Знайсці
05.07.2022 / 19:422РусŁacБел

«Я не экстрэміст, а чалавек на баку праўды». Гумарыст Дзмітрый Танковіч стаў вядучым Nexta Live

Былы кавэзэшнік стаў вядучым новага сатырычнага праекта на ютуб-канале Nexta Live. «Наша Ніва» даведалася падрабязнасці вяртання суайчынніка ў беларускі эфір.

Дзмітрый Танковіч: «Я знаходжуся на баку праўды і шчыра веру, што яна пераможа». Скрыншот: Nexta Live

Пры канцы чэрвеня ў эфіры канала Nexta Live з'явілася новая перадача «А я вам зараз пакажу».

Кожны выпуск — гэта 10—12 хвілін годнай іроніі, а месцамі сатырычнага сцёбу, аб'ектам якіх выступаюць самыя абсурдныя ды рэзанансныя падзеі на тэрыторыі Украіны, Расіі ды Беларусі. Цікава, што тварам праекта стаў вядомы беларускі шоўмен Дзмітрый Танковіч, які доўгі час працаваў вядучым на ўкраінскім тэлеканале «Кіеў».

«Насамрэч, ідэя з'явілася яшчэ ў лютым — за два дні да пачатку расійскага ўварвання, — распавёў «Нашай Ніве» былы франтмен мінскай каманды КВЗ «ЧП». — Але вайна зблытала ўсе планы.

Зразумела, што першымі тыднямі сакавіка ўсім было не да перадачы. Таму запуск пілота адклалі. Аднак пасля пытанне інфармацыйнай дапамогі фронту ды краіне зноў набыло актуальнасць. Мы актывізаваліся — і зараз вынік бачны ўсім».

Цікава, што першапачаткова праект «размаўляў» выключна на ўкраінскай мове і выходзіў як на тэлеканале «Кіеў» — асноўным працоўным месцы гумарыста ў СМІ — так і на ютуб-канале вяшчальніка. Пасля цікавасць да перадачы праявіла Nexta Live, і тэкст пайшоў на яе платформе ў рускім варыянце. Таму зараз Танковіча чуюць і разумеюць амаль у кожнай краіне былога Савецкага Саюза. Да таго ж праглядаў нямала дадаюць карыстальнікі з Еўропы і ЗША.

Запіс перадачы адбываецца ва ўкраінскай сталіцы, пасля чаго сігнал перадаецца Nexta Live. «Усё адбываецца ва ўмовах і па законах ваеннага часу, — пасміхаецца Дзмітрый.

— Робім кожны выпуск максімальна хутка, максімальна бюджэтна, але імкнемся захоўваць высокую якасць матэрыялу ды карцінкі».

Значнасць праекта для сябе і для кожнага ўдзельніка «А я вам зараз пакажу» шоўмен акрэслівае даволі проста: мы прагнем, каб нас пачулі.

«Ва ўмовах інфармацыйнай блакады ў Расіі, Беларусі, а часамі і ў Еўропе (прынамсі да блакавання RT і СМІ аналагічнага кшталту) важна, каб людзі бачылі вонкавы бок з'яваў, пра які нават падумаць не маглі, і разумелі тое, што заставалася па-за ўвагай», — тлумачыць Танковіч.

Сцэнары першых перадач Дзмітрый пісаў самастойна, што, дарэчы, і працягвае рабіць у дачыненні да ўкраінскіх выпускаў.

Праграмы ж, якія больш адрасаваныя беларускай аўдыторыі, апошнім часам дапамагаюць ствараць суайчыннікі гумарыста.

Да статусу экстрэміста, які шоўмен аўтаматычна атрымаў пасля супрацоўніцтва з забароненым беларускімі ўладамі Nexta Live, Танковіч ставіцца саркастычна.

«Не адчуваю сябе нейкім падрыўніком спакою, бо не звяртаю ўвагі на высілкі беларускай альбо расійскай прапаганды. Так, менавіта яны падкідаюць тэмы для новых выпускаў перадачы. Але на персанальным узроўні яны не вартыя ўвагі, — падкрэслівае Дзмітрый. І ўдакладняе сваё светаадчуванне: — Я знаходжуся на баку праўды і шчыра веру, што яна пераможа, як бы пафасна гэта ні гучала».

Чытайце таксама:

«Незласліва? Мы высмейвалі Лукашэнку так, як рабіў гэта ўвесь беларускі народ». Вялікая гутарка з былым кавэзэшнікам Дзмітрыем Танковічам

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
06.07.2022
Имхо. Чалый с новостями на голову выше, хотя первые его выпуски были ну такое... Передачи Танковича унылые донельзя. Пытался смотреть пару раз. Ерунда. Натянуто, несмешно, избито.
07.07.2022
Беру слова назад. Последние два выпуска виден рост в шутках. Стали злее. Осталось бы подачу поживее сделать и будет хорошо
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031