Знайсці
02.07.2022 / 20:11РусŁacБел

Пратэсты ва ўзбекістанскім Каракалпакстане перамаглі — рэгіён не будуць пазбаўляць ранейшай аўтаноміі

Пра гэта паведаміла прэс-служба прэзідэнта Узбекістана. Шаўкат Мірзіёеў прыехаў у горад Нукус, які стаў цэнтрам пратэстаў, і сустрэўся з мясцовымі дэпутатамі, прадстаўнікамі старэйшага пакалення і актывам Каракалпакстана. Ён запэўніў іх, што цяперашняя рэдакцыя Канстытуцыі краіны ў артыкулах, датычных аўтаноміі рэгіёна, мяняцца не будзе.

Рашэнне прынятае «з улікам таго, што працэс абмеркавання змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю яшчэ працягваецца, а таксама на аснове вывучэння меркаванняў жыхароў Каракалпакстана», гаворыцца ў паведамленні.

Каракалпакстан — самы буйны рэгіён Узбекістана на захадзе краіны. Цяпер ён лічыцца суверэннай рэспублікай у складзе Узбекістана з правам выхаду з яго складу па выніках рэферэндуму. У новай Канстытуцыі Узбекістана гэта палажэнне прапаноўвалі выключыць.

Каракалпакстан займае траціну тэрыторыі Узбекістана. Больш за 80 працэнтаў плошчы рэгіёна — пустыні. Каракалпакстан размешчаны ў даліне ракі Амудар'і і даходзіць да берагоў Аральскага мора, пасля высыхання якога паўночна-заходняя частка вадаёма з-за шчолачных соляў была аб'яўленая зонай экалагічнай катастрофы.

Тут жыве звыш аднаго мільёна 800 тысяч чалавек, з іх больш за паўмільёна — каракалпакі. Этнічна і моўна яны больш блізкія да казахаў, чым да ўзбекаў. Уласна казахі паводле апошняга перапісу насельніцтва, які адбываўся ў Узбекістане яшчэ пры СССР, у 1989 годзе, складалі траціну насельніцтва рэспублікі. Якая дакладная этнічная сітуацыя там цяпер — можна толькі здагадвацца. 

14 снежня 1990 года парламент Аўтаномнай Рэспублікі Каракалпакстан у складзе Узбекскай ССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, якая прадугледжвала поўную незалежнасць дзяржавы. Аднак урад Узбекістана ў 1993 годзе падпісаў з Каракалпакстанам міждзяржаўны дагавор тэрмінам на 20 гадоў аб уваходжанні Рэспублікі Каракалпакстан у склад Узбекістана. У пагадненні было агаворана права выхаду аўтаномнай рэспублікі з Узбекістана шляхам правядзення рэферэндуму. Але ў 2013 годзе, калі гэты тэрмін падышоў да канца, абяцанне было проста забыта — ва Узбекістане была жорсткая дыктатура Іслама Карымава, які не зважаў ні на народ, ні на законы.

Чытайце таксама: Ва ўзбекістанскім Каракалпакстане праходзяць масавыя пратэсты

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера