Знайсці
14.07.2022 / 10:27РусŁacБел

Што можа прывесці да раку малочнай залозы і як уплывае на здароўе грудзей стрэс і рэгулярнасць сэксу?

Нядаўна пра анкалагічнае захворванне расказалі спявачка Кацярына Ваданосова і журналістка Кацярына Пытлева. У іх выявілі злаякасную пухліну малочнай залозы. «Наша Ніва» паразмаўляла з доктарам-мамолагам, пластычным хірургам Дзмітрыем Мікулічам і даведалася, наколькі на развіццё раку ўплывае стрэс, як часта трэба абследавацца і ці карысна хадзіць без станіка.

Мамолаг Дзмітрый Мікуліч. Фота: сацсеткі доктара

На якія сімптомы варта звярнуць увагу і схадзіць на кансультацыю да мамолага?

«Пік захворванняў на рак малочнай залозы прыпадае на ўзроставую катэгорыю 50-55 гадоў. Канешне, ёсць выпадкі, калі ён выяўляецца і ў 30, у 35, і ў 40, але ў меншай ступені. Ёсць катэгорыі жанчын, якія знаходзяцца ў групе рызыкі. Напрыклад, уплывае спадчынная схільнасць, наяўнасць мутацый. Такім жанчынам трэба абследавацца часцей», — кажа доктар. 

Характэрныя сімптомы можна заўважыць падчас самаабследавання малочнай залозы на наяўнасць змен. 

«Часам гэта можна заўважыць візуальна. Напрыклад, вам здаецца, што малочная залоза павялічылася, больш чырвоная скура на адной з іх у параўнанні з іншай. Хачу нагадаць, што малочная залоза — гэта парны орган. Яна павінна захоўваць адну і тую ж форму, колер. Нават пігментацыя з'яўляецца падставай для звароту да доктара», — тлумачыць Дзмітрый. 

Пасля візуальнага агляду трэба зрабіць пальпацыю — ад перыферыі залозы да цэнтру. 

«Кладзяце чатыры пальцы на край залозы і паступова спускаемся да цэнтра, — расказвае ён. — Гэта трэба зрабіць па ўсіх сектарах малочнай залозы. Звяртаем увагу на наяўнасць нейкіх ушчыльненняў, шарыкаў, вузельчыкаў. Пасля такой пальпацыі могуць з'явіцца выдзяленні з саску. Націскаць на яго не трэба, гэта можа рабіць толькі спецыяліст. Калі ў вас штосьці з'явілася, гэта нагода звярнуцца да мамолага». 

Пасля пальпацыі грудзей трэба перайсці ў вобласць падпахавых лімфавузлоў. Правай рукой зайсці ў левую падпахавую ямку, іншай рукой — у правую. 

«Пальцамі прыціскаем скуру да грудной сценкі, рэбраў. Калі там ёсць павялічаны лімфавузел, то гэта і не спецыяліст можа заўважыць», — запэўнівае доктар. 

Як часта трэба абследавацца?

Самаабследаванне, апісанае вышэй, трэба праводзіць раз на месяц на 15 дзень цыклу. Тады залоза спакойная, пальпацыя не будзе выклікаць непрыемных адчуванняў. 

Калі вы заўважылі якія-небудзь змены, патрэбна кансультацыя профільнага спецыяліста.

Фота: сацсеткі доктара

«Мы, дактары, прывучылі ўжо жанчын адзін раз на год наведваць гінеколага. Я рэкамендую наступную схему: раз на год рабіць УГД малочных залоз (не ў гінеколага, а ў доктара ультрагукавой дыягностыкі) і пасля гэтага ісці да гінеколага (ён глядзіць усё ў анамнезе), а праз паўгода да мамолага. 

Калі ў жанчыны былі нейкія новаўтварэнні на УГД, то ёсць шэсць месяцаў, каб паглядзець, як яны за гэты час змяніліся. Мамолаг параўноўвае. Такім чынам, жанчына бывае ў доктара два разы на год. Гэта, вядома, ідэальная схема», — кажа Дзмітрый Мікуліч.

Акрамя раку, якія захворванні ўвогуле могуць быць яшчэ? 

«Бываюць перадракавыя захворванні. Большая частка пацыентак, якія прыходзяць на прыём, — гэта жанчыны з дысгарманальнымі захворваннямі малочнай залозы.

Самыя частыя — фіброзна-кістозная мастапатыя, фібраадэномы, унутрыпратокавыя папіломы», — расказвае медык. 

