Знайсці
29.06.2022 / 19:54РусŁacБел

Чалы патлумачыў, чаму Лукашэнка — казачны персанаж, а мышка, якая хвосцікам махне, ужо пабегла

Грамадства пасталела, а Лукашэнка — не. Ён шукае залатую рыбку, залаты кардон, на крайні выпадак, залаты рапс, якія азалоцяць і выцягнуць краіну з багны, «трэба толькі пацярпець год-два». Задушыўшы пратэсты, Лукашэнка не спыніў час. Ход гісторыі рухаецца, можа, і павольна, але няўхільна. Сяргей Чалы вярнуўся да суботніх стрымаў. Вось што ён казаў гэтым разам.

Беларусы прайшлі працэс эмансіпацыі. Насельніцтва, якое вырасла з патэрналісцкай апекі, стала значна больш самастойным і пайшло значна далей, чым Лукашэнка, які застаўся ў сярэднявечных уяўленнях пра сябе як кіраўніка: беларускі парадак фармаваўся стагоддзямі і дасягнуў піку пры ім.

У зносінах Лукашэнкі з людзьмі прыкметна ягонае стаўленне да іх як да падданых. Чалы прыводзіць у прыклад сітуацыю з эміграцыяй. Катастрафічная сітуацыя складваецца з дактарамі: яны зʼязджаюць і іх немагчыма замяніць. У іншых краінах пад іх нацыянальнае заканадаўства «выгінаюць», каб можна было працаўладкаваць кваліфікаваныя кадры.

А ў Лукашэнкі ў гэты час усе размовы пра тое, што трэба людзей «замацаваць». Абсалютна сярэднявечныя рэчы пра замацаванне людзей на вытворчасці, на зямлі, на чымсьці яшчэ. Нейкае ХІХ стагоддзе, у якім жыве Лукашэнка.

Гісторыя рухаецца не людзьмі, якія ўзважваюць выгады і выдаткі, а людзьмі, якія дзейнічаюць насуперак гэтым выдаткам. Таму што па-іншаму нельга. Гэта не «давайце падумаем», а яшчэ лепш «спакойна на дупе пасядзім».

Апраўданне бяздзейнасці — гэта тое, з чым працуе прапаганда. Яна не можа людзей ні на што матываваць, яна можа толькі дэматываваць.

«Пасядзець на дупе роўна» — гэта яе любімы лозунг. Нікуды не трэба тузацца: ні з краіны зʼязджаць, ні супраць галечы пратэставаць ‒ максімум чалабітную напісаць.

І спадзявацца, што лібералізацыя не спыніцца.

Хоць па факце эканоміка ператварылася ў тое, з чаго яна пачынала — у мафіёзную дзяржаву, у расцягванне, кантрабандныя тэмкі-схемкі: давайце гэта зробім, а давайце гэта, а тут вось такая яшчэ ідэйка ёсць.

Тыповыя паводзіны Лукашэнкі — гэта тыповыя паводзіны чалавека, катастрафічна, хранічна, паталагічна не здольнага займацца сістэмнай працай.

Гэта такое «на печы і па шчупаковым загадзе», калі можна 30 гадоў і 3 гады ляжаць, а потым адной чароўнай зброяй, вундэрвафэ, вырашыць пытанне, а потым зноў ляжаць на печы. Прытым што мы ведаем, што гэта ніколі і нідзе так не працавала, акрамя як у рускіх казках. Лукашэнка ў гэтым сэнсе зусім казачны персанаж, менавіта з гэтых казак.

Ён усё хоча злавіць залатую рыбку, такую тэмку, якая вырашыць усе пытанні. Спачатку гэта была малочка, сельская гаспадарка, цукар. Быў цэмент («цэменту няма, купіць нельга, давайце пабудуем 10 цэментных заводаў, у Кітаі крэдыты возьмем»). Зразумела, што ўсё гэта ў выніку аказваецца нейкім жахам. Потым давайце ДВП вырабляць, кардон («кардон-тэма!»), дрэваапрацоўка — у выніку дрэваапрацоўка на ладан дыхае пасля ўсіх гэтых ягоных ідэй.

Тое ж самае ў сельскай гаспадарцы — кіданні гэтыя. Два-тры гады таму ў яго была адна тэма — гібрыднае жыта, потым іншая тэма ‒ ячмень азімы. І кожны раз гэта той цуд, які вырашыць усе пытанні, як царыца палёў кукуруза ў Хрушчова.

Вельмі пацешна назіраць, як Лукашэнка і сам, і вуснамі прапагандыстаў заяўляе: пацярпіце год-два, трэба пацярпець год-два. Калі выстаім — усё будзе добра, праз пяць гадоў усё закаласіцца. І гэтае поле, дзе трэба выстаяць, у яго ўвесь час пашыраецца. І немагчыма палічыць, колькі гадоў ён распавядае пра гэтыя пацярпець год-два.

У грамадстве ў гэты час спела новая сацыяльнасць, новыя гарызантальныя сувязі, новыя спосабы пабудовы бізнэсу, новыя адносіны бізнэсу з культурнымі праектамі, НДА. Вядома, Лукашэнка разумее, што там вырасла яму альтэрнатыва. Таму ён выпаліў усё цалкам, цяпер яны практычна ў поўным складзе знаходзяцца за мяжой. І гэта новая якасць дыяспары, пра якую ўжо таксама шмат кажуць.

Замест гэтага зараз у краіне збіраюцца прызначыць сваю грамадзянскую супольнасць, свае партыі, фонды свае прыдумаюць. Нічога з гэтага не атрымаецца, таму што ідэя таго, што будуе дзяржава, процілеглая таму, што будуе грамадзянская супольнасць.

Таму што грамадзянская супольнасць будуе самастойнае функцыянаванне экасістэмы па-за дзяржавай, для вырашэння пытанняў, якія дзяржава вырашыць не можа. А гэтыя фэйкавыя імітацыйныя структуры робяцца толькі для грошай і каб шматкроць паўтараць слова «халва», каб у роце стала саладзей (але дайце на гэта грошай).

Цяпер дыяспара — велізарны рэсурс. Фонды — тут, партыйныя структуры — тут, культурныя, адукацыйныя ініцыятывы, бізнэс-саюзы таксама. Зусім новая якасць дыяспараў, непараўнальная з тым, што было да гэтага. Людзі не рассыпаліся, як пясок скрозь пальцы.

Гэты працэс сталення, эмансіпацыі грамадства быў непазбежны, ён рана ці позна здарыўся б. Падзеі 2020 года былі непазбежнымі. Як і сітуацыя, у якой пасля іх апынуўся Лукашэнка.

Пасля задушэння пратэстаў Лукашэнка апынуўся ў новай якасці — у становішчы поўнага васалітэту. Калі б не гэта, ён бы не даў тэрыторыю Беларусі для наступу на Украіну, і наступу на Кіеў, можа, і не атрымалася б.

Вайна ж непазбежна скончыцца паразай Пуціна. Таму што так хоча цывілізаваны свет. І апошняя падпорка рэжыму Лукашэнкі ўпадзе.

Хада гісторыі працуе, можа, і павольна, але непазбежна ў гэты бок. Можна мачыцца супраць ветру, але чым больш ты супраціўляешся, тым больш гэта знясільвае цябе.

Атрымліваецца, як у казцы, мышка бегла, хвосцікам махнула, яечка ўпала і разбілася. Так выбудаваная сістэма даміно.

Адначасова адбываўся і працэс эмансіпацыі ўкраінскай дзяржавы. Нездарма Пуцін кажа, што гэта антырасія. Таму што нельга было дапусціць магчымасць існавання свабоднага выбару ў людзей, якія яшчэ нядаўна былі такія ж, нашы, савецкія. І раптам высветлілася, што ў іх можа ўсё працаваць лепш, што ў іх і змяняльнасць улады працуе.

А ў нас галоўныя скрэпы — дубінка і швабра.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера