Знайсці
05.07.2022 / 17:44 1

«Гэты дзень вы запомніце, бо ледзьве не злавілі Капітана Джэка Вераб'я!» Джоні Дэп вяртаецца ў франшызу пра піратаў?

У жыцці Джоні Дэпа 2022 год можа стаць адным з самых паспяховых ды шчаслівых. Пасля адводу ўсіх прэтэнзій з боку былой жонкі Эмбер Хёрд акцёр ідзе на другую перамогу запар. Студыя «Дыснэй» прапануе Джэку Вераб'ю вярнуцца на капітанскі масток «Чорнай Пярліны». Высвятляем, калі чакаць грандыёзнага ўз'яднання.

За вяртанне ў свет піратаў студыя «Дыснэй» гатовая прапанаваць Дэпу 300 млн даляраў. Фота: Disney

Але ж у гісторыі піратаў Карыбскага мора пастаўлена кропка!

Так разважаюць выключна тыя гледачы, што ў 2017-м пакідалі залю з першымі радкамі тытраў. Шчаслівая развязка быццам падводзіла выніковую рысу пад эпапеяй з пяці паўнавартасных стужак. Аднак самым цярплівым фанатам пасля заканчэння саўндтрэка ды пераходу экрана ў цемру раптоўна вылятаў бонус — сцэна, што рабіла фінал адкрытым. Мроі Уіла ў абдымках Элізабэт перарываліся з'яўленнем ценю Дэві Джонса. І нават калі рэчаіснасць даводзіла галоўнаму герою, што кашмар існаваў толькі ў сне, плямы вады ды ракавінкі побач з ложкам намякалі ўсяму свету на зусім іншы стан рэчаў.

У студзені ж 2022-га планы ўладальнікаў франшызы па распрацоўцы новага эпізоду сталі ўсё часцей «выцякаць» у медыя. Спачатку Кая Скадэларыя пацвердзіла, што яе гераіня Карына Барбоса (дачка знакамітага пірата-капітана) зноў гатуецца да баявых дзеянняў. А пасля перасталі хаваць імя сцэнарыста шостай серыі. Ім стаў аўтар амаль усіх папярэдніх канцэптуальных перыпетый сусвету піратаў Тэд Эліят.

Ёсць разуменне і адносна кірунку, куды «Дыснэй» прагне развярнуць ход аповяду. Пракачваць «фемінінны» канцэпт зараз прадуктыўна не толькі з медыйнага, але і з палітычнага пункту гледжання. Таму не дзіва, што па кастынг ужо звярталіся да галоўнай Харлі Куін сусвету DC Comics Марго Робі, каб зрабіць яе альтэрнатыўным хэдлайнерам фільма. Да таго ж перазаключэнне кантрактаў з вядучымі актрысамі праекту таксама было ў прыярытэце кінастудыі.

Дык якім бокам тут Дэп? Яго ж увогуле выгналі з «Піратаў»!

Заява, магчыма, гучная, але недалёкая ад ісціны.

У 2018-м — пасля 15 год сумеснай працы — «Дыснэй» разарваў стасункі з галоўнай зоркай праекту. Яго праблемы з алкаголем, судовыя абвінавачванні ў хатнім гвалце ды псіхічныя праблемы прывялі да таго, што акцёра выкраслілі з галівудскага жыцця цалкам. Гарантаваная роля ў «Піратах» абнулілася, як і прапанова здымак у «Фантастычных істотах» па кнізе Джаан Роўлінг.

Да таго ж агенту Дэпа перасталі тэлефанаваць з разлікам на перспектыву — артыкул Хёрд, надрукаваны ў The Washington Post, у вачах людзей зрабіў з прыгажуна сапраўдную пачвару. І ў Джоні меўся мізэр перспектыў аднавіць рэпутацыю.

Эмбер Хёрд і Джоні Дэп. Фота: AP

Тым не менш пераход суда на бок Дэпа ў юрыдычных змаганнях з Эмбер раптоўна перакуліў сітуацыю з ног на галаву. Акцёр не толькі ўзбагаціўся на мільёны даляраў (годны прыбытак, калі ўлічыць яго страты з-за разарваных кантрактаў), але і вымусіў студыі перагледзець палітыку ўзаемных стасункаў. Той жа «Дыснэй» зараз адчувае сябе вінаватым у паспешных высновах ды кадравых рухах.

Да таго ж кавід ды яго фінансавыя наступствы негатыўна адбіліся на балансе кінастудыі. І тая мроіць за кошт перазапуску «Піратаў» адным стрэлам забіць двух зайцоў — і з Дэпам замірыцца, і касавыя зборы пакласці ў кішэню. Да таго ж ўласны медыйны рэйтынг пасля такога «рэюніану» зноў відавочна пойдзе ўгару.

А што сам Дэп? Ужо гатовы вяртацца ў кіно?

Напрыканцы чэрвеня прадстаўнікі акцёра абверглі чуткі пра вяртанне Джоні на капітанскі масток «Чорнай Пярліны». Маўляў, эмацыйна акцёр пакуль не аднавіўся — і нават ганарар у 300 млн даляраў яго не вабіць. Аднак шэраг рухаў вакол яго асобы і франшызы падказваюць, што супраціўляцца прапанове зноў стаць Джэкам Вераб'ём будзе вельмі складана.

Грошы — самая відавочная з прычын. Бо фінансавая страты апошніх гадоў вымагаюць ад Дэпа яшчэ раз-другі з'явіцца на здымачных пляцоўках, хай сабе 59-гадовы акцёр ужо і не такі працаздольны. Акрамя таго, вобраз Вераб'я — найулюбёнейшы ў кар'еры Дэпа. І кідаць яго без апошняга паклону той не хацеў бы.

Паралельна штурхаюць «Піратаў» на былыя рэйкі і ключавыя ўдзельнікі праекта. У прыватнасці прадзюсар Джэры Брукхаймер. Яшчэ ўвесну ён звяртаўся да студыі «Дыснэй», каб вярнуць Дэпа ў справу, аднак атрымаў адмову. Зараз жа ён робіць новыя захады па рэалізацыі ідэі. І мае моцныя пазіцыі — не толькі таму, што акцёр адбіўся ад нападак Хёрд, але і з поспехаў уласнай кар'еры.

У свае 78 Брукхаймер перазапусціў «мёртвую» франшызу «Тop Gun» праз сіквэл «Maverick» з такім жа «мёртвым» у апошнія гады Томам Крузам. На «Дыснэі» засталіся ў захапленні ад вынікаў «рэанімацыі» — і прагнуць такога ж поспеху з «Піратамі».

Фота: Disney

Дарэчы, пра саму кінастудыю. Каб канчаткова запэўніць Дэпа ў шчырасці свайго каяння, яны абяцалі зрабіць ахвяраванне «велізарнай сумы» ў любы дабрачынны фонд, які абярэ акцёр. Да таго ж уладальнікі франшызы заахвочваюць партнёраў Джоні па здымачнай пляцоўцы да перамоў. Дакладней, да матывацыі акцёра зноў далучыцца да праекта пад лозунгам «Без Дэпа не існуе «Піратаў».

Ідэя, канешне, крывадушная, калі згадаць, што яшчэ два гады таму абмяркоўвалася ператварэнне Вераб'я ў Джэймса Бонда. То-бок, захаванне імя ды стылістыкі героя пры ўвасабленні ў яго новага акцёра. Аднак сёння пра гэтыя планы «Дыснэй» намагаецца не згадваць, а ўхваляе спічы, напрыклад, Кевіна МакНэллі. Містэр Гібс у «Піратах», а ў рэальным жыцці адзін з сяброў Дэпа, з размовы ў размову паўтарае пра немагчымасць існавання Вераб'я без свайго адзінага альтэр-эга.

Містэр Гібс ды Капітан Джэк Верабей. Скрыншот: Disney

Цікава, што ў свае часы без гэтай ролі засталіся Джым Керы (быў заняты ў фільме «Брус усемагутны»), Х'ю Джэкман (прадзюсеры не паверылі ў харызму), Мэцью Макконахі (не прайшоў у шорт-ліст на пробы) ды Роберт дэ Ніра (не паверыў у поспех франшызы).

Але зараз ніводная з зорак не праяўляе цікавасці да Джэка Вераб'я, бо лічыць немагчымым перакрыць Дэпа ў гэтай іпастасі. Адносна ж ператварэння Марго Робі ў лідара праекта ёсць сумневы ўжо ў босаў «Дыснэя».

Дык калі новы фільм выйдзе ў пракат?

Пакуль таймлайн такі: у 2023-м распачаць здымкі, у 2025-м запусціць стужку ў пракат. Паралельна ідзе распрацоўка двух сцэнароў: адзін з Марго Робі, адзін без.

Першы, хутчэй за ўсё, дасць актрысе максімум волі як дачцэ Джэка Вераб'я, тады як Дэп будзе выкарыстоўвацца больш для сувязі розных сюжэтных нітак. Для натуральнай інтэграцыі жаночага персанажа ў франшызу «Дысней» запрасіў пісьменніцу Крысціну Ходсан — дзяўчаты ўжо працавалі разам у «Драпежных птушках», стужцы-папярэдніцы «Атраду самагубцаў».

Другі ж варыянт скрыпту можа прадугледжваць больш моцны ўплыў Вераб'я на свет «Піратаў», аднак для гэтага трэба, каб той цалкам аднавіў адносіны з «Дыснэем». У Галівудзе кажуць, што пасля заканчэння працэсу Дэп — Хёрд студыя даслала акцёру велізарны кошык кветак ды цёплы ліст з віншаваннямі. Аднак як паставіўся Джоні да гэтага прэзенту, пакуль невядома.

Раней Дэп казаў, што не адновіць супрацу з «Дыснэем», нават калі тыя дашлюць яму ў падарунак мільён альпак. Але, як кажуць, з часам загойваюцца нават самыя балючыя раны. Тым больш, калі справа тычыцца такога супергероя, як Капітан Джэк Верабей.

Фекаліі ў ложку, рэальныя. Як Джоні Дэп выйграў суд з экс-жонкай, які ўскрыў шмат непрыгожага

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
14
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
1
0
Жар / адказаць
05.07.2022
Столькі нюансаў ды падрабязнай валтузьні з тым вераб'ём вакол банальнага дзіцячага кіна. Асабліва пра мільёны важная інфа прайшла, чым больш мільёнаў, тым большы мастацкі ўзровень кінапрадукцыі бачны, нават у яшчэ няскончанага праекта.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6 7
8 9 10 11 12 13 14
15 16 17 18 19 20 21
22 23 24 25 26 27 28
29 30 31