Знайсці
29.06.2022 / 12:44РусŁacБел

Лебядок: Стратэгія НАТА па вызваленні Балтыі, а не яе першапачатковай абароне, можа апынуцца згубнай

Ваенны эксперт Ягор Лебядок мяркуе, што ў пытанні магчымага нападу Расіі на Прыбалтыку не варта расхалоджвацца. І лепш НАТА зрабіць папераджальныя захады для яе абароны, бо дзеянні ў адказ будуць пройгрышнымі, з вялікімі стратамі і выдаткамі.

Амерыканскія танкі падчас вучэнняў НАТА ў Літве. Фота: АР

«Раптоўнасць зʼяўляецца адным з ключавых элементаў аператыўнага мастацтва, што дазваляе дасягнуць поспеху пры абмежаваных рэсурсах і сурʼёзных рызыках дзеянняў у адказ», ‒ піша Лебядок.

Сярод спосабаў дасягнення раптоўнасці ён адзначае:

павышэнне гатоўнасці сваіх войскаў і зніжэнне гатоўнасці суперніка;

зрабіць свае магчымасці і намеры максімальна нявызначанымі для праціўніка.

Паводле Лебядка, павысіць гатоўнасць да хуткай рэалізацыі расійскай аперацыі ў Прыбалтыцы з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі цалкам рэальна за кошт размяшчэння на нашых складах расійскіх боепрыпасаў і тэхнікі, выслабанення з тэхнікі УС Беларусі на захоўванні пэўнай колькасці расіянам. Для хуткага стварэння ў Беларусі ўдарнай групоўкі дастаткова будзе прыляцець і прыехаць салдатам, нават на грамадзянскіх сродках, або стварыць базы, вучэбна-баявыя цэнтры і іншыя спосабы прысутнасці расійскіх войскаў.

«Зніжэнне ж гатоўнасці праціўніка дасягаецца ў тым ліку інфармацыйнымі аперацыямі, у першую чаргу, дэзынфармацыяй і мерамі заспакаення. Да прыкладу, падсілкоўванне на захадзе наратываў: «Рускія нават не ўзялі… ва Украіне, ну якая Прыбалтыка?», «Прыбалтыка ў НАТА ‒ Расія не сунецца» і г.д.», ‒ піша Лебядок.

Дадаткова пісьменна выкарыстоўваецца размеркаванне часу: могуць выкарыстоўваць аператыўныя паўзы ў вайне з Украінай як знак мірных намераў. Дапаможа расіянам і разуменне таго, колькі часу грамадства можа мець цікавасць і ўвагу да праблемы. Напрыклад, у Германіі цікавасць да вайны па трэндах Гугл сурʼёзна не пратрымалася і 4 месяцы.

«Разуменне гэтага Расія даўно актыўна выкарыстоўвае і дзейнічае расцягнута для мінімізацыі наступстваў, пакуль усе жывуць «адным днём», ‒ піша Лебядок.

Яшчэ адзін спосаб адцягнуць увагу ад магчымага наступу ‒ стварэнне палітычных праблем або ўмелае і своечасовае іх выкарыстанне.

«Дадатковым фактарам распылення ўвагі можа стаць інтэнсіфікацыя тэзіса, які ў 2015 актыўна падсілкоўвалі самі еўрапейскія палітыкі і ўкраінскія вышэйшыя службовыя асобы, а таксама шэраг палітолагаў: «Лукашэнка супрацьстаіць Пуціну». Так, заявы пра прадастаўленне Расіяй «Іскандэраў» і пра ядзерную зброю пры мысленні ў духу названага тэзіса будуць прыводзіць заходніх і ўкраінскіх палітыкаў да марнавання часу на спробы дыялогу, каб «убіць клін» паміж Пуціным і Лукашэнкам», ‒ піша Лебядок.

На яго думку, Расія не перадасць ядзерную зброю Беларусі не праз Дамову аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ), а з-за нежадання страціць кантроль над такой зброяй і адсутнасць спецыяльнай інфраструктуры ў Беларусі.

Але эксперт не выключае варыянт выкарыстання фармальна беларускіх носьбітаў расійскімі вайскоўцамі ў патрэбны момант.

Нявызначанасць дасягаецца і планамернай дэзынфармацыяй. Умоўна кажучы, пакуль усе глядзяць на Су-25, ядзерны ўдар можа нанесці артылерыя і іншыя сродкі дастаўкі. А для расійскіх Ту-22 і Ту-160 не патрэбна інфраструктура ў Беларусі (яны могуць прыляцець з ядзернай зброяй адразу з РФ).

«З 2021 іх палёты сталі рэгулярнымі ў нас. Вось і нявызначанасць ‒ нясе гэты бамбавік ядзерныя зарады або звычайныя», ‒ піша Лебядок.

Эксперт мяркуе, што для Расіі ў Прыбалтыцы праблема ‒ не дапусціць сур’ёзнага процідзеяння войскаў ЗША і еўрапейскіх краін. «Пасля раптоўнага ўдару варта чакаць спробы затармазіць дзеянні НАТА за кошт розных спосабаў зацягвання часу і адцягвання ўвагі», ‒ мяркуе ён.

«Стратэгія НАТА па вызваленні Прыбалтыкі, а не яе першапачатковай абароне, можа апынуцца згубнай. НАТА прыйдзецца вызваляць гарады, у якіх расійскія войскі і еўрапейскае грамадзянскае насельніцтва. Што зрабіць без забойства грамадзянскіх будзе вельмі складана. А пагроза забойства грамадзянскага насельніцтва будзе сурʼёзным тормазам для ваенных дзеянняў і тым, што падштурхоўвае да перамоваў, якія ў канчатковым выніку могуць зрабіць тэму Прыбалтыкі проста фармальнай да лепшых часоў, па прыкладзе Крыма», ‒ піша Лебядок.

Стрыжак: Вайна паміж Літвой і Расіяй непазбежная. І беларусам трэба рыхтавацца

Дынько: Калі рускія няздольныя ўзяць Чарнігаў, то пра які напад на Літву можа ісці гаворка

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера