Знайсці
14.07.2022 / 11:009РусŁacБел

«У дзень сапраўднага суда вы нічога не дасцё за сваю душу». Магутнае апошняе слова Змітра Дашкевіча на судзе

Сёння ў судзе Маскоўскага раёна Мінска суддзя Таццяна Пірожнікава вынесла прысуд Змітру і Насце Дашкевічам — Зміцер асуджаны на паўтара года калоніі, Наста атрымала тры гады хатняй хіміі. Пракурор прасіў калонію для абаіх. За дзень да таго Зміцер Дашкевіч выступіў з кранальным апошнім словам, якое стане адным з найбольш моцных дакументаў, якія характарызуюць цяперашні час, яго публікуе Радыё Свабода

«Канечне, я разумеў, што мяне чакае, але тое, што я пачуў ад пракурора, гэта вышэй за разуменне.

Ісус даў нам уладу адпусціць грахі чалавеку ці пакараць. Які павінен быць грэх, што маці чатырох дзяцей, немаўлятка неданошанага, просяць пасадзіць у турму?

Я часам задаю сабе пытанне, што думаюць гэтыя людзі, калі просяць выносіць прысуды. Было б прасцей, каб мы бачылі перад сабой звяроў. А так яны ходзяць, усміхаюцца. Следчыя, якія пішуць гэтыя справы, просяць прабачэння, усміхаюцца, цукеркі носяць на закрыццё справы.

Летась я стаяў, калі да мяне падышла дзяўчына са слязамі на вачах. Кажа: «Вось даведалася, што вы тут стаіце, прыйшла папрасіць прабачэння». Я не зразумеў, пра што яна гаворыць. Кажа: «Тата мой у 2004 годзе даў вам 14 сутак, памятаеце?» А я вельмі добра запомніў, таму што гэта быў адзіны выпадак, калі мне 14 сутак давалі. І вось праз 17 гадоў да мяне падышла дачка суддзі і сказала: «Прабачце».

Напэўна, адзін з самых шчымлівых момантаў за гэтыя больш чым 20 гадоў. Я не паспеў у яе запытаць, але напэўна яна размаўляла з татам, тата думаў пра гэта ўсе гады.

Даючы мне 14 сутак, разумеў, што ён робіць беззаконне. Нават 14 сутак, хоць у той момант я не вельмі расстроіўся б і 14 гадам. А тут паўтара мы года просім матулі з немаўляткам на руках.

Што адбываецца зараз, немагчыма зразумець. Калі падчас арышту мяне білі пры маёй жонцы цяжарнай і казалі: «Что говорит этот человек? Пусть говорит нормально. Пусть нормально разговаривает».

Калі везлі ў машыне, гэты губопавец сказаў: «Я б цябе знішчыў толькі за тое, што ты дзяцей…» Я кажу: «Паслухай, што я раблю не тое?» Ён: «Ну вось лісты пішаце, мы пазнаходзілі лісты, далучылі да крымінальнай справы».

Знайшлі лісты, якія дзеці нашыя пісалі Марыі Калеснікавай — «Маша, мы молімся за цябе, мы любім цябе». Вось гэта злачынства — дзеці пішуць лісты палітвязням.

Калі мяне арыштоўвалі на Акрэсціна па крымінальнай справе, таксама губопаўцы смяяліся: «Жонка будзе нараджаць у турме».

Я думаў, што гэта самы страшны дзень у маім жыцці, але сёння, напэўна, яшчэ страшнейшы.

Настачка, прабач мне, што я цябе ў гэта ўцягнуў. Не мог уявіць ніколі, што такое можа з намі адбыцца. Я ўвесь час разважаў, што я нясу гэты крыж, але я не мог падумаць у страшным сне, што я ўскладу гэты крыж на цябе. Даруй мне, што я так мала думаў пра цябе.

Я кахаю цябе і малюся за цябе і за нашых дзетак, за неданошанага Даніільчыка нашага (плача). Ты святая жанчына. Я не ведаю такіх. Даруй, што я падвёў цябе.

Я не разумею, што адбывацца. Людзі з вышэйшымі юрыдычнымі адукацыямі лічаць, што злачынца — гэта той, хто супраць гвалту выйшаў, а не той, хто робіць гвалт. Злачынцамі яны лічаць таго, хто хоча праўды, а не таго, хто кажа «Часам не да законаў».

Спадзяюся на Божую волю, хоць я не разумею, што адбываецца, скажу вам так.

У тым, што такая сістэма можа існаваць, няма сумневу. Я проста зычу вам, суддзі, пракуроры, падумаць пра душу сваю. Я заўсёды кажу на судах (хоць гэта і бессэнсоўна): Ісус Хрыстос кажа — што ты дасі за душу сваю, калі прыйдзе дзень суда справядлівага?

Што ты дасі за душу сваю, калі будзе суд сапраўдны? Вы назвалі сябе судом. Бог называе сябе судом. Імя Бога — суддзя. І я адказваю: прыйшоў суддзя і судзіў мяне справядліва за тое, што выйшаў 23-га з дзецьмі і раздаваў буклеты «Малітва за Беларусь», Бібліі раздаваў.

У дзень сапраўднага суда вы нічога не дасцё за сваю душу. І дай Бог, каб вашы дзеці праз 17 гадоў ці праз 17 месяцаў, ці вы самі прыйшлі і сказалі: «Прабач».

І, бачыць Бог, не жадаю нікому з вас зла. Адзінае, каб вы трошку задумаліся, што вы робіце, ці ёсць нешта, што б вы не зрабілі, калі вам загадаюць, ці ёсць для вас нейкія межы».

Чытайце таксама:

Неймаверная гісторыя кахання Змітра і Насты Дашкевіч

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
110
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
10
Сумна
162
Абуральна
22
0
Максим Дизайнер/адказаць/
14.07.2022
Дима, Беларусь - страна колхозных атеистов. Кому ты тут что объясняешь?Сил тебе и твоей прекрасной семье справится с этими испытаниями.
4
все 3аднЕе и 3аднЕе с каждым днем (/адказаць/
14.07.2022
"последнее слово"?
калега ўсё абураецца, што некаторыя файлы так называюць - *****_"последнее". кажа - ну нельга так у нашай справе называць! вось я, называю, - кажа, - "варыянт 2", "варыянт 10"...

а вы словы Зміцера так называеце...
ён скажа шчэ шмат слоў

5
все zаднее и zаднее с каждым днем (/адказаць/
14.07.2022
калі вы мяне тады пакрыўдзілі, nn, і адключылі каментаванне, я, из духа противоречия да и вообще, знайшла сайт хітра*опазроблены адзін... і ўмею ж усё-ткі прыгода на сваю *опу вечна знайсці (
дык вось там у шапцы ў іх пазначана "последние новости Беларуси и мира". я, як толькі гэта пабачыла, так і спытала ў іх - што гэта значыць? што хутка не будзе ні міра, ні Беларусі?
гэта я спытала за некалькі месяцаў да... канечне спытала проста так, нічога не падазраючы. а вось яны, мажліва, нешта ведалі... бо сайт спыніў абнаўляцца за тыдзень да Часа Х
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930