Знайсці
23.06.2022 / 20:07РусŁacБел

Пісьменнік Саша Філіпенка: Замест халівараў параіў бы беларусам проста ад'я**цца адно ад аднаго

Пісьменнік Саша Філіпенка распавеў пра адносіны да эміграцыі суайчыннікаў, «прышчэпку» ад спрэчак у каментарах ды стратэгічнае адрозненне злучніка «або» ад злучніка «і» на дзяржаўным узроўні.

Саша Філіпенка: Мы зараз давучваем тыя ўрокі, якія яшчэ не засвоілі альбо на якія не звярталі ўвагі

«Наша Ніва»: Як мяркуеце, сцвярджэнне «Я з'ехаў і не хачу вяртацца», якое ўсё часцей ляціць з вуснаў беларусаў замежжа, — гэта ўжо здрада?

Саша Філіпенка: Кожны чалавек сам для сябе вырашае, дзе і як ён хоча жыць. У Еўрасаюзе, напрыклад, ідзе няспынная міграцыя. Кожны год людзі мяняюць гарады і краіны — са Штутгарта ў Барселону, адтуль у Ліён, пасля да Лісабону — у пошуках максімальна камфортных умоў для жыцця і працы. Калі хочам бачыць Беларусь вольнай, то ўвогуле не павінны турбавацца нейкім перасоўваннем яе жыхароў. Ёсць дэмакратычная мадэль перад вачыма, ёй і трэба карыстацца.

Калі камусьці добра за межамі роднай краіны і няма жадання вяртацца, то іншыя не маюць аніякіх маральных інструментарыяў для асуджэння. Гэта права на выбар кожнага — і хто мы такія, каб яго аднімаць?

Што тычыцца мяне, то вельмі хачу вярнуцца, бо сумую за Мінскам. Я шмат гадоў бываў у Еўропе і спыняўся там на доўгі тэрмін, бо не ўяўляю жыццё без вандровак. Аднак у той жа час маю крытычную патрэбу мінімум шэсць месяцаў знаходзіцца ў родным горадзе.

«НН»: У чым асноўная розніца Беларусі, якую вы пакідалі, і краіны, што існуе зараз?

СФ: Складана захоўваць аб'ектыўнасць, бо не быў на радзіме ўжо паўгода. Таму абапіраюся выключна на тую інфармацыю, што даводзяць сябры, якія засталіся. Сёння Мінск, а з ім, наколькі разумею, і астатнія гарады ды мястэчкі, ёсць сумным ды змрочным месцам на мапе. Там няма атмасферы пазітыву ды радасці. Дый годных людзей, якія гэтую атмасферу стваралі, усё меней.

Хацелася б, канешне, думаць, што фарбы занадта згушчаю. Але ўласны досвед кажа пра праўдзівасць даных. Глядзіце, з часоў, калі сумесна хадзілі на маршы ў 2020-м, мелі з сябрамі чат. Туды ўваходзілі сем асоб. Зараз у сталіцы застаўся толькі адзін яго прадстаўнік, астатнія з'ехалі. Атрымліваецца, што Мінск з горада сяброў ператварыўся ў нейкую пустэчу. А для мяне адна з галоўных каштоўнасцей горада заключалася менавіта ў магчымасці сустрэцца з блізкімі людзьмі… Тым не менш настальгію адчуваю, хаця маю вялікі досвед з'язджаць адтуль — у 2004-м, 2010-м, 2020-м.

Пры гэтым разумею тых людзей, у каго пачуцці палярныя. Напрыклад, калі іх карані адарваліся ад роднай зямлі. Ім няма сэнсу вяртацца ў той жа Мінск, калі родныя ды прыяцелі перабраліся за мяжу.

Вяртацца хочацца не толькі і не столькі да знаёмых з дзяцінства будынкаў альбо праспектаў, а да жывых людзей. Зараз жа замест іх цяпла ў Мінску пануе дэпрэсія, страх — кожны дзень адбываюцца арышты, падаўляецца любое праяўленне волі. Гэта нават не горад, што быў перад выбарамі, хаця тым летам дыктатура адрывалася па поўнай.

Канешне, у Мінску засталіся людзі, што імкнуцца захаваць яго такім, як мы памятаем і любім, але гэта неверагодна складаная задача.

«НН»: Дарэчы пра складанасці. Як вы ставіцеся да тэзіса «праз выпрабаванні адбываецца развіццё»? Бо беларусы паабапал мяжы кожны дзень змагаюцца з цяжкасцямі. Але неяк будучыня святлейшай не становіцца.

СФ: Мне падаецца, змены пакрысе, але ўсё ж адбываюцца. Хаця паўтара года — мала для радыкальных пертурбацый, асабліва калі ўлічыць, колькі часу дыктатар трымае ў Беларусі ўладу. Тым не менш пры параўнанні нашай сучаснай сітуацыі з таймлайнам іншых рэвалюцый зафіксуем прасоўванне ў даволі бадзёрым тэмпе.

Канешне, гэты мур за месяц-два не разбурыць. Але тэндэнцыя пазітыўная. Хаця, прызнаюся, у 2020-м сам злачынна верыў у тое, што сітуацыя вось-вось зменіцца. Калі бачыш, што ўся краіна выходзіць на вуліцы, калі знаходзішся унутры гэтага руху, складана заставацца аб'ектыўным.

Саша Філіпенка: Мінск з горада сяброў ператварыўся ў нейкую пустэчу

Мы маладая краіна — маю на ўвазе часы незалежнасці, — якая павінна прайсці ўсе выпрабаванні пры змаганні з дыктатурай. Гісторыю не падмануць: тое ж самае выпадала людзям у Польшчы, Партугаліі, Іспаніі, Германіі. Таму мы зараз давучваем тыя ўрокі, якія яшчэ не засвоілі альбо на якія не звярталі ўвагі. А таксама назапашваем вопыт — і тых, хто з'ехаў, і тых, хто застаўся. Першыя назапашваюць досвед жыцця ў розных краінах і падглядаюць розныя «фічы», што будуць дарэчы ў новай Беларусі. А сенняшнія жыхары краіны акумулююць веды выжывання ў складаных умовах, каб надалей ніколі зноў такіх умоў у рэспубліцы не ствараць.

«НН»: Як выцягнуць канструктыў з адвечнага айчыннага халівару між тымі, хто з'ехаў, і тымі, хто застаўся? Бо пакуль што ўсё зводзіцца да формулы: «Калі збеглі, не трэба гучна пакутваць. Есць прага да рэфлексіі — прыязджайце ды пакутуйце з намі».

СФ: Складана тут даваць парады, бо ўсе халівары праходзяць міма мяне. Ведаеце, людзі падзяляюцца на тых, што робяць кантэнт, і тых, што каментуюць. Я з першай катэгорыі, таму не вельмі разумею, навошта губляць час на неканструктыўныя высвятленні адносінаў. Якога выніку чакаюць людзі, якія ўступаюць у дыялогі такога кшталту? Запэўніць жа ў вернасці сваёй пазіцыі ніводнаму з бакоў не давядзецца, бо не за праўдай тут чарга.

Наколькі разумею, прырода гэтых халівараў у тым, што людзям цяжка — і па гэты бок мяжы, і па той. Таму ў спрэчках яны імкнуцца скінуць эмацыйную стомленасць, сублімаваць негатыў нейкім чынам. Да таго ж, калі не маеш магчымасці ўзаемадзейнічаць з дзяржавай, крытыкаваць яе, то пачынаеш грызці таго, хто табе па сілах.

Увогуле-то грамадская дыскусія — добрая рэч, калі ладзіцца з узаемнай павагай людзей. Але ж фэйсбучныя срачы хутка перацякаюць у рэчышча ўзаемных абвінавачванняў ды крыўдаў.

Саша Філіпенка: Грамадская дыскусія — добрая рэч, калі ладзіцца з узаемнай павагай людзей

З часоў, калі працаваў на канале «Дождж», займеў «прышчэпку» супраць халівараў — увогуле не чытаю каментары. Так было і калі рабіў сюжэты ды вёў перадачы, так працягваю рабіць і цяпер, калі пішу кнігі. Напрыклад, пасля таго, як раман «Чырвоны крыж» выйшаў у Германіі, на адным з буйнейшых літаратурных сайтаў з'явілася больш за 200 рэцэнзій. І ледзьве не кожная даводзіла, як гэты тэкст трэба было напісаць. У гэты момант разумееш, што фізічна не можаш з кожным чалавекам абмеркаваць уражанне альбо паспрачацца. Ды і навошта гэта рабіць? Чалавек асіліў кнігу, зрабіў пэўныя высновы, зыходзячы з уласнага досведу…Ну і класна ж! Што табе яшчэ трэба? Таму замест халівараў параіў бы ўсім проста ад'я**цца адно ад аднаго.

«НН»: Саша, чаму ў Беларусі «культура адмены» не аб'ядноўвае? Скажам, забаранілі Оруэла — і ўсе кінуліся глядзець ютуб-канал Андрэя Хадановіча. Выключылі са школьнай праграмы Някляева — усе кінуліся пампаваць яго вершы…

СФ: Слухайце, ну ў нас нават у лепшыя часы людзі так сабе чыталі. Скуль жа ў сучасных рэаліях узяцца чэргам у кнігарні? Тут калі хаця б некалькі чалавек звярнуць увагу на забароненыя тэксты, ужо будзе поспех. А вы прагнеце спынення ўсяго транспарта ў сталіцы з-за таго, што народ рвецца да паліц за Оруэлам. Яго кнігазбор, дарэчы, усе жыхары Беларусі ўжо прачыталі — калі чытаю навіны з радзімы, амаль у гэтым не сумняваюся.

«НН»: Калі рыхтаваўся да інтэрв'ю, знайшоў цудоўны выраз: «Немагчыма быць у турме і суцяшаць сябе тым, што яна цудоўная толькі таму, што ты там быў». У нас чамусьці менавіта так і атрымоўваецца…

СФ: Не трэба абагульняць — беларусы розныя. Нават сярод тых 400 тысяч чалавек, што пакінулі радзіму, гісторыі не паўтараюцца. Тыя ж, што засталіся, суіснуюць, хаця адны не выходзілі на вуліцы ўвогуле, іншыя замкнуліся дзесьці ва ўласным штучным свеце, нехта ж, наадварот, страціў ілюзіі ды пачаў усё з чыстага аркуша.

Саша Філіпенка: Душэўныя траўмы, канешне, непрыемная рэч. Аднак яны робяць людзей больш моцнымі

Я б акцэнтаваў увагу на іншай бядзе. У нашым грамадстве ўвесь час замест злучніка «і» вымушаюць абіраць злучнік «або». Ты размаўляеш па-руску або па-беларуску? Ты «сапраўдны беларус» або «несвядомы»? Ты з'ехаў або застаўся? Быццам цябе кожны раз штурхаюць на крокі, якія вызначаць ход гісторыі. Такія дзеі насамрэч важныя — і тактычна, безумоўна, абмежаванні гэтыя маюць права на жыццё.

Але стратэгічна бачу моц дзяржавы і краіны не ў злучніку «або», а ў злучніку «і». Каб кожны дзень нагадваць адно аднаму: ёсць і такія беларусы, і такія, і такія. Нас аб'ядноўвае жаданне жыць вольна — і кожны робіць усё магчымае са свайго боку, каб мэты дамагчыся. Важна пра гэта памятаць.

«НН»: Тады апошняе абагульненне. Ці правільна я разумею, што ў бліжэйшы час мы так і не выгадуем генерацыю беларусаў без душэўных траўмаў?

СФ: А навошта нам яго гадаваць? Душэўныя траўмы, канешне, непрыемная рэч. Аднак яны робяць людзей больш моцнымі. На планеце Зямля час ад нараджэння да смерці бавяць без душэўных траўмаў хіба што максімальна дурныя альбо бясконца інфанцільныя асобы.

Нават калі ўявіць, што Беларусь ператворыцца ў нейкую ідэальную краіну з рэаліямі, пазычанымі ў фільма «Шоу Трумэна», усё роўна яе жыхары не здолеюць адасобіцца ды пазбегнуць трагедый. Асабістае жыццё, падзеі ў краінах-суседзях, глабальныя навалы — усё гэта прывядзе да траўм. Таму больш важна думаць, як з імі працаваць і якія высновы зрабіць пасля.

«У Расіі будуць адбывацца катастрафічныя рэчы». Саша Філіпенка прывёз сына ў Мінск і расказвае пра сітуацыю ў Маскве і свае ўражанні ад радзімы

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера