Знайсці
01.07.2022 / 13:081РусŁacБел

Да 20% загарадных дамоў прадаецца па даверанасці. Якія змены на рынку нерухомасці

З сярэдзіны мая рынак загараднай нерухомасці ажыў. Колькасць прапаноў расце, вышэй становіцца і попыт. Але калі раней у беларусаў карысталіся папулярнасцю абʼекты коштам да 15 тысяч долараў, то цяпер планка ўпала да 10 тысяч. Пра тое, што адбываецца з дамамі і дачамі і як на рынак паўплывала рэлакацыя айцішнікаў, Realt пацікавіўся ў экспертаў.

«Раней карысталіся папулярнасцю абʼекты да 15 тысяч даляраў, а цяпер — да 10 тысяч»

Некалькі месяцаў запар на рынку загараднай нерухомасці павялічваецца колькасць прапаноў. Чэрвень не стаў выключэннем.

— Мы са здзіўленнем выявілі, што каля 18-20% (дастаткова вялікая доля) — гэта абʼекты, якія прадаюцца па даверанасці. Вялікая верагоднасць, што гэта абʼекты тых людзей, якія пакінулі краіну, — адзначае менеджар аддзела загараднай нерухомасці агенцтва «Твая сталіца» Ларыса Самусенкава. — Для параўнання, на рынку кватэр па даверанасці прадаецца каля 12%.

Справа ў тым, што кватэру звычайна прадаюць у тым выпадку, калі сапраўды не збіраюцца вяртацца. А загарадную нерухомасцю прадаюць як «найменшую з бед».

Часта абʼекты, якія прадаюцца па даверанасці, выстаўляюцца па цэнах крыху ніжэй за рынак. І таму гэтыя дамы і дачы хутка знаходзяць пакупнікоў.

 

Сярод тэндэнцый чэрвеня Ларыса называе памяншэнне бюджэту на куплю дамоў і лецішчаў.

— Калі летась каля 60-70% абʼектаў, што карысталіся попытам, былі да 15 тысяч даляраў, то цяпер гэтая сума знізілася да 10 тысяч.

У мінулым годзе людзі дастаткова актыўна выкарыстоўвалі крэдыты: пасля стрэсавага 2020 года 2021-ы здаваўся аптымістычным. У гэтым сезоне пакупнікі кажуць, што не пацягнуць крэдыт: даходы сталі меншыя. Найбольш запатрабаваны цяпер бюджэтны сегмент — дачы і шчытавыя домікі коштам да 5-7 тысяч даляраў. На другім месцы — абʼекты крыху даражэйшыя і з выгодамі — да 10-12 тысяч даляраў. Камфортная альтэрнатыва кватэры з вясны да канца восені. Нягледзячы на тое, што ў нас адчынілі межы, кошт па-ранейшаму высокі і людзі разумеюць, што ў найбліжэйшыя гады будуць адпачываць на радзіме.

Паводле даных агенцтва «Твая сталіца», самыя папулярныя напрамкі — Лагойскі, Мядзельскі і Ракаўскі.

«За два адпачынкі ў Турцыі можна купіць дачу пад Мінскам»

— З сярэдзіны мая попыт як на загарадную нерухомасць, так і на кватэры значна вырас. І гэтаму ёсць дзве прычыны, — каментуе намеснік дырэктара агенцтва «Авангард Нерухомасць» Аляксандр Лазараў. — Па-першае, вясной людзі знялі валютныя назапашванні і цяпер хацелі б іх укласці ў нерухомасць, але ў кватэрах яны могуць не мець патрэбы. Дарэчы, у нас цяпер ёсць некалькі інвестыцыйных здзелак з загараднай нерухомасцю. Людзі купляюць недарагі ўчастак з простым домікам: «Няхай ён у нас будзе, а потым вырашым, што там пабудаваць». Раней такіх здзелак я не згадаю — звычайна людзі куплялі зямлю, каб адразу будавацца.

Другая прычына росту цікавасці да загараднай нерухомасці — падаражэнне адпачынку за мяжой і складанасці з візамі.

— Такім меркаваннем дзеляцца кліенты: напрыклад, адпачынак у Турцыі для сямʼі з двума дзецьмі ў нядрэнным гатэлі цяпер абыдзецца ў 3-4 тысячы еўра. Атрымліваецца, што за два такія водпускі можна купіць пад Мінскам недарагую дачу.

Што да коштаў на дачы, якія карыстаюцца папулярнасцю, па назіраннях Аляксандра, ёсць два сегменты.

Першы — гэта «савецкія дачы» за 10-20 тысяч даляраў да 20 км ад Мінска. Гэта звычайныя шчытавыя дамы старой пабудовы, прыдатныя для сезоннага жыцця. І другі сегмент — сучасныя. Гэта каркасныя ці блокавыя дамы з сучасным рамонтам і цікавай планіроўкай. Такія абыдуцца ў 45-60 тысяч долараў.

Калі казаць не толькі пра дачы, але і пра загарадныя дамы, Аляксандр адзначае попыт ва ўсіх цэнавых катэгорыях. А па адлегласці пакупнікі часцей за ўсё жадаюць набыць дом не далей за 35 км ад Мінска.

— У кампаніі прадаюцца абʼекты ад 7 да 800 тысяч даляраў, і цяпер да ўсіх ёсць цікавасць. За апошні месяц у нас забралі шмат лецішчаў і дамоў, да якіх у сакавіку-красавіку, калі яны паступілі, абсалютна не было цікавасці. Дарэчы, кошты на іх засталіся такімі ж. Адзінае, што не карыстаецца попытам, — гэта недабудаваныя і закансерваваныя будынкі ў дыяпазоне 50-100 тысяч даляраў. Такія абʼекты прадаюцца толькі коштам — іх купляюць у тым выпадку, калі паставіць кошт ніжэй за рынак.

Усю загарадную нерухомасць Аляксандр дзеліць на тры групы.

Першая — гэта дачы да 20 км ад Мінска — 10-20 тысяч даляраў. Другая — гатовыя дамы да 35 км ад Мінска — ад 90-100 да 300 тысяч даляраў. І трэцяя — дарагія катэджы — ад 300 да 700 тысяч. Безумоўна, ёсць абʼекты і даражэйшыя, але попыт на іх вельмі абмежаваны.

— Да дарагіх катэджаў таксама зʼявілася цікавасць: ёсць прагляды і прапановы кошту. Напрыклад, у мяне ёсць абʼект — катэдж у Зялёнай Гавані з відам на возера і гольф-поле. Ёсць катэдж на Ваньковіча за 660 тысяч даляраў. А вось да абʼектаў за 300-400 тысяч даляраў, але ўдалечыні ад Мінска мы цікавасці не назіраем.

«Раней пакупнікі разглядалі варыянты за 20 кіламетраў ад Мінска, цяпер гатовыя купіць дом за 50 кіламетраў і далей»

— Адна з прычын, з якой звязанае павелічэнне колькасці прапаноў на рынку, заключаецца ў тым, што многія людзі зʼехалі з Беларусі. Гаворка ідзе не толькі пра апошні віток рэлакацыі пасля лютаўскіх падзей, але і пра тых, хто зʼехаў год ці два таму. Цяпер яны зразумелі, што застануцца за мяжой, прадаюць нерухомасць.

Падобную сітуацыю мы бачым і на рынку кватэр, але з дамамі і дачамі сітуацыя больш відавочная, таму што загарадная нерухомасць прадаецца даўжэй, — лічыць агент па аперацыях з загараднай нерухомасцю агенцтва «Этажи» Святлана Нікіцюк.

Па словах Святланы, попыт цяпер сканцэнтраваны на недарагіх абʼектах.

— Карыстаюцца папулярнасцю танныя дачы, недарагія дамы да 50 тысяч. Калі раней жартавалі, што за МКАД-2 жыццё спыняецца і асноўны попыт быў на дамы да 20 кіламетраў ад Мінска, то цяпер пакупнікі гатовыя разглядаць і за 50 кіламетраў, і далей. Таму ў прадаўцоў недарагіх абʼектаў удалечыні ад Мінска зʼявілася магчымасць выгадна закрыць здзелку.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Іван/адказаць/
01.07.2022
Шкада, што так. Будаваў, будаваў чалавек - а цяпер кідай, правярай.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера