Знайсці
29.07.2022 / 13:16 5

Фядута худы, Кастусёў моцна хворы, а Зянковіч змрочны. З'явіліся першыя відэа і фота з суда

Працэс праходзіць у будынку Мінскага раённага суда (Маякоўскага, 119а). Меркавалася, што ён будзе мець закрыты характар, але выявілася, што ён будзе адкрыты.

65-гадовы Рыгор Кастусёў быў арыштаваны разам з Юрасём Зянковічам і Аляксандрам Фядутам

Мінскі абласны суд сёння пачаў разглядаць справу «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Пасяджэнні праходзяць у будынку Мінскага раённага суда.

Фігурантамі па справе праходзяць беларуска-амерыканскі юрыст і палітык Юрый Зянковіч, навуковец Аляксандр Фядута, былы менеджар сельскагаспадарчага і камунальнага прадпрыемстваў, а пазней старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, а таксама 44-гадовая педагог Вольга Галубовіч і 36-гадовы кіроўца-дальнабойнік Дзяніс Краўчук. Апошнія двое працавалі на Зянковіча — Вольга была супрацоўніцай офіса, а Дзяніс кароткі час глядзеў за домам Зянковіча пад Мядзелам, ён пазнаёміўся з палітыкам, калі яны разам адбывалі суткі ў 2020 годзе.

Справу разглядае суддзя Уладзімір Арэшка. Аднак звычайна ў палітычных справах ад суддзі нічога не залежыць.

Папярэдне было абвешчана, што працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Аднак у першы дзень суда высветлілася, што ён будзе адкрыты — адкрытасць азначае, аднак, што з СМІ доступ туды будуць мець толькі дзяржаўныя. Першыя фоты і відэа з'явіліся ў агенцтва БелТА.

57-гадовы Аляксандр Фядута заўважна пахудзеў. 65-гадовы Рыгор Кастусёў, хворы на рак, моцна пастарэў. А 44-гадовы Юрась Зянковіч, цэнтральная постаць ва ўсёй гэтай справе, выглядае змрочным.

Юрась Зянковіч выглядае чалавекам, які найменш здольны стаць лідарам чагосьці — ён нават лідарам невялікіх эміграцыйных асяродкаў ці Партыі БНФ не стаў. Ён любіў гучныя, скандальныя заявы. І менавіта яго абвінавацілі ў спробе арганізацыі «ваеннага перавароту» — у кантакце з высокапастаўленымі сілавікамі. 

Ён, як і Аляксандр Фядута, і Рыгор Кастусёў, — не чалавек з сілавым бэкграўндам і сувязямі ў сілавых структурах, што, напэўна, ёсць перадумоваю любога паспяховага перавароту.

Тым не менш, у відэасюжэтах на беларускім і расійскім тэлебачанні гаворыцца, што Юрась Зянковіч і Аляксандр Фядута сустракаліся ў карчме на Садовым кальцы ў Маскве з «некаторымі генераламі Узброеных сіл Беларусі» — ці з асобамі, якія выдавалі сябе за генералаў, ці з рэальнымі генераламі, якія «гулялі» ў змоўнікаў, якія маюць намер ажыццявіць пераварот. Гэтыя сустрэчы былі знятыя схаванай камерай, імаверна, адным з «гульцоў».

Зянковіча абвінавачваюць па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці).

Фядуту і Кастусёва — па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Галубовіч і Краўчука — па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Чытайце таксама: Хто такі Юрась Зянковіч — амерыканскі адвакат, які меў каласальнае жаданне звяртаць на сябе ўвагу

Хто тыя сем чалавек, каго абвінавацілі ў падрыхтоўцы замаху на Лукашэнку?

Стала вядома імя пятага затрыманага па справе Зянковіча і Фядуты — гэта дальнабойшчык з Нарачы

Пра ўсю справу вядома пакуль не так і шмат.

«Вельмі цяжка рабіць нейкія высновы, бо ўсю інфармацыю, якую мы ведаем, мы маем з дзяржаўнага тэлебачання, іншага няма, — казаў у маі 2021 года праваабаронца Валянцін Стэфановіч, якога пазней самога арыштуюць. Практычна, нашы веды аб справе з таго часу не змяніліся. — Ведаем таксама, што казаў Лукашэнка. Маўляў, генерал быў несапраўдным, яго сыграў нейкі афіцэр. Усё астатняе — гэта інфармацыйная накручванне, пачынаючы ад Байдэна, скончваючы джыпамі, якія павінны былі прарвацца з Літвы.

Давайце разважаць са складу артыкула 357. У выпадку «змовы» злачынства лічыцца скончаным у момант таемнага пагаднення аб захопе ўлады паміж двума ці больш асобамі. Зусім неабавязкова, каб гэта былі асобы, што маюць нейкія ўладныя паўнамоцтвы. Калі б гэта ўсё скончвалася толькі размовамі ў зуме, без кантактаў з іншымі асобамі, то можна было казаць: ці мала хто пра што размаўляе і спаборнічае ў дасціпнасці?

Але ўсё ж кантакты з «вайскоўцамі», напэўна, былі. Верагодна, што яны сапраўды маглі перадаваць камусьці нейкія грошы. Быў зроблены шэраг дзеянняў, а завяршальны этап — сустрэча ў Маскве, дзе былі дамоўленасці аб дзеяннях.

Можна весці гаворку аб «правакацыі злачынства», але гэта складаная тэма. Вядома, што следчыя выкарыстоўваюць такія метады ў сваёй працы, як, скажам, «кантрольны закуп» у наркагандлі. І сусветная практыка кажа, што спецслужбы, паліцыя такія метады могуць выкарыстоўваць. Але яны не могуць граць актыўную ролю. Адна сітуацыя, калі гэтыя кантакты шукалі абвінавачаныя, і зусім іншая — калі нібыта «генералы», — тлумачыў Стэфановіч.

Стэфановіч нагадваў, што «гэта не першая справа аб «змове, накіраванай на захоп улады». Чамусьці нашы органы забыліся пра Каардынацыйную раду, але там значна прасцей, бо Рада дзейнічала публічна. Яны прапаноўвалі ўладам перамовы, а не неканстытуцыйны захоп.

Ясна, што гэта была распрацоўка, спецаперацыя. Усё гэта фіксавалася, усе перадачы. Я вельмі здзіўлены некаторымі персанажамі, якія туды ўпісаліся. Мабыць, прысутнічала нейкая наіўнасць, — адзначаў Стэфановіч. — З таго, што паказалі па ТБ, не да канца зразумелая роля Рыгора Кастусёва. Магчыма, ён мог быць неабазнаны ў гэтых планах. Калі ён не ведаў пра дзеянні і планы, то віны тут няма», — меркаваў Стэфановіч.

Юрась Зянковіч быў найбольш вядомы супярэчлівымі, часам адкрыта скандальнымі заявамі. Многія бачылі ў іх проста каласальнае жаданне звяртаць на сябе ўвагу.

Пасля таямнічай смерці галоўнага рэдактара Хартыі'97 Алега Бябеніна Зянковіч выказваў здагадкі, што той хацеў дасягнуць сэксуальнага задавальнення праз задушэнне, але перастараўся і памёр. А пасля гібелі салдата Коржыча ён заявіў, што «гэта нармальна, што ў войску здараюцца надзвычайныя становішчы і што нават гінуць людзі». Яго фразы выклікалі абурэнне ў сацсетках, асабліва ў родных ахвяраў, пра памяць якіх цынічна выказваўся Зянковіч.

Зянковіч выступаў у ютубе, пісаў у фэйсбуку, але нідзе не стаў мегапапулярным блогерам.

У 2018-м Зянковіч сабраўся быць медыятарам паміж уласнікамі рэстарана «Паедзем паядзім» у Курапатах і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці — маўляў, каб бізнэсмен Леанід Зайдэс адкрыў музей памяці ахвяраў сталінізму. Далей за размовы справа не зварухнулася. А праз некалькі гадоў актывісты заўважылі Зянковіча на ўваходзе ў скандальны рэстаран, куды ён накіроўваўся на вячэру.

Не так даўно Зянковіч набыў нерухомасць у Мядзельскім раёне. Лета 2020-га ён разам з жонкай Аленай Дзенісавец бавіў у Беларусі.

У прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ён не ўдзельнічаў, са штабам Ціханоўскай ніяк не быў звязаны. У час бурлівых падзей лета і восені 2020-га Зянковіча СМІ згадвалі усяго адзін раз. 31 жніўня яго затрымалі і асудзілі на 10 сутак у Мядзелі — як паведаміла жонка, за ўдзел у акцыі пратэсту ў дзень выбараў.

Затое Зянковіч пачаў актыўнічаць у пачатку 2021 года — змяшаў з брудам Ціханоўскую, называючы яе «Светкай-катлетніцай» і даводзячы, што ўлада не патрэбная ні ёй, ні яе штабу. Заснавальнік PandaDoc Мікіта Мікада, ініцыятар кампаній салідарнасці, атрымаў ад Зянковіча характарыстыку «неверагодны дэбіл».

У сакавіку 2021-га Зянковіч абвясціў, што пачынае фармаванне «Дружын Народнай Самаабароны» — ініцыятывы, якая мусіла супрацьстаяць АМАПу на масавых акцыях пратэсту. Паралельна ён арганізоўваў стрымы, на якіх абмяркоўвалася пытанне змены ўлады ў Беларусі. А ў красавіку таго ж года Зянковіча і Фядуту арыштавалі ў Маскве, гэта была спецаперацыя беларускага КДБ.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
2
XXX / адказаць
29.07.2022
Суд зрабілі адчыненым, бо сапраўды падставіліся,,, аматары пакрасавацца.
0
Яматка / адказаць
29.07.2022
Русские подставили наивную оппозицию. Ездить в Москву решать вопросы госпереворота это цырк на дроце.
3
Хуткаплынны час / адказаць
29.07.2022
Гэтыя постацi ужо амаль што забытыя, каб вы тут iх не узгадалi, нiхто, апроч сваякоу, i не уcпомнiу б
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31