Знайсці
30.06.2022 / 09:32РусŁacБел

Беларуска з Сіэтла выдала новы каталог беларускіх традыцыйных строяў. Паглядзіце на гэту прыгажосць

Новае выданне альбому «Традыцыйныя строі Беларусі» выйшла ў свет 29 чэрвеня. Калекцыю для фота сабрала рэжысёрка і этнограф Воля Дземка. Яна жыве ў амерыканскім Сіэтле, але ў яе атрымалася не толькі сабраць цэлую шафу ўнікальных строяў, але яшчэ знайсці беларускіх мадэляў і нарэшце надрукаваць кнігу, піша Белсат.

Пра нечаканую дарогу да выдання зборніку беларускіх народных строяў, а яшчэ пра бізнэс на народнай традыцыі і папулярызатарства кашуль журналісты Белсата пагутарылі з аўтаркай праекта.

Вокладка альбома «Традыцыйныя строі Беларусі». Фота: Volya Dzemka / volya.weebly.com

У каталогу — больш за 30 строяў з розных рэгіёнаў Беларусі. Воля прызнаецца, што мэтанакіравана ніколі не збірала калекцыю. Збольшага ў яе атрымліваецца ратаваць на eBay часткі адзення, якія прадаюцца з подпісамі «русское полотенце» ці «русское платье»:

«Калі я бачыла гэтыя пазнакі, мне рабілася так балюча, што я на што былі грошы, тое і грэбла. Калі бачыла нешта веткаўскае, але пазначанае «Расійская імперыя», то збіралі грошы і выкупалі, каб яно ўсё ж заставалася веткаўскім і беларускім. Мы гэтым займаемся з 2009 года, ненаўмысна. І гэтыя рэчы пачалі збірацца ў калекцыю».

Праца над альбомам ішла. Вокладку зрабіў Анатоль Лазар, макет — Алена Дзянісава. Макет быў гатовы і дасланы дызайнерцы 23 лютага 2022 года.

«А потым мы прачнуліся і… я не ведаю, як гэта прыстойна сказаць. Яшчэ і з гэтымі пагромамі беларускіх выдавецтваў. Ты кожны раз прачынаешся і глядзіш, што зноў кагосьці пасадзілі. Але праз пару Сіеяў сабраліся і вырашылі, што калі і выпускаць нешта беларускае, адметнае, то трэба цяпер», — згадвае Воля.

Альбом беларускіх строяў выйшаў хутчэй насуперак абставінам, хаця ў гісторыі яго стварэння нямала і супадзенняў лёсу.

«У нас ёсць вельмі цудоўны строй з вёскі Іграева пад Слуцкам. Гэтай вёскі ўжо не існуе. Некаторыя строі мне перапалі, калі я ездзіла ў экспедыцыі. Нешта я бачыла ў Санкт-Пецярбургу ў антыкварнай краме, там часам з’яўляецца беларускае адзенне, вельмі шыкоўнае. Ставяць там кошты, як на самалёты. Аднойчы мы пабачылі там намітку, за якую можна аддаць душу, расшытую, з вельмі тонкага льну. Я ведаю, як бывае з беларускімі рэчамі: у цябе ёсць літаральна гадзіна, каб набыць, іначай яе забяруць. Мы з дзяўчатамі склаліся і займелі яе», — распавядае Воля.

Дарэчы, гэтую шыкоўную намітку можна пабачыць на вокладцы альбома.

Альбом, у якім рэпрэзентаванае беларускае святочнае адзенне канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя з адной з найбуйнейшых калекцый беларускіх строяў у свеце па-за межамі Беларусі. Фота: Volya Dzemka / volya.weebly.com

У 2009 годзе беларускі Сіэтлу заснавалі спеўны гурт «Воля». На выступы спадарыні надзяваюць аўтэнтычныя народныя строі, намітка таксама стала часткай строяў для канцэртаў. Паслухаць песні і паглядзець на традыцыйную Беларусь можна ў фільме Волі Дземкі.

Першы каталог з’явіўся тады, калі рэчаў стала надзвычай багата, перавозіць і паказваць іх было немагчыма. Таму Воля адздымала іх і зрабіла альбом — атрымалася даволі спантаннае выданне. Мадэлямі сталі беларусы Сіэтлу.

«Я запрасіла Жэнечку, зводную сястру сваёй хрэсніцы, бо строі вельмі маленькія, амаль мышынага памеру. Патрэбная была тая, хто ў іх уціснецца і будзе добра ў іх выглядаць. Гэтыя строі на яе ляглі ідэальна. Калі я пабачыла фоткі, то зразумела, што адсылаць іх у музей — нейкі грэх, трэба нармальна ўсё гэта аформіць», — згадвае працу над першым альбомам Воля.

Другі альбом, што выйшаў цяпер, — больш поўная і ўпарадкаваная праца. Адмысловага рашэння рабіць другое выданне не было. Так склалася.

«Мы былі гатовыя выдаваць першы альбом у 2020 годзе, але здарыўся жнівень, стала не да таго, і кніга пабачыла свет толькі ў 2021 годзе. За гэты час да мяне даехала яшчэ некалькі строяў, і так атрымалася, што першы каталог быў прыгожы, але не поўны. Тады я вырашыла, што трэба рабіць наступны альбом. Ён быў ужо не спантанны, я ведала, што буду рабіць. Глядзела, чаго ў строі не хапае, мы замаўлялі рэчы ў майстрых і майстроў, самі нешта рабілі і аднаўлялі, каб строй цалкам адпавядаў рэгіёну паходжання», — распавядае аўтарка праекта.

Калекцыі этнічных строяў Беларусі. Строі па рэгіёнах: Слуцк. Фота: Volya Dzemka / volya.weebly.com

Атрымліваецца, што частка рэчаў у альбоме — аўтэнтычная, а частка — рэканструкцыя, але рэканструкцыя вельмі ўдумлівая і дэталёвая, бо шукаецца адпаведная тканіна і рэчы, якімі карысталіся людзі XIX — пачатку XX стагоддзя.

«Нават калі гэта рэканструкцыя, то адрозніць яе ад музейнага экспаната вельмі цяжка», — падкрэслівае Дземка.

Дэдлайнаў спадарыня ніякіх не ставіла. Воля змагаецца з вельмі цяжкаім і агрэсіўным аўтаімунным захворваннем, таму займацца праектам ёй выпадае паміж хіміямі:

«Сёння я сябе нармальна адчуваю, а заўтра магу на тыдзень коркам вылецець з гэтага свету. Таму планаваць асабліва не выпадае».

Беларускія мадэлі ў Сіэтле

У другім альбоме з’явіліся не толькі жаночыя, але і мужчынскія строі. Стала пытанне, каго б адзець у гэтыя кашулі і нагавіцы, каб выглядала натуральна. Воля пачала шукаць мадэляў у агенцтвах, але хоць там былі вельмі прыгожыя мужчыны, яна не бачыла іх у беларускім традыцыйным строі.

«Яны ўсе шыкоўныя на які мадэрновы фэшн, але не тое. І тут я згадала, што неяк здымала для партфоліа хлопца Антося. Ён з Менску, і жонка ягоная з Менску і таксама мадэль. Прапанавала ім, паслала фоткі кашуляў і вяночкаў. Даша была вельмі радая. Калі адзелася ў строй, то вочы засвяціліся. Бачна, што гэта ейнае. Так атрымалася знайсці двух шыкоўных мадэляў», — распавядае Воля.

Антось і Даша Слабада прафесійна працуюць у мадэльным бізнэсе, і гадзіна іхнай працы каштуе каля 250 даляраў, але для альбома беларускіх строяў яны прапанавалі пазіраваць бясплатна.

«Я адразу сказала, што мы з імі разлічымся, але думала, што зараз як залепяць мне цану. Але яны прыйшлі, паглядзелі на гэтае ўсё, параіліся і сказалі, што менавіта гэты праект — гэта будзе іх унёсак у культуру і гісторыю Беларусі. Яны і такія прыгожыя, і муж і жонка, і з Беларусі, і ў Сіэтле жывуць — гэта нешта нерэальнае», — адзначыла Воля.

Праз нестабільны стан здароўя Волі здымкі занялі больш часу, чым звычайна. Прыняла ўдзел і Аўгіня, якой цяпер 17 гадоў. Яе можна пабачыць у маларыцкім строі, на развароце Неглюбкі ў дзявочым строі, а Дар’я там — у жаночым.

Калекцыя этнічных строяў Беларусі. Строі па рэгіёнах: Неглюбка. Фота: Volya Dzemka / volya.weebly.com

Пляцоўкай для здымкаў стаў гараж. Тыдзень яго рыхтавалі.

«Падчас здымкаў яшчэ не ўсё было гатовае, і я чакала, калі нешта прыйдзе, нешта дашыецца. Паціху яно прыходзіла, і мы даздымалі. Агулам здымкі занялі два месяцы», — згадвае этнограф.

Дабрачынны вечар для Украіны

У калекцыі Волі не толькі беларускія касцюмы. Калі яе сябры вырашылі зладзіць дабрачынны вечар для дапамогі ўцекачам з Украіны, то спадарыня прапанавала два строі са сваёй шафы.

«Я пабачыла, што яны там збіраліся рабіць шоу вышыванак. То я патэліла і прапанавала свае чарнігаўскі і кіеўскі строі. Яны сказалі: ура, давайце!» — расказвае Воля.

Потым яна яшчэ палезла ў свае «самыя куфравыя куфры», дзе ляжаць рэчы, якія трэба рамантаваць. Мясцовыя дылеры даслалі ёй кашулю і гарсэт на чаркаскі строй, і атрымалася сабраць яшчэ тры аўтэнтычныя ўкраінскія строі.

Падрыхтоўка да здымак калекцый этнічных строяў Украіны. Фота: Volya Dzemka

Мара — кожнай па кашулі

Воля пэўны час вагалася, ці варта выдаваць альбом падчас вайны. Пасля доўгіх разваг і абмеркаванняў яна ўсё ж вырашыла, што варта:

«Неяк была думка, што ўвогуле не ведаю, калі выдаваць гэты альбом. А потым стала зразумела, што цяпер. Каб паказаць нашу адметнасць, нашу самабытнасць. Беларускія строі вельмі стылёвыя. Мая сяброўка, калі пабачыла папярэднія здымкі, была ўражаная, што адзенне такое яркае і каляровае. Яна ўвесь час глядзела на чорна-белыя здымкі і нават не ўяўляла, што касцюмы не чорна-белыя. Я яе разумею. Ты ніколі пра гэта не думаеш, што беларускія строі могуць быць такімі цікавымі».

Спадарыня не проста так збірае менавіта вясковыя народныя строі:

«Калі ты апранеш шляхетнае адзенне, то гэта будзе выглядаць тэатральна. А ў народным строі адразу ўсё зразумела — ты з пэўнай краіны, з Беларусі».

Дземка мае мару: каб у кожнай беларускай дзяўчыны была як мінімум вышытая кашуля, а лепей — народны строй.

«Мая планка ляжыць амаль на падлозе: калі гэта не какошнік, то ты ўжо прайшоў. Калі бачыш гэтыя сцэнічныя касцюмы, то гэта як таркай па воку, бо яны вельмі дзіўныя. Але ж калі яно беларускае, то хай будзе, нават калі так рукажопа зроблена. А калі людзі гатовыя перайсці на наступны ўзровень — гэта ўжо прарыў, мая б мара здзейснілася».

Украінскія строі. Фота: Lesia Wilcox / Lesia Photography Studios

Займаючыся беларускімі строямі, Воля сочыць і за тым, як ідуць справы ва ўкраінскай супольнасці:

«Часам проста плакаць хочацца, што ў нас у Беларусі такое проста не магчыма. Бо такі росквіт і самасвядомасці, і малога і сярэдняга бізнэсу… У кожным раёне ёсць майстэрня, куды можна звярнуцца і замовіць традыцыйны строй, які хочаш. І гэта ў іх не проста пастаўленае на шырокую нагу, а яшчэ і падтрымліваецца дзяржавай. І калі табе трэба тэрнопальскі строй, знайсці яго нават цяпер, падчас вайны, даволі проста.

І глядзім на Беларусь, дзе малы і сярэдні бізнэс проста выпалены жалезам, і замовіць строй можна, але калі ты не ведаеш майстрых, то нават не будзеш ведаць, куды табе ісці.

Гэта так дзярэ сэрца. І цяпер адкрываць майстэрні — гэта вельмі мала рэальна».

Яна звяртае ўвагу, што, каб у людзей з’явілася жаданне займець сапраўдныя строі, варта, каб была «нагледжанасць» на аўтэнтычныя рэчы.

«Трэба, каб было больш матэрыялаў, каб людзі на гэта глядзелі. Калі ты гэта бачыш часта, то гэта робіцца будзённасцю і нармальнай часткай жыцця. А калі ты на гэта глянуў раз на жыццё, то яно і не можа быць родным. І мы бачым цяпер наступствы вынішчэння ўсяго беларускага і самабытнага цягам столькіх нават не гадоў, а стагоддзяў», — абагульняе этнограф.

Набыць альбом у папяровым і электронным фарматах і пачаць наглядацца на раскошу беларускай традыцыі можна праз сайт.

Воля прыспешвала гэтую размову, бо ў дзень рэлізу праекту яна праходзіць чарговую сесію хіміятэрапіі. Праз тое, што рыхтаванне і выданне альбома заняло багата сродкаў, то з продажу асобнікаў спадарыня мала што атрымае. Дапамагчы ёй з лекаваннем можна, зрабіўшы ахвяраванне на старонцы збору дапамогі для Волі Дземкі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031