Знайсці
29.07.2022 / 18:31РусŁacБел

Федэрэр, Раналду, Ібрагімавіч. Вось як вялікія спартоўцы, старэйшыя за 30, захоўваюць форму

Большасць спартоўцаў сканчаюць кар'еру ва ўзросце крыху за 30 гадоў, бо менавіта ў гэтым узросце фізічны патэнцыял нашага цела пачынае зніжацца. Але ж некаторыя зорныя атлеты нашага часу кідаюць выклік старэнню. Вось як ім гэта ўдаецца.

Фота: АР

Былая першая ракетка свету Роджэр Федэрэр абвясціў, што жадае ў 2023 годзе, у свае 41, вярнуцца ў тэніс. Вялікаму футбалісту Крышціяну Раналду 37 гадоў, але ж ён па-ранейшаму жадае гуляць у Лізе Чэмпіёнаў. Шведскі форвард Златан Ібрагімавіч нядаўна падоўжыў кантракт з футбольным «Міланам», пры тым што яму ўвогуле ўжо 40, піша The Times.

Жанчыны не адстаюць: нямецкая тэнісістка Таццяна Марыя ў гэтым годзе згуляла ў паўфінале Уімблдона — ёй зараз 34 гады.

Беларускія спартсмены таксама здольныя доўга выступаць на прафесійным узроўні, але ж шмат у якіх сферах у Беларусі гэты ўзровень, калі параўноўваць яго з сусветным спортам, ніжэйшы. У нас няма сваіх Раналду ды Ібрагімавічаў, таму нашым атлетам, каб выдзяляцца сваім доўгажыхарствам, часцей за ўсё дастаткова кіравацца правіламі здаровага ладу жыцця і не разбураць сваё цела, напрыклад, злоўжываннем алкаголю.

А вось сусветным зоркам, каб заставацца на ўзроўні, патрэбныя самыя новыя тэхналогіі. Мы раскажам, якія.

Падрыхтоўка да нагрузак

Калі хочаш даўжэй паказваць высокі вынік, вельмі важна прадухіляць траўмы і добра аднаўляцца пасля нагрузак. Калі не дапускаць траўмаў ці хаця б правільна іх вылечваць, гэта дазваляе падоўжыць спартыўную кар'еру на некалькі гадоў, і чым раней пачынаць гэтыя практыкі, тым лепш.

Замест хуткай размінкі перад нагрузкамі спартсмены цяпер выконваюць комплексы практыкаванняў, індывідуальна распрацаваныя для іх фізіятэрапеўтамі. Ёсць футбалісты, якія звяртаюцца да экспертаў, каб высветліць, дзе ў іх доме павінны быць вокны, каб іх сон быў лепшым. Бо яны ведаюць, што недахоп сну і стомленасць рана ці позна прывядуць да траўмы.

І аднаўленне пасля іх

Раней масаж быў галоўнай зброяй, дзякуючы якой атлеты аднаўляліся пасля нагрузак. У 2022 годзе масаж усё яшчэ важны, але з'явілася шмат іншых метадаў аднаўлення. Спартсменам прапануюць масажныя валікі, кампрэсійнае адзенне (яно памяншае боль у мускулах пасля нагрузак), пнеўматычныя кампрэсійныя гетры, масажоры рознага кшталту і шмат усяго іншага.

Для ўзроставых атлетаў вельмі важна пазбягаць накаплення стомленасці і паляпшаць працэс аднаўлення, бо так яны падтрымаюць свае спартовыя паказчыкі і знізяць рызыку траўмаў. Тэнісісты Рафаэль Надаль і Эндзі Мюрэй, напрыклад, карыстаюцца для гэтага крыятэрапіяй, калі цела падвяргаюць на некалькі хвілін уплыву тэмпературы ў -160 градусаў. Лічыцца, што гэта зніжае запаленне ў мускулах і паскарае аднаўленне.

Правільнае харчаванне

Некалі лічылася, што найлепшая ежа для спартсмена — стэйк і сырыя яйкі, але цяпер навукоўцы ведаюць пра спартовае харчаванне нашмат больш за гэта. Напрыклад, вядома, што з узростам целу ўсё цяжэй ператвараць бялок у мускулы, то-бок чым старэйшы спартсмен, тым больш бялку яму трэба.

Час спажывання бялку таксама мае значэнне. Калі есці бялковыя прадукты адразу пасля інтэнсіўных трэніровак, гэта будзе спрыяць нарошчванню новых мускулаў, а бялковая ежа перад сном дапаможа сінтэзу бялку ва ўзроставых спартсменаў.

Вітамінныя дадаткі накшталт вішнёвага ці бураковага соку — яшчэ адзін спосаб палепшыць аднаўленне пасля нагрузак.

Праца з псіхолагам

Раней спартовыя псіхолагі былі рэдкасцю, цяпер жа яны даступныя амаль кожнаму элітнаму спартсмену. Мэта працы з імі — спрыяць развіццю псіхічных якасцей, якія могуць дапамагчы дасягнуць спартовага доўгажыхарства.

Псіхолагі кажуць, што калі маладых спартсменаў больш цікавяць іх вынікі і лічбы на табло, іх узроставым калегам больш важна адточваць сваё майстэрства. Такі падыход дапамагае ім выступаць на больш стабільным узроўні і дабівацца большага, а таксама максімальна павялічыць час, калі яны паказваюць свае найлепшыя вынікі. Маладым спартсменам трэба вучыцца такому падыходу, больш сталыя атлеты часта прыходзяць да яго самі.

Адсочванне біялагічных параметраў

Стаць спартовым доўгажыхарам было б цяжэй, калі б не існавала самых розных спосабаў адсочваць біялагічныя паказчыкі арганізма. Элітныя спартсмены сочаць за параметрамі сваіх трэніровак, сну, харчавання, страты вадкасцей, пульсу — і гэта далёка не поўны спіс. Трэнерам і медыкам патрэбная гэтая інфармацыя, каб прааналізаваць, як цела спартсмена рэагуе на розныя нагрузкі і фактары стрэсу і каб адаптаваць трэніроўкі адпаведна гэтаму.

Акрамя гэтага, жанчыны-спартсменкі сочаць за ўласным менструальным цыклам, каб ацэньваць ваганні ўзроўню гармонаў. Гэтыя характарыстыкі могуць уплываць на сілу і рухавасць суставаў, а змены гэтых фактараў здольныя павялічыць імавернасць траўмы.

Сілавая і фізічная падрыхтоўка

Старэнне арганізма шмат у чым уплывае на спартовыя паказчыкі. Але найбольшы негатыўны эфект дае спад аднаўлення мускулаў у спалучэнні з паступовай стратай мускульнай масы — працэс, які называюць саркапеніяй. Ён пачынаецца пасля 35 гадоў і можа выклікаць зніжэнне моцы чалавека і яго спартовай тэхнікі.

Звычайна саркапенія была прычынай таго, чаму атлеты ў відах спорту, дзе важная фізічная моц і тэхніка, накшталт футболу ці тэнісу, раней дасягаюць кар'ернага піку, чым спартсмены, якія важная трываласць — напрыклад, веласіпедысты ці бегуны на доўгія дыстанцыі.

Але ж з цягам часу з'явіліся больш дасканалыя праграмы па сілавой і фізічнай падрыхтоўцы, якія дазваляюць адтэрмінаваць спад спартсмена. Гэтыя індывідуальныя праграмы накіраваныя і на нарошчванне мускульнай масы, і на павышэнне ўстойлівасці да стомленасці, каб спартсмен мог даўжэй трэніравацца і нават паляпшаць свае вынікі.

Пяць прычын, чаму варта перасесці на ровар

Гадамі штодзень вісеў на турніку і вырас на 8 сантыметраў. Рэальна?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
16
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930