Знайсці
01.08.2022 / 20:368РусŁacБел

«Інтэлігентны тэхнакрат». Бізнэс і чыноўнікі тлумачаць «Нашай Ніве», што азначае прызначэнне Ермаловіча

Былы пасол Беларусі ў Вялікабрытаніі, а ў мінулым міністр фінансаў Максім Ермаловіч прызначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі. Фінансіст-прафесіянал, на пасадзе міністра ён заслужыў рэпутацыю нясмелага, але рыначніка. У 2020 жа годзе і пасля ён ішоў строга ў фарватары афіцыйнага курсу. Што азначае яго прызначэнне ў Адміністрацыю?

Прызначэнне Максіма Ермаловіча выклікала пазітыўныя чаканні ў бізнэсу і кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў. «Ермаловіч разумее тое, што яму кажуць», — сказаў «Нашай Ніве» адзін з топ-менеджараў. Яго ўспрымаюць як чалавека, што ўмее слухаць, успрымаць аргументы і сыходзіць з рэалій, а не з ідэалагічных установак.

«Ермаловіч у першую чаргу прафесіянал. Ён і міністрам фінансаў быў талковы, а цяпер атрымае ўладу і, як мінімум, я думаю, у бізнэса будзе да каго схадзіць са скаргамі і прапановамі. Бо Ермаловіч гэта чалавек, якому можна нешта тлумачыць, які разумее тое, што яму кажуць, у адрозненне ад многіх іншых яго папярэднікаў, з якімі гаворыш — як са сцяной», — кажа адзін з менеджараў буйнога дзяржаўнага прадпрыемства.

«Я з гэтым пагаджуся, па прафесійных якасцях у дачыненні да фіскальнай функцыі ўрада ён моцна вылучаўся на фоне астатніх, даволі грунтоўны і метадычны таварыш, — кажа нам былы калега Ермаловіча. — Да гэтага яшчэ дадавалася інтэлігентнасць у паводзінах. Ëн выглядаў такім інтэлігентным тэхнакратам. Усе, хто верыў у шлях лукашэнкаўскай лібералізацыі, разглядалі яго як аднаго з сімвалаў гэтай лібералізацыі, — кажа чалавек. — 

Прыхільнікі гэтага шляху і рамантычна-наіўная публіка ў 2018—2020 гадах любілі прасоўваць мем пра ўрад Румаса як dream-team і Ермаловіча як адну з галоўных зорак гэтай dream-team». 

Сярод галоўных заслуг Ермаловіча называюць тое, што ён сумеў «асучасніць» Міністэрства фінансаў — як персанальны склад, так і метады функцыянавання.

Таксама ў ягоным службовым спісе — падвышэнне якасці функцыянавання сістэмы дзяржфінансаў. Яго ўнёсак у адпаведныя стратэгіі, прынятыя з 2015 па 2020 гады, як і ў іх рэалізацыю, даволі значны.

«Згуляў істотную ролю падчас крызісу 2015—2016 гадоў, давёў бюджэт да ладу: урэзаў некрытычныя выдаткі, узяў пад кантроль і ўтаймаваў выдаткі на дзяржпрадпрыемствах, дамогся дыверсіфікацыі фінансавання дзярждоўгу», — кажа работнік Саўміна часоў Ермаловіча. 

Пры ім назіраўся пэўны прагрэс у развіцці фондавага рынку і паспяхова былі размешчаныя еўрабонды. 

«Але ўсе гэтыя заслугі даволі хісткія і вельмі залежаць ад інтэрпрэтацыі і стаўлення да канцэпцыі павольнай лібералізацыі 2015—2020 гадоў. Хтосьці скажа, што гэта істотныя крокі наперад (і з гэтым можна пагадзіцца). Хтосьці скажа, што гэта толькі нязначная і неістотная частка таго, што трэба было зрабіць, бо адставанне ад сучасных практык усё роўна заставалася значным.

Маўляў, змяняўся толькі фасад і гэта амаль ніяк не паўплывала на сутнасць беларускай эканамічнай мадэлі. Таму гэтыя ж заслугі ў недахопы можна перекваліфікаваць», — лічыць іншы калега Ермаловіча. 

«Ермаловіч і тая каманда павышалі эфектыўнасць сістэмы, не мяняючы яе сутнасці», — кажа чалавек, які схільны ўспрымаць дзейнасць экс-міністра крытычна.

«Заслуга і Ермаловіча, і іншых людзей, і каманды Нацбанка-Мінфіна-Мінэканомікі ў тым, што ў Беларусі дасягнута макраэканамічная стабільнасць, якой у нас ніколі дагэтуль не было. З удзелам Ермаловіча з 2011 года Беларусі ўдалося амаль на 10% скараціць долю выдаткаў бюджэту адносна ВУП, што было недасягальнай мэтай, напрыклад, для грэкаў», — казаў у 2018 годзе «Нашай Ніве» пра Ермаловіча эканаміст Аляксандр Чубрык. 

Сярод спрэчных вынікаў працы Ермаловіча — рэструктурызацыя даўгоў дзяржкампаній. 

«Самая супярэчлівая рэч, звязаная з Ермаловічам, гэта рэструктурызацыя даўгоў дзяржкампаній (дрэваапрацоўка, машынабудаванне, цэмент ды іншае). Шмат хто лічыць, што менавіта ён галоўны аўтар гэтага механізма, калі даўгі (пераважна назапашаныя ў перыяд так званай мадэрнізацыі) і адпаведныя рызыкі прадпрыемстваў бярэ на сябе дзяржава, каб пазбегнуць банкруцтваў прадпрыемстваў і банкаў, — кажа адзін з эканамістаў.

— Тут магчымыя інтэрпрэтацыі ад «гэта дазволіла пазбегнуць маштабных даўгавых крызісаў у 2015—2016 і 2020» да дыяметральна супрацьлеглага — «гэтая схема замарозіла даўгавую праблему, маштабуючы і распаўсюджваючы даўгавыя рызыкі па ўсей эканоміцы», — кажа эканаміст. 

Лукашэнка разагнаў Румасаву каманду лібералаў перад выбарамі. Некаторыя калегі тады папікалі Ермаловіча, што ён пагадзіўся на пасаду пасла і пайшоў працаваць прадстаўніком рэжыму за мяжой. 

«У вачах многіх чалавек фактычна страціў рэпутацыю і імідж тэхнакрата, прамяняўшы іх на пазіцыю з палітычным адценнем. 2020 год яго папярэдні «багаж» абнуліў», — кажа калега Ермаловіча. 

З гледзішча ж сістэмы прызначэнне Ермаловіча ў Лондан мела ясны сэнс і логіку. 

«Ермаловіч у Саўміне шчыльна працаваў з намеснікам міністра замежных спраў Аляксандрам Міхневічам — яны займаліся супрацоўніцтвам з міжнароднымі фінансавымі ўстановамі. І прызначэнне ў Лондан абсалютна лагічнае, бо гэта фінансавая сталіца свету. І галоўны офіс Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця там, дарэчы.

Пасля Алейніка (якога паважалі) на месца ў Лондан шукалі чалавека, які б не толькі не зрабіў горш, але і палепшыў работу як фінансіст. Гэта было лагічнае прызначэнне, Ермаловіч — кваліфікаваны фінансіст. Паважалі яго не менш за Алейніка там, але працуе ён на такую сістэму, якая ўсе яго старанні нівелюе, што ж зробіш, нават шкада яго троху», — кажа яшчэ адзін чалавек, знаёмы з Ермаловічам. 

І тым не менш, прызначэнне кагосьці такога, як Ермаловіч, у Адміністрацыю прымушае задумацца. Чаму ён і чаму цяпер? 

Трэба адзначыць, што Ермаловіч уваходзіў бадай што ва ўсе перамоўныя групы па міжнародных лініях. У прыватнасці, ён быў адным з перамоўшчыкаў з МВФ. Калі б улады шукалі чалавека, здольнага гаварыць і слухаць, то Ермаловіч ідэальна на такога чалавека надаецца.

Ермаловічу 45 гадоў, ён родам з Лепеля. Скончыў Полацкі дзяржаўны універсітэт і Акадэмію кіравання. Працаваў у падатковай сферы, а з 2002-га перайшоў у Міністэрства фінансаў. Пасаду міністра фінансаў ён заняў у 2018 годзе. А праз два гады паехаў паслом у Вялікабрытанію.

Са спорту цікавіцца тэнісам і сквошам. Але ва ўрадзе слыў не сваімі хобі, а працагалізмам, які ўвайшоў у легенду.

Аднаго з суразмоўцаў «Нашай Нівы» вельмі ўразіла тое, што пасля аднаго з Кастрычніцкіх эканамічных форумаў яны разам з Ермаловічам ішлі дадому ў раёне 22 гадзін, але аказалася, што Ермаловіч едзе не дадому, а на работу — дарабляць справы.

Вядома, што Ермаловіч позна, толькі пры канцы 2020-га жаніўся, не мае нерухомасці ў Драздах і, прынамсі да свайго прызначэння паслом, жыў у мінскім панэльным мікрараёне Сухарава. 

Звязацца з аўтарам і дапоўніць тэму можна наўпрост у тэлеграме @artsiom_harbatsevich або праз мэйл [email protected]

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
23
Панылы сорам
21
Ха-ха
10
Ого
15
Сумна
5
Абуральна
15
1
Мангол/адказаць/
01.08.2022
Бог мой, колькі салодкага. Але ж калі забівалі беларусаў за тое, што, падлюкі, не жадалі фальсыфікацый выбараў, маўчаў максімка, як і яго сябры і сяброўкі. Не рабіце героя, адно - рабое.
0
кашалек/адказаць/
02.08.2022
Это тот, который в свое время обещал привести Беларусь в ВТО.
А вообще-то ситуация похожа : ... ну сделайте хоть что-нибудь, сотворите чудо.
Очередной Рудый и на эквилибриста-экономиста не похож и судя по всему Британия с ее потенциалом отвалилась
0
basilio/адказаць/
02.08.2022
И чем известен Ермалович, что он такого сделал? Он никто и звать его никак, уже все забыли про него.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930