Знайсці
02.07.2022 / 11:591РусŁacБел

Добраахвотнік Ігар «Янкі» Номан: Калі вайскоўцы з Беларусі ўвойдуць ва Украіну, справіцца з імі будзе лягчэй, чым з буратамі

Камандзір інтэрнацыянальнага батальёна «Тытан» Ігар Номан, вядомы як «Янкі», распавёў УНІАН, ці варта баяцца наступу войска Беларусі на Украіну.

— Як беларусы ставяцца да таго, што адбываецца сёння ва Украіне? Як ставяцца да расійскай агрэсіі, да вайны?

— Я працягваю мець зносіны з многімі беларусамі. Тыя, хто мог штосьці зрабіць, проста паз'язджалі з Беларусі. Я разумею, што многія, хто застаўся, супраць усяго гэтага, але, на жаль, яны нічога не могуць зрабіць, бо баяцца рэжыму. Таму і адбываюцца пускі ракет, бамбаванне Украіны з тэрыторыі Беларусі.

Акрамя таго, ёсць яшчэ і нейкая колькасць людзей, што схільныя да прапаганды. Мне падавалася, што такіх ужо няма, але, размаўляючы ў інтэрнэце, даведаешся, што ёсць беларусы, якія падтрымліваюць Расію, якія лічаць тое, што адбываецца «спецаперацыяй».

— Сёння, калі Пуцін штурхае Лукашэнку ў вайну супраць Украіны, у Мінску магла б пачацца новая хваля пратэстаў?

— Я не бачу гэтага. Гэта ж залежыць ад людзей. А ў Беларусі цяпер зрабілі больш жорсткім заканадаўства. Лукашэнка ўжо памяняў Канстытуцыю. Калі ён сыдзе, то ёсць людзі, якія зоймуць яго пост.

У краіне ўведзена смяротнае пакаранне і яго можна ўжыць абсалютна да кожнага. Чалавеку пагражае смяротнае пакаранне ўжо нават за тое, што ён проста падумаў пра «тэрарызм».

— На нядаўняй сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі першы казаў пра стварэнне саюзнай дзяржавы, а другі нават пагражаў вайной Літве. Можаце дапусціць, што Беларусь будзе ўцягнутая ў вайну з Украінай, ці нават і ў сусветную вайну?

— Магчыма, гэта гульня Пуціна, каб гэтай саюзнай дзяржавай ён усё-ткі змог поўнамаштабна ўцягнуць беларусаў у вайну. Але для чаго гэта трэба Лукашэнку? Мне падаецца, у яго ўжо няма шляхоў для адступлення. Вы ж разумееце, што Расія доўгі час укладала ў Беларусь грошы. А калі вы ўкладаеце грошы ў бізнес, вы ж патрабуеце аддачы?

Але якая сусветная вайна? Пагрозы Лукашэнкі абсалютна пустыя. Мне цяжка паверыць, што яны пусцяць ва Украіну велізарную колькасць войскаў з Беларусі. Кажу гэта як чалавек, які жыў у Беларусі і разумее менталітэт.

Нават калі яны ўвойдуць, то справіцца з імі будзе лягчэй, чым з буратамі. Расію ўсе лічылі другой арміяй свету. Але што яна робіць цяпер? Атрымлівае з усіх бакоў!

Я не лічу беларускае войска нейкай магутнай сілай. Дзе наогул ваявалі войскі Беларусі? Якія з іх ваяры? Па-першае, яны ніколі не ваявалі. Па-другое, беларускае войска скіраванае на прыдушэнне ўнутранага канфлікту — абараняе самога Лукашэнку. Усе гэтыя АМАП і «Альфа» заточаныя толькі на тое, каб абараняць «царка».

— Вы лічыце, Лукашэнка баіцца застацца без арміі, калі яго войскі будуць удзельнічаць у новым наступе РФ на Украіну з поўначы?

— Безумоўна. Калі вы паглядзіце на тое, як круціцца Лукашэнка ў гэтую хвіліну, ён спрабуе перасесці з крэсла на крэсла так, каб не выпускаць усё войска, якое патрабуе ад яго Пуцін. Калі ён выпусціць войска, яго пераб'юць. Адпаведна, няма каму будзе абараняць яго жыццё.

Паглядзіце, як рускія раскідваюцца сваімі салдатамі. Калі ва Украіне абсалютна кожны чалавек каштоўны, то ў Расіі — не. Там думаюць так: «Пушчу я туды 500 чалавек. «Зажмурыліся», значыць новых прывядзем». Так і тут будзе. Скажуць ім ісці, яны пойдуць і ўсё — не вернуцца.

Я размаўляў з хлопцамі, якія засталіся ў Беларусі.

Яны напагатове ўжо які месяц. Яны стаяць на мяжы ў поўнай амуніцыі і чакаюць. Ёсць часткі, якія гатовыя адразу ж здавацца ў палон.

— А ці ёсць у вайскоўцаў Рэспублікі Беларусь такія настроі, каб перайсці на бок Украіны?

— Я не кажу, што яны хочуць перайсці на бок Украіны. Яны не пойдуць за нас ваяваць. Калі здаюцца ў палон, значыць, баяцца і хочуць захаваць сваё жыццё.

Галоўны мінус, які ў гэтую хвіліну ёсць, гэта тая колькасць ракет, якія ляцяць з тэрыторыі Беларусі…

— Наколькі Расіі перашкаджаюць беларускія партызаны, што пачалі так званую «рэйкавую вайну»? 29 чэрвеня стала вядома, што следчы камітэт Беларусі завяршыў расследаванне ў дачыненні да трох затрыманых. Ёсць рызыка, што іх дзейнасць спыніцца?

— Я таксама чуў, што кагосьці з партызанскага руху ўжо ліквідавалі або расстралялі. Але не ведаю, наколькі гэта праўда. Сёння вы можаце ведаць пра існаванне тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», у ім паведамляецца аб перамяшчэнні войскаў на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку.

Агулам, скажу так: калі ёсць такія людзі і такія фармаванні, якія гэтым займаюцца, гэта лепшыя людзі краіны. Калі мне пішуць: «Ігар, мы нічога не можам зрабіць…», але пасля ты чуеш гісторыю пра тое, што хлопцы, якія ніколі гэтым не займаліся, пайшлі і падарвалі, гэта выклікае вялікую павагу. Вось гэта і ёсць сапраўдныя беларусы. Як кажа мой сябар — гэта беларусы здаровага чалавека.

— Ва Украіне беларусы ваююць супраць Расіі з 2014-га года. Тады сфармавалася «Тактычна група Беларусь». Вы прыехалі пасля мінскіх пратэстаў-2020 і сталі камандзірам свайго падраздзялення. У 2022 годзе быў сфармаваны добраахвотніцкі батальён беларусаў — полк Кастуся Каліноўскага. То-бок, поўнамаштабнае ўварванне РФ ва Украіну справакавала ўжо трэцюю хвалю эмігрантаў і добраахвотнікаў. З якімі цяжкасцямі сутыкаецца беларус, калі прыязджае ваяваць за Украіну?

— Ва Украіне праблема — калі няма ніякіх дакументаў спачатку. Ты едзеш у аўтамабілі і даводзіцца побач саджаць украінца, каб ён тлумачыў на пастах, што ты — нармальны беларус. А так, асабліва ніякіх праблем няма.

У мяне ёсць дакумент аб дадатковай абароне, але з нас усіх такі ёсць у мяне аднаго. Затое ў кагосьці ўжо скончыўся ВНЖ, у кагосьці скончыліся тэрміны дакументаў. Гэтая велізарная праблема цягнецца з 2014-га года, калі хлопцы, шукаюць, дзе ім зрабіць від на жыхарства ці куды з'ехаць. Таму я і стварыў петыцыю аб наданні грамадзянства для тых замежнікаў, якія ўсталі на абарону Украіны, па паскоранай працэдуры.

Наданне грамадзянства Украіны — складаны, бюракратызаваны працэс. Цяжка ўявіць, як, умоўна, тысячам беларусаў выдадуць украінскія пашпарты.

Давайце я падзялюся сваім бачаннем. Уявім, ёсць батальён добраахвотнікаў. Калі чалавек, умоўна, тры месяцы, або паўгады ваюе за Украіну, тады яму даюць грамадзянства.

— А як жа рызыкі?

— Людзі пісалі мне аб тым, што, маўляў, гэта могуць быць дыверсанты. Добра, тады няхай у час надання грамадзянства гэтыя людзі праходзяць ва Украіне паліграф.

Калі тысячам людзей даюць грамадзянства — гэта бачаць людзі ў іншых краінах і разумеюць, што ў такой сітуацыі можна ехаць ваяваць сюды. Добраахвотнік думае: «Я прыеду і не буду пераймацца, што ў мяне не будзе дома». Да таго ж, украінскае грамадзянства — адзіны інструмент вярнуць замежнага грамадзяніна з палону. Калі ў палон патрапіць беларус — яго адправяць у Беларусь, а не абмяняюць.

Нельга верыць ворагу, што ён будзе прытрымлівацца правоў чалавека, законаў або канвенцый ААН, гэта смешна. Таму ні пад якой іншай падставай, акрамя ўкраінскага грамадзянства, палонных [замежных] добраахвотнікаў не вярнуць. І я думаю, гэтае пытанне павінна быць вырашана нават без петыцыі.

— Ці шмат сёння беларусаў у палоне ў рускіх?

— Не магу такое распавядаць. Я ведаю людзей, блізкіх мне людзей, якія там. Мае блізкія — у палоне.

— Гэта не адзін чалавек?

— Так.

— Як вы лічыце, як надоўга зацягнецца вайна з Расіяй?

— Я думаю, што цяпер вайна на стагоддзе. Я наогул ніколі не казаў бы фразамі Арастовіча, што вайна працягнецца два-тры тыдні, або да верасня. Усё будзе так, як яно будзе. І ўсе хлопцы, якія з намі, ідуць да канца. Пакуль мы не забярэм усё, што нашае, ніхто не супакоіцца.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Димон/адказаць/
30.09.2022
Игорь Номан (Янки) новий президент свободной Беларуси! ! !
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031