Знайсці
04.07.2022 / 20:41РусŁacБел

Палітзняволенага журналіста Алега Груздзіловіча хочуць прапусціць праз яшчэ тры суды

Сталі вядомыя даты трох новых судовых працэсаў у дачыненні да журналіста Радыё Свабода Алега Груздзіловіча, які адбывае пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15. «Мінсктранс» выставіў яму тры грамадзянскія пазовы — за спыненне транспарту падчас акцый летам і восенню 2020 года на агульную суму больш як 56 тысяч рублёў, піша «Радыё Свабода».

3 сакавіка 2022 года журналіста Свабоды асудзілі на паўтара года пазбаўлення волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх (артыкул 342, ч. 1 КК) летам і ўвосень 2020 года. Нібыта Груздзіловіч спыніў грамадскі транспарт 16 жніўня на плошчы Незалежнасці, 11 кастрычніка на вуліцы Кальварыйскай і 18 кастрычніка на Партызанскім праспекце. Справы накіраваныя ў тры суды (адпаведна — Маскоўскага, Фрунзенскага і Партызанскага раёнаў).

Месяц таму ў камеру да журналіста прыходзіў афіцэр і патрабаваў падпісаць паперу, што ён згодны, каб першы суд паводле пазову «Мінсктранса» адбыўся 6 чэрвеня. Груздзіловіч тады паперу не падпісаў, настойваў, каб на працэсах прысутнічалі адвакат і ягоная жонка, бо самога яго з магілёўскай калоніі ў Менск на судовыя працэсы не павязуць. Цяпер сталі вядомыя даты судоў.

У Заводскім судзе пазоў «Мінсктранса» да Груздзіловіча за шэсце па Партызанскім праспекце 18 кастрычніка 2020 года будуць разглядаць 15 ліпеня.

У Маскоўскім судзе працэс адбудзецца 22 ліпеня (нібыта таксама ёсць фота з плошчы Незалежнасці, дзе 16 жніўня Алег Груздзіловіч у сіняй камізэльцы з надпісам «Прэса» і акрэдытацыяй МЗС Беларусі на грудзях стаіць з мікрафонам).

Жонка Алега Груздзіловіча Мар’яна звяртае ўвагу на тое, што 16 жніўня, калі ў Мінску адбылася самая шматлюдная акцыя, плошча Незалежнасці яшчэ з 10-й раніцы была агароджаная турнікетамі.

«Грамадскі транспарт на праспекце Незалежнасці ў той дзень прэвентыўна быў спынены не дэманстрантамі, а менавіта гарадскімі ўладамі. Алегу інкрымінуюць, што ён спыніў транспарт на цэлы дзень — з 10-й да 20-й гадзіны, а ён там знаходзіўся прыкладна а 16-й гадзіне. Прычым на абсалютна законных падставах — як акрэдытаваны карэспандэнт Радыё Свабода».

У Фрунзенскім судзе разгляд пазову «Мінсктранса» прызначаны на 25 ліпеня (нібыта ў матэрыялах справы ёсць здымак, дзе Алег 11 кастрычніка стаяў на праезнай частцы вуліцы Кальварыйскай).

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
7
Абуральна
20
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930