Знайсці
09.07.2022 / 15:57РусŁacБел

Ад кахання да скону да судовага пазову. Гісторыя складаных адносін Шакіры і Жэрара Піке

Некалі яны былі прыгожай парай, а цяпер Шакіра і Жэрар Піке гатовыя змагацца адно з адным у судах. Расказваем гісторыю адносін знакамітай спявачкі і гульца «Барселоны».

Фота: АР

Шакіра і Піке пазнаёміліся ў 2010 годзе ў Мадрыдзе перад футбольным чэмпіянатам свету ў ПАР. Калумбійка была музыкальным тварам турніру, Піке — абаронцам іспанскай зборнай. Гульца запрасілі паўдзельнічаць у здымках кліпа на песню Шакіры Waka Waka — афіцыйны гімн чэмпіянату, і пасля здымак ён папрасіў у Шакіры нумар тэлефона.

Спачатку спявачка і Піке проста перапісваліся. Ён расказваў ёй пра тое, як гуляе іспанская зборная, і абяцаў выйсці ў фінал чэмпіянату свету, каб ізноў пабачыць дзяўчыну. Гулец не зманіў.

На той час Шакіра больш за 10 гадоў сустракалася з Антоніа дэ ла Руа, сынам экс-прэзідэнта Аргенціны, Піке ж каля года быў у адносінах з актрысай Нурыяй Томас. У пачатку 2011 года як адны, так і другія адносіны скончыліся, і вясной таго ж года Шакіра і Піке нарэшце абвясцілі пра свой раман.

Шакіра і Піке на сцэне падчас канцэрта зоркі ў Барселоне, май 2011 года. Фота: АР

Шакіра дзеля сям’і на некалькі гадоў ахвяравала кар’ерай і адмовілася ад вялікіх гастрольных тураў. У 2013 годзе яна нарадзіла ад Піке сына Мілана, яшчэ праз два гады з’явіўся другі хлопчык, Саша. Некалі спявачка ўвогуле думала сысці з прафесіі, але цяпер ужо былы каханы яе пераўпэўніў: «Жэрар сказаў, што дазволіць мне сысці з музыкі, калі мне не будзе што сказаць, а пакуль я павінна рабіць тое, што люблю. Ён меў рацыю, я проста спужалася».

Але ж і Піке адчуў на сабе ўплыў адносін з Шакірай. За сумесныя фоты з каханай на яго злаваўся тагачасны трэнер «Барселоны» Хасэп Гвардыола. Коўч не ацаніў здымкі з рафтынгу (сплаву па горнай рацэ): успрыняў гэта як непатрэбную рызыку для здароўя ды яшчэ і злаваўся, што пара апублікавала тыя фоты. Аналагічна Гвардыола адрэагаваў на здымкі з паездкі на гідрацыклах у Маямі. У выніку, як скончыўся адпачынак, Піке не трапіў у асноўны склад каманды на важную гульню Лігі Чэмпіёнаў супраць «Баера».

Японскі інтэрнэт-магазін Rakuten, што цяпер спансуе «Барселону», пачаў супрацоўнічаць з клубам шмат у чым праз Піке і Шакіру. На сумеснай вячэры яны пазнаёмілі боса кампаніі і прэзідэнта «Барсы» Жазэпа Бартамеў.

Аднойчы Шакіра распавяла ў інтэрв’ю, што адносіны з Піке яшчэ і паўплывалі на яе веру: «Мне здаецца, існаванне Бога можна даказаць толькі праз любоў. Я сама на нейкі час страціла веру ў яго. Я стала агностыкам. І гэта было сапраўды цяжка, бо я заўсёды была рэлігійным чалавекам, але на працягу некалькіх гадоў, няхай гэта гучыць банальна, я не адчувала любові і пачала думаць, што Бога няма. І раптам я сустракаю Жэрара, і з’яўляецца сонца».

Кліп Шакіры з удзелам Жэрара Піке

Вядома, што Піке забараніў Шакіры здымацца ў гарачых кліпах з мужчынамі. У 2014 годзе спявачка выпусціла сумесны ролік з Рыянай, які ніяк не назавеш сціплым, і для здымкаў у ім нават брала дазвол у Піке. Яна апісвала гэта так: «Адзіным чалавекам, якому ён мог бы дазволіць дакрануцца да майго сцягна, была Рыяна».

У каханых часта пыталіся, чаму ж яны дагэтуль не бяруць шлюб. Калі верыць Шакіры, супраць гэтага выступала яна сама: «Я не хачу, каб Жэрар бачыў ува мне жонку. Я хачу, каб ён бачыў мяне сваёй дзяўчынай, каханкай, маленькім забароненым плодам, разумееце? Я хачу трымаць яго ў напружанні. Я хачу, каб ён думаў, што ўсё магчыма, у залежнасці ад паводзін. У нас ужо ёсць самае галоўнае — наш саюз, каханне адно да аднаго і дзеці. Шлюб гэта не зменіць. Але калі я калі-небудзь і выйду замуж, то дакладна за Жэрара».

Сам Піке яшчэ вясной 2018 года казаў пра шлюб: «Я ўпэўнены, што ў бліжэйшай будучыні мы абавязкова пажэнімся».

Дык што ж здарылася з парай?

Падчас раману зорак іспанскія і калумбійскія медыя часта пісалі, нібыта пара гатовая разысціся. Сярод прычын называлі здрады Піке, у тым ліку і меркаваныя адносіны з былой дзяўчынай Нурыяй Томас. Яшчэ адной праблемай пары лічылі розніцу ва ўзросце, бо Шакіра старэйшая за Піке на 10 гадоў.

Некалькі месяцаў таму спявачка перастала публікаваць у сацсетках сумесныя здымкі з Піке, яна таксама паехала ў адпачынак без каханага. І нарэшце ў пачатку чэрвеня іспанскія медыя агарошылі навіной: Шакіра і Жэрар Піке разыходзяцца.

Шакіра і Піке на матчы чэмпіянату свету па баскетболе, 9 верасня 2014 года. Фота: АР

Меркаваная прычына расставання — здрада гульца «Барселоны»: Шакіра нібыта застала яго з іншай жанчынай проста ў іх доме. Першапачаткова лічылі, што разлучніца — мама 17-гадовага Гаві, паўабаронцы «Барсы». Але потым высветлілася, што насамрэч размова ідзе пра бландзінку, якой крыху за 20. Дзяўчына вучыцца ва ўніверсітэце і працуе вядучай на мерапрыемствах.

Выглядае, што былыя каханыя не збіраюцца захоўваць добрыя адносіны паміж сабой. Шакіра збіраецца выехаць у Маямі з Каталоніі, дзе яна жыла разам з Піке і іх сынамі, і забраць дзяцей з сабой. Хаця пара і не была ў шлюбе, спявачка не можа забраць дзяцей без дазволу іх бацькі, і гулец не збіраецца яго даваць. Ён жадае стаць законным апекуном Мілана ды Сашы.

Больш за тое, кажуць, што Шакіру сур'ёзна раззлавала здрада Піке і цяпер яна жадае адпомсціць футбалісту за ўсё. Інсайдары тлумачаць гэта так: «Яна зразумела, што не ведала мужчыны, з якім жыла. Яна не збіраецца спыняцца. Яна гатовая на ўсё. Ёй было не прывыкаць да флірту Піке з іншымі дзяўчынамі, але яна ніколі не думала, што ён здраджваў ёй. Яна хоча сабраць козыры. Цяпер у яе ёсць людзі, якія шукаюць інфармацыю і складаюць падрабязную справаздачу пра Піке і яго паводзіны».

Калі ў Шакіры атрымаецца знайсці адпаведны кампрамат на мужчыну, гэта можа не толькі пазбавіць яго магчымасці жыць разам з дзецьмі, але і разбурыць яго кар'еру. У спявачкі і Піке наперадзе доўгія судовыя спрэчкі, і яны ўжо пачалі да іх рыхтавацца. Піке звярнуўся да адваката Тамбарэра Абагадаса, які займаецца разводамі, Шакіру ж будзе абараняць сямейны юрыст Пілар Манэ.

Тыя, хто добра ведае калумбійку, кажуць, што Піке нажыў сябе непажаданага ворага. У футбаліста і так не ўсё гладка: медыя пішуць, што Хаві, галоўны трэнер «Барселоны», збіраецца рабіць стаўку на больш маладых абаронцаў, чым Піке, а кіраўніцтва клуба патрабуе ад гульца пагадзіцца на зніжэнне заробка.

З рэпутацыяй у Піке таксама праблемы, і справа нават не ў здрадах каханай ды ў загулах. У красавіку стала вядома, што Піке спрыяў правядзенню Суперкубка Іспаніі ў Саудаўскай Аравіі. За гэта кампанія Kosmos, падкантрольная Піке, нібыта павінна была атрымаць 24 мільёны еўра.

Былы муж Брытні Спірс спрабаваў сарваць яе вяселле

Хочаце ажывіць старое каханне? Хутка для гэтага хопіць некалькіх таблетак

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера