Знайсці
27.06.2022 / 11:03РусŁacБел

«Малазаўважны чалавек, языком меле — пагоны страціць». Як падбіраюцца людзі ў расстрэльную каманду

Былы начальнік СІЗА №1 Алег Алкаеў у выпуску «Ток» расказаў, хто прыводзіць у выкананне смяротныя прысуды, ці ламаюцца гэтыя людзі пасля і якую прэмію маюць.

Ілюстрацыйны здымак. Былы следчы ізалятар літоўскага КДБ, дзе цяпер музей

— Вы кажаце, што забіць няпроста. Як падбіраюцца людзі ў расстрэльную каманду? Па якім прынцыпе? Як чалавека рыхтуюць гэта рабіць?

— Звычайны чалавек — ён павінен быць малазаўважны, не рваць на сабе цяльняшку. Калі недзе языком меле, ён пагоны страціць. Нейкі надта нервовы таксама не падыходзіць. Чалавек праходзіць медыцынскую камісію, у яго нейкі досвед ёсць і жыццёвы, і службовы. Ён займае нейкую пасаду. У прызначаны час, я вырашаў калі будзе экзекуцыя, яны ў пэўным месцы збіраліся, сядалі і ехалі працаваць, і ніхто не ведаў, нават суседзі па кабінеце, — куды, дзе. Мацакі, «шварцнэгеры» — не, такіх не было, проста здаровы чалавек.

— Вы бачылі хоць раз, каб нехта з іх ламаўся?

— Не, такога не было, прынамсі за маю службу, я ж не заўсёды начальнікам быў — апошнія пяць год, а да гэтага я аператыўнікам быў, «рэжымнікам». Такога не было, каб нехта прыйшоў, напісаў рапарт — усё я сыходжу, я не хачу. Наадварот лічылася, што гэта кар’ерны рост. У яго званне вышэй было — вакол усе маёры ходзяць, а ён падпалкоўнік.

Вось гэта, дарэчы, складана было легендзіраваць. Нельга было гэта афіцыйна рабіць Добра, што Чарнобыль дапамагаў — тыпу ў Чарнобылі ў камандзіроўцы быў, таму званне вышэй давалі. Альбо нейкі подзвіг трэба было прыдумаць — напрыклад, раскрыў цяжкае злачынства. Фінансавая ўзнагарода, канешне, была. І ніякай пісаніны, справаздач — уначы паехалі, справу зрабілі, пахавалі, закапалі, прыехалі. Усё нармальна.

Алег Алкаеў кіраваў СІЗА №1 на Валадарскага ў Мінску пяць гадоў, з 1996-га па 2001 год. Пасля быў вымушаны эміграваць у Нямеччыну.

— А наколькі вялікія грошы плацілі?

— А, невялікія, ну, працэнтаў 10 ад заробку [дадаткова]. Я зараз нават дакладна не скажу, яно ж не сістэмна было, гэта разавая ўзнагарода, адпрацавалі — атрымалі. Фіксаванага заробку не было.

— А бывала, што падчас расстрэлаў прысутнічалі нейкія іншыя людзі, не задзейнічаныя непасрэдна ў гэтай працэдуры?

— Не, гэта немагчыма было. Адзін раз прысутнічаў намеснік міністра [унутраных спраў] Удовікаў, з кантрольнымі функцыямі, ён меў права паводле пасады, глядзеў, як там працэдура адбываецца. Паўлічэнка быў, па патрабаванні міністра адзін раз прысутнічаў.

— Што адчуваюць людзі, прыгавораныя да вышэйшай меры пакарання, перад расстрэлам? Пра што яны думаюць? Пра што гавораць? Пра што просяць?

— Нічога яны не просяць. Іх стан — гэта звар’яцелыя людзі, яны ўжо з настолькі траўмаванай псіхікай. Гэта я магу пацвердзіць. Так, чалавек прытомнасць не губляе, ён ідзе на сваіх нагах, але гэта ўжо хворы чалавек. Ён ведае, што памрэ, але ён яшчэ думае, што гэта не цяпер. У яго барацьба ідзе за секунды, за гадзіну: «Ой, яшчэ дзве гадзіны жыцця — гэта ўсё шчасце». Яны ўсе там з псіхічнымі расстройствамі. Ну, не можа нармальны чалавек за хвіліну да смерці на пытанне «Як справы?» адказаць «Усё цудоўна, грамадзянін начальнік, усё добра!»

— Пры вашым кіраўніцтве Валадаркай 134 чалавекі былі расстраляныя. Як вам з гэтым жывецца?

— Ды нармальна. Нават болей за 134, мабыць недзе 150. Таму што гэтыя лічбы трапілі з майго допыту, гэта было ў лістападзе 1999 года ў пракуратуры, а я пасля яшчэ працаваў. Я гэтым не пераймаўся, я ж кажу, там людзі з устойлівай псіхікай павінны працаваць. Я не ставіўся да іх… Былі выпадкі калі па-чалавечы шкада, ну, маладыя там. Але як да працы ставіўся — ніякіх там эмоцый не было і спыняў, калі нехта соплі распускаў. Ніякай зацыкленасці ці пачуцця віны большага, чым у суддзі, які выносіць вырак, у мяне няма.

— Чаму людзям не аддаюць целы блізкіх, каб проста пахаваць?

— У нас ёсць такі орган — Вярхоўны Савет, ці, як зараз завецца, Нацыянальны Сход. Усе законы там прымаюцца, вось напішуць там аддаць цела — і заўтра аддадуць, яно нікому не патрэбнае. Гэта ідзе з нашай гісторыі. У нас жа гэта звалася вышэйшая мера сацыяльнай абароны. Нашы чыноўнікі заўсёды апасаліся парадзіць куміраў. Калі чалавек ужо забойца, дык каб памяці аб ім не засталося, яго сціраюць, выкрэсліваюць з памяці.

Інтэрв'ю цалкам:

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
12
Панылы сорам
8
Ха-ха
3
Ого
10
Сумна
14
Абуральна
57
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930