Знайсці
02.08.2022 / 09:181РусŁacБел

У Бразіліі раздзялілі сіямскіх блізнятаў, якія зрасліся чарапамі

У Бразіліі дактарам удалося раздзяліць сіямскіх блізнят, злучаных чарапамі — так званых краніапагаў. Падрыхтоўка да аперацыі ішла з шырокім ужываннем віртуальнай рэальнасці, паведамляе Бі-бі-сі.

Трохгадовыя Бернарда і Артур Ліма былі праапераваныя ў Рыа-дэ-Жанейра пад кіраўніцтвам дактароў з дзіцячай бальніцы Грэйт-Орманд-стрыт у Лондане.

Дактары патрацілі месяцы на тое, каб знайсці найбольш бяспечны спосаб падзелу, правяраючы гіпотэзы на віртуальных мадэлях анатоміі хлопчыкаў, створаных на аснове камп'ютарнай тамаграфіі і магнітна-рэзананснай тамаграфіі.

Хірург Нур уль Авасе Джылані назваў аперацыю «прадуктам касмічнай эры». Ён сказаў, што ўпершыню хірургі, якія знаходзіліся ў розных краінах, працавалі разам у адным і тым жа «пакоі віртуальнай рэальнасці».

Усяго двайняты Ліма перанеслі сем аперацый. Апошняя доўжылася больш за 27 гадзін, і ў ёй бралі ўдзел амаль 100 медыкаў.

Джылані таксама адзначыў, што віртуальная рэальнасць дазволіла хірургам некалькі разоў прайсці аперацыю, не падвяргаючы дзяцей рызыцы.

Сам хірург правёў у аперацыйнай 27 гадзін з усяго чатырма 15-хвіліннымі перапынкамі на ежу.

Пасля падзелу ў Бернарда і Артура рэзка падскочылі артэрыяльны ціск і пульс. Гэта адбываецца з усімі сіямскімі блізнятамі пасля паспяховага падзелу. Але праз чатыры дні яны зноў апынуліся ў адной палаце, ім далі магчымасць узяцца за рукі, і паказчыкі нармалізаваліся.

Двайняты добра папраўляюцца ў бальніцы. У далейшым ім трэба будзе шасцімесячная рэабілітацыя.

Доктар Джылані з'яўляецца заснавальнікам клінікі Gemini Untwined (прыкладны пераклад «падзеленыя блізняты»), у якой ён ужо аперыраваў сіямскіх двайнят з Пакістана, Судана, Ізраіля і Турцыі.

Разам з ім у аперацыі ўдзельнічаў доктар Габрыэль Муфарэж, загадчык аддзялення дзіцячай хірургіі ў Інстытуце нейрахірургіі імя Паўла Німеера ў Рыа-дэ-Жанейра.

Бацькі блізнят прывезлі іх у інстытут два з паловай гады таму, і там яны назіраліся ўвесь гэты час.

Па статыстыцы сіямскія двайняты нараджаюцца ў адным выпадку з 50-60 тысяч. Усяго 5% з іх з'яўляюцца краніапагамі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Бондар/адказаць/
02.08.2022
Дзякуй Богу, дай Бог ім здароўя і доўгіх год жыцця!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера