Знайсці
04.07.2022 / 15:592РусŁacБел

У кастрычніку запусцяць чарговую пенсійную рэформу. Новаўвядзенні, як высветлілася, прадугледжваюць шмат нюансаў

З 1 кастрычніка ў Беларусі стартуе чарговая пенсійная рэформа, яна тычыцца дадатковай назапашвальнай пенсіі. Работнікі змогуць пры жаданні рабіць адлічэнні са сваіх заробкаў на другую пенсію, а наймальнік будзе абавязаны «дакінуць». Гэтая схема павінна працаваць, як плануецца, праз страхавую кампанію «Стравіта». Як высветлілася, рэформа прадугледжвае некалькі важных нюансаў. Да прыкладу, той, хто вырашыць адмовіцца ад такой страхоўкі, вярнуць свае грошы зможа толькі пасля выхаду на пенсію. У Мінпрацы раней скептычна выказваліся пра рэформу ашчаджальнай пенсійнай сістэмы, піша «Зеркало».

Якую рэформу па пенсіях запусцяць з кастрычніка і якія да яе ёсць пытанні

З 1 кастрычніка работнікі пры жаданні змогуць выплачваць страхавы ўзнос на дадатковую ашчаджальную пенсію — да 10% ад свайго заробку. Наймальнікі будуць абавязаныя ў такім выпадку пералічваць на гэты рахунак яшчэ да 3%. Прычым ёсць нюанс: працадаўца павінен пералічваць такі ж працэнт, як і работнік, але не больш за 3%. Да прыкладу, калі спецыяліст кампаніі вырашыць уносіць на дадатковую пенсію 2% ад свайго заробку, то столькі ж павінен дадаць і наймальнік. А калі работнік абярэ тарыф у 5%, то наймальнік «дакіне» максімальныя 3%.

Пры гэтым наймальнік будзе пералічваць грошы на дадатковую пенсію работніка з абавязковых страхавых адлічэнняў. Нагадаем, цяпер для большасці працадаўцаў адлічваюць 34% ад зарплаты работніка — 6% зарплатнага фонду ідзе на выплату рознай дапамогі, 28% — на пенсійнае страхаванне.

У Мінпрацы скептычна выказваліся пра рэформу ашчаджальнай пенсійнай сістэмы, якую ўвядуць з 1 кастрычніка. Асноўнае пытанне якраз тычылася таго, хто будзе кампенсаваць «абавязковыя страхавыя ўзносы, якія наймальнік, як чакаецца, будзе накіроўваць на ашчаджальную пенсію.

«Дзяржава, вядома, недаатрымлівае — з'яўляюцца прыбыткі, якія выпадаюць, — удакладняюць у кампаніі «Стравіта». — Яны (у залежнасці ад патрэбы) стануць пакрывацца за кошт рэспубліканскага бюджэту, калі работнік, за якога частку ўзносаў працадаўца накіроўвае на імянны рахунак, аформіць сабе звычайную пенсію ў пенсійнай сістэме. Разлічвацца яна будзе па тых жа нормах, што і ва ўсіх астатніх. У гэтым і заключаецца дзяржаўнае суфінансаванне».

У бюджэце ФСАН, са сродкаў якога выплачваюць пенсіі і дапамогу, не першы год назіраецца дзірка, праз якую патрабуюцца штогадовыя ўліванні — субвенцыі з дзяржбюджэту. Пра гэта раней заяўляў у ліку іншага Аляксандр Лукашэнка. Мінпрацы і іншым профільным ведамствам не ўдаецца вырашыць гэтую праблему.

Дзе будуць захоўвацца пералічаныя работнікамі грошы на другую пенсію

«Унёскі налічваюцца і назапашваюцца на персанальным рахунку, у адрозненне ад Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, — удакладняюць у страхавой кампаніі «Стравіта», праз якую будуць адлічваць грошы на дадатковую пенсію. — Пасля гэтыя сродкі размяшчаюцца на рынкавых умовах у дэпазіты, каштоўныя паперы. Гэта дазваляе абараніць сродкі грамадзян ад інфляцыі».

Прыбытковасць па дамове дадатковага ашчаджальнага пенсійнага страхавання маюць намер усталяваць на ўзроўні стаўкі рэфінансавання. «Парадак налічэння і размеркавання дадатковай даходнасці (страхавога бонусу) будзе ўстанаўлівацца страхоўшчыкам па ўзгадненні з Міністэрствам фінансаў», — тлумачаць у страхавой кампаніі. Прасцей кажучы, тым, хто вырашыць аформіць страхоўку на другую пенсію, абяцаюць прыбытковасць на ўзроўні стаўкі рэфінансавання, якая цяпер складае 12% гадавых. Аднак такая працэнтная стаўка не захавае зберажэнні ад інфляцыі, калі яна будзе трымацца і далей на такім жа ўзроўні, як і цяпер. Нагадаем, у маі гадавая інфляцыя склала 17%.

Каму адмовяць у страхоўцы на дадатковую пенсію

У пенсійнай праграме, якая стартуе з кастрычніка, не змогуць удзельнічаць індывідуальныя прадпрымальнікі і самазанятыя, а таксама работнікі, у якіх працадаўца знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі або банкруцтва. Беспрацоўныя таксама не змогуць аформіць такую страхоўку, як і тыя, каму да выхаду на пенсію застаецца менш за тры гады. Для работнікаў, за якіх наймальнікі не выплачваюць унёскі ў ФСАН, таксама будзе недаступная гэтая пенсійная праграма.

«У выпадку міліцыянераў і вайскоўцаў узносы ў ФСАН не выплачваюцца, такім чынам, яны не могуць прыняць удзел у гэтай праграме», — удакладняюць страхавальнікі.

Ці можна атрымліваць зарплату ў рублях, а збіраць — у далярах?

Не. «Накапленні на «другую пенсію» і выплаты праводзяцца ў беларускіх рублях», — удакладняюць у кампаніі «Стравіта».

Ці можна адмовіцца ад страхоўкі да выхаду на пенсію і атрымаць раней свае грошы?

— Калі спыніць выплату страхавога ўзносу, то накопленая да гэтага перыяду сума замарожваецца, аднак на яе працягвае налічвацца даходнасць і бонус, але атрымаць яе можна толькі пры дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту або пры неспрыяльных падзеях, напрыклад, у выпадку ўстанаўлення інваліднасці I або II групы, — удакладняюць у страхавой кампаніі.

Пры гэтым нават пры выхадзе на датэрміновую пенсію атрымаць гэтыя грошы не атрымаецца. «Выплата праводзіцца толькі пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту», — дадаюць у страхавой кампаніі.

Што будзе са ўзносамі, калі страціць працу?

«Калі чалавек, які заключыў дагавор страхавання, па нейкіх прычынах стаў беспрацоўным, то выплата страхавых узносаў прыпыняецца, — тлумачаць страхавальнікі. — Калі сітуацыя з працаўладкаваннем вырашыцца, трэба напісаць заяву аб аднаўленні выплаты страхавых узносаў». Пра штрафныя санкцыі ў кампаніі не ўдакладняюць.

Ці можа наймальнік адмовіцца ад гэтай праграмы?

Не. «Працадаўца не мае права адмовіць ва ўдзеле ў страхаванні», — удакладняюць у страхавой кампаніі. То-бок, калі работнік захоча рабіць адлічэнні на другую пенсію, то наймальнік абавязаны таксама рабіць іх.

Ці можна работніку мяняць памер адлічэнняў на другую пенсію?

— Так. «У перыяд накаплення ўдзельнік праграмы раз на год можа ўносіць карэктывы ў абраны ім тарыф і змяняць працэнт адлічэнняў на асабісты рахунак, — тлумачаць страхавальнікі. — Хтосьці пачне з праграмы «3+3», калі 3% ад свайго заробку пералічвае страхавальнік, а 3% — працадаўца. На нейкім этапе ён можа звярнуцца ў страхавую кампанію і павялічыць памер адлічэнняў. Ці наадварот, калі першапачаткова быў абраны больш высокі тарыф, то ў выпадку зніжэння ўзроўню даходаў яго можна паменшыць».

Некаторыя беларусы ўжо цяпер аформілі страхоўку на дадатковую пенсію. Што будзе з імі з 1 кастрычніка?

Чыноўнікі плануюць, што пенсійныя дамовы, якія беларусы ўжо аформілі ў страхавых кампаніях праз наймальнікаў або самастойна, захаваюцца. Гэта значыць, іх можна будзе працягваць папаўняць. Праўда, такой магчымасцю карыстаюцца каля 5% работнікаў. У Мінфіне сярод прычын, чаму беларусы не спяшаюцца афармляць такія страхоўкі, раней называлі тое, што «чарада дэвальвацый падарвала давер да фінансавых інструментаў». Адкуль у беларусаў цяпер павінна дадацца аптымізму і даверу — адкрытае пытанне.

Калі можна будзе атрымаць накопленыя грошы?

Гэтыя сродкі можна будзе атрымаць па сваім выбары на працягу 5 або 10 гадоў. Але зрабіць гэта можна будзе толькі пасля дасягнення агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. На сёння гэта 63 гады для мужчын, а для жанчын — 58 гадоў.

Ці можна атрымаць у спадчыну такую пенсію?

У Мінпрацы раней паведамлялі, што «прадугледжваецца магчымасць атрымання ў спадчыну ашчаджальнай пенсіі».

Але раней міністр працы Ірына Касцевіч, кажучы пра атрыманне ў спадчыну такой пенсіі, рабіла агаворку — у тым выпадку, калі гэта вельмі важна».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
цю-цю/адказаць/
04.07.2022
а калі работнік аформіць гэтую праграму, будзе рабіць адлічэнні, але не дажыве да пенсіі, ці змогуць потым сваякі атрыма грошы? ці ўсё - грошы цю-цю - пойдуць вусатаму ў кішэню?
0
Антон/адказаць/
04.07.2022
На гэта и расчёт, чтобы обдурить бедных людей!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031