Некаторыя спецыялісты, у асноўным старэйшага пакалення, кажуць, што гэта лячыць не трэба. Але ж звяртаць на гэта ўвагу ўсё роўна варта. 

«Сама па сабе фіброзна-кістозная мастапатыя, фібраадэнома ў рак перарадзіцца не можа, але фактары, якія выклікаюць гэтыя захворванні, шмат у чым паўтараюць тыя ж, якія выклікаюць рак. 

Для мамолагаў гэта як лакмусавая паперка. Мы бачым, што ў жанчыны ёсць праблема, і, хутчэй за ўсё, калі яна не будзе звяртаць увагу на яе, то гэта можа прывесці да злаякаснага новаўтварэння ў малочнай залозе», — тлумачыць доктар. 

Што можа прывесці да раку малочнай залозы? Чаму рак малочнай залозы так распаўсюджаны апошнім часам?

«Рак малочнай залозы з'яўляецца мультыфактарным захворваннем. Ён узнікае па шэрагу прычын. Першая, пра якую мы ведаем, — узрост. Арганізм старэе, адбываецца трансфармацыя ў тканках малочнай залозы, адна з клетак становіцца паталагічнай і пачынае дзяліцца», — кажа мамолаг. 

Іншая прычына — спадчыннасць. 

«Тут раю яшчэ зрабіць аналіз на генетычную схільнасць, яго робяць адзін раз на ўсё жыццё. Пры наяўнасці раку малочнай залозы ў блізкіх сваякоў (асабліва калі ў іх ён узнік у маладым узросце) рызыка выяўленне пухліны ў пяць разоў вышэйшая, чым у жанчыны ў звычайнай папуляцыі».

Фота: сацсеткі доктара

Існуе тэорыя, што рак малочнай залозы можа з'явіцца ў жанчыны ў выніку траўмы.

«Але больш гэта звязваюць з тым, што такая траўма прымушае жанчыну звярнуцца да спецыяліста і ён выяўляе пухліну, якая ўжо была», — мяркуе Дзмітрый. 

Частай прычынай узнікнення раку таксама бывае стрэс. Працяглыя перажыванні прыводзяць да функцыянальнага знясілення цэнтральнай нервовай сістэмы. Тым самым парушаецца нармальны абмен рэчываў у арганізме. 

«І часцей за ўсё гэта такі стрэс, у якім чалавек разумее, што ён знаходзіцца ў бязвыхадным становішчы, — расказвае медык. — Напрыклад, жанчына доўга даглядала хворую маму і нядаўна тая памерла. Чалавек робіць нешта, а эфекту няма. Гэта моцна вымотвае нервовую сістэму. Пасля такіх працяглых стрэсавых перыядаў мы сустракаемся з ракам.

Уплывае таксама харчаванне. Высокакаларыйная ежа, залішняе спажыванне жывёльнай ежы, недахоп вітамінаў, атлусценне павялічваюць рызыку анкалагічных захворванняў». 

Тое, што жанчына нараджала ці не нараджала, як-небудзь уплывае на ступень рызыкі?

«Так. Да фактару, які можа паўплываць на развіццё захворвання, прынята адносіць ранні пачатак менструацыі (да 12 гадоў) і позні клімакс (пасля 53 гадоў). Акрамя таго, да фактараў рызыкі адносяць роды пасля 40 гадоў і познія першыя роды.

Кожны месяц ёсць фазы, калі малочная залоза нагрубае, жанчына рыхтуецца да зачацця, а потым гэта нагрубанне спадае. Чым даўжэйшы гэты перыяд (ранні пачатак менструацыі і позні клімакс), тым верагоднасць раку малочнай залозы большая. Чым больш залоза адчувае гарманальныя змены, тым вышэйшая рызыка.

Роды і лактацыя гэты перыяд скарачаюць. Адмова ці кароткачасовасць кармлення павялічваюць магчымасць развіцця анкалогіі. Кармленне — прафілактыка раку малочнай залозы.

Варта сказаць тут яшчэ пра частыя аборты, фрыгіднасць, запаленчыя змены рэпрадуктыўнай сістэмы, нерэгулярнасць і позні пачатак палавога жыцця. Усё гэта таксама фактары рызыкі», — расказвае Мікуліч. 

Наяўнасць рэгулярнага сэксу ўплывае на здароўе малочнай залозы? 

Так, бо гэта таксама звязана з гарманальным фонам.

Сэкс — натуральны працэс, які ў роўнай ступені павінен быць часткай жыцця жанчыны. Незадаволенасць сэксам, нерэгулярнае палавое жыццё павялічваюць рызыку развіцця раку малочнай залозы.

Дабраякасная пухліна (фібраадэнома) — гэта страшна? Ці можа яна ператварыцца потым у рак?

«Не можа. Фібраадэномы ўвогуле характэрна для маладога ўзросту — ад пачатку палавога выспявання да 30—35 гадоў», — кажа Мікуліч. 

Прычыны ўзнікнення фібраадэномы ён называе такія ж, як і ў раку.

«Пры выяўленні фібраадэномы мамолагі адпраўляюць на аналіз жаночых палавых гармонаў. Часта бачым там падвышанае ўтрыманне пралактыну ў крыві. Гэта можа быць звязана з наяўнасцю ў гіпофізе маленькай дабраякаснай пухліны. Яна не дастаўляе ніякага дыскамфорту, толькі ўплывае на выпрацоўку пралатыіну. У такім выпадку мы адпраўляем да эндакрынолага, каб ён прызначыў замяшчальную тэрапію па прыгнечанні выпрацоўкі пралактыну. Тады ўсё нармалізуецца і ў малочнай залозе», — расказвае доктар.

Дзмітрый кажа, што далёка не кожную фібраадэному трэба выдаляць. 

«Калі яна жанчыну ніяк не турбуе, то мы за ёй толькі назіраем, рэкамендуем некаторыя абмежаванні па ладзе жыцця, сілкаванні і ўсё. Калі яна ніяк не змяняецца, то з ёю можна жыць. Гэта як радзімка.

Пры павелічэнні фібраадэномы ў памерах мы робім пункцыю. І вырашаем пытанне аб хірургічным лячэнні.

Я ў сваёй практыцы, калі фібраадэнома да двух сантыметраў і не павялічваецца, не чапаю», — кажа ён. 

Фота: сацсеткі доктара

Як адрозніваюцца метады лячэння раку малочнай залозы ў Еўропе і ў Беларусі?

«Ні адна дзяржава ў свеце не можа забяспечыць поўны цыкл лячэння раку малочнай залозы ад пачатку да канца. Гэта вельмі дарагое лячэнне», — расказвае Дзмітрый. 

Поспех лячэння залежыць ад таго, наколькі рана выяўлена захворванне. Калі рак малочнай залозы на трэцяй, чацвёртай стадыі, то ў любой краіне цяжка даць яму рады.

«У Беларусі я дзевяць гадоў працаваў у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, магу сказаць, што нашы стандарты адпавядаюць міжнародным. Не магу сказаць, што ёсць нейкія вялізныя адрозненні за выключэннем наяўнасці тых ці іншых прэпаратаў — у Беларусі яны з'яўляліся з вялікай затрымкай. 

У плане дыягностыкі ў нас добра ўсё працуе. Канешне, як і ў многіх постсавецкіх краінах няма сістэмы скрынінгу. Пакуль спрабуюць наладзіць гэта. Лепш прадухіліць захворванне, чым лячыць яго», — кажа Дзмітрый. 

Хадзіць без станіка — гэта карысна?

«Галоўнае, каб залоза не адчувала дыскамфорту. Рызыка будзе вышэйшая ў тым выпадку, калі будзе нязручна. Калі грудзі вялікія, а носіцца няправільна падабраны бюстгальтар, то верагоднасць захварэць на рак вышэйшая.

Калі жанчына з вялікімі грудзьмі будзе хадзіць без бюстгальтара, то з часам, вядома, залоза страціць форму. Скурны чахол расцягваецца і грудзі правісаюць.

Калі жанчыне камфортна, то можна хадзіць без бюстгальтара», — тлумачыць доктар. 

У якіх выпадках выдзяленні з грудзі гэта норма?

«Норма — гэта перыяд лактацыі, — кажа Мікуліч. — Могуць захоўвацца такія выдзяленні да трох гадоў пасля лактацыі. Астатняе нармальным не з'яўляецца. 

У такім выпадку трэба звярнуцца да спецыяліста, вызначыць характар гэтых выдзяленняў. Пры выдзяленнях карычневага колеру да мамолага трэба звяртацца тэрмінова».

Чытайце таксама: 

Каця Пытлева: У мяне рак

«Баліць — трындзец як». Ваданосава распавяла пра аперацыю і цяперашнюю рэабілітацыю

Навукоўцы расказалі, якія рызыкі для здароўя нясе паўторнае заражэнне кавідам

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
40
Панылы сорам
10
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
14
Абуральна
22
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930