаты калідорнага тыпу, дзе душ будзе адзін на ўсіх, на адным паверсе. У пакоях я не быў, бачыў фотаздымкі. Яны самыя звычайныя — два ложкі, стол», — кажа ён. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: сацсеткі ГрДМУ

Ехаць вучыцца за мяжу Аляксандр не хацеў. Ён лічыць, што яму было б цяжка атрымліваць веды на іншай мове. 

«У 9 класе мне сказалі, што калі хачу паступаць у Польшчу, то трэба зараз пачынаць вучыць мову, але я чамусьці не захацеў. І да гэтага часу не хочацца. Не цягне мяне з’ехаць. 

Яшчэ, мабыць, за мяжой цяжка прайсці ў медыцынскі ўніверсітэт. І ад сяброў не хацелася далёка з’язджаць», — дзеліцца ён. 

Ці задавальняе хлопца заробак, які ён будзе атрымліваць, калі стане педыятрам? 

«Спадзяюся, што пачнуцца нейкія паляпшэнні ў нас. Калі заробак у медыкаў застанецца такім жа, то гэта будзе вельмі сумна.

Адштурхоўваюся ад той думкі, што праз шэсць год, якія я буду вучыцца, усё можа перамяніцца ў той ці іншы бок. Калі стане горш, буду глядзець па сітуацыі, можа, буду шукаць працу за мяжой.

Галоўнае — атрымаць якасныя веды, не філоніць, бо доктар, які можа падысці да сваёй працы адказна і дапамагчы чалавеку, заўсёды знойдзе сабе месца. Нават калі ў дзяржаўнай медыцыне не складзецца, то ў прыватнай дакладна атрымаецца», — спадзяецца ён. 

Сам горад Аляксандр ужо паглядзеў. У яго склалася прыемнае ўражэнне. 

«Спадабалася, што Гародня маленькая, хаця Мінск не назавеш мегаполісам. Будынкі ў Гародні значна ніжэйшыя, чым у сталіцы. 

Таксама ў Гародню паступіла мая дзяўчына. У яе прычына такая ж, як і ў мяне. Але мы яшчэ і разам хацелі застацца, бо быць у розных гарадах нязручна», — падсумоўвае ён.

«Калі мне спадабаецца ў Гародні, то з задавальненнем застануся тут працаваць»

Уладзіслаў (імя зменена) таксама паступіў вучыцца ў медыцынскі ўніверсітэт у Гародні. Хлопец з 357 баламі прайшоў на бюджэт. 

«Спецыяльнасць — «лячэбная справа», якім доктарам дакладна буду, пакуль не ведаю. У цэлым абраў медыцыну, таму што хочацца дапамагаць людзям.

Абраў універсітэт у Гародні, таму што хацелася змяніць сваё жыццё, зрабіць нейкі вялізны крок. Цяпер з’еду ад бацькоў, буду самастойным. У Гародні добрыя водгукі наконт выкладчыкаў, якія там працуюць. Шмат людзей, якім там падабаецца вучыцца. Думаю, што я не прамахнуўся», — кажа ён. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: сацсеткі ГрДМУ

Бацькі Уладзіслава спачатку былі супраць яго паступлення ў іншы горад. Асабліва не хацела яго адпускаць маці. 

«У Гародні шмат нашых сваякоў, таму пасля яны пагадзіліся. Спачатку было цяжка, не разумелі, навошта кудысьці ехаць.

Маці перажывала, як я там буду без яе. У цэлым я шмат разоў быў у Гародні, але не бачыў яшчэ, у якім інтэрнаце буду жыць. 

Горад спакойны, маленькі, я такое вельмі люблю. У Мінску шмат мітусні.

Наконт вучобы за мяжой думаў, але пакуль не вырашыўся на гэта. У цэлым там нашмат больш магчымасцей. Можа быць, пасля ўніверсітэту атрымаецца паехаць працаваць кудысьці. Не магу сказаць, што мяне засмучае заробак, які я буду атрымліваць тут. Буду глядзець па сітуацыі. Пасля заканчэння вучобы мяне могуць на размеркаванне адправіць у Мінск. Але калі мне спадабаецца ў Гародні, то з задавальненнем застануся тут працаваць», — кажа хлопец.

Чытайце таксама:

Латвія плануе правяраць усіх, хто ўязджае з Беларусі

Колькі каштуе навучанне ў еўрапейскіх універсітэтах?

Так будзе выглядаць школа ў мікрараёне «Мінск-Свет». Там будзе 12 першых класаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
6
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930