Знайсці
23.06.2022 / 19:13РусŁacБел

МАЗ для «Ласкавага мая». Як у Мінску стварылі і страцілі ўнікальны грузавік 

Стала вядома пра смерць Юрыя Шатунова, самага вядомага з салістаў некалі культавага савецкага гурта «Ласкавы май». Мала хто ведае, але да яго ўсенароднай папулярнасці спрычыніліся канструктары Мінскага аўтамабільнага завода, стварыўшы для музыкантаў адзіную ў сваім родзе машыну, якая была ім і домам на колах, і сцэнай. 

Усё пачалося са знаёмства ў 1990 годзе ў цягніку на Мінск 27-гадовага кіраўніка «Ласкавага мая» Андрэя Разіна з 62-гадовым генеральным канструктарам МАЗа Міхаілам Высоцкім. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, паміж імі завязаліся вельмі цёплыя стасункі: музыкант пачаў называць канструктара татам, а ягоную жонку — мамай.

Першым вынікам сяброўства стала стварэнне ўсяго за тры месяцы на Мінскім аўтазаводзе ўнікальнага грузавіка, які атрымаў назву «Шасі 0000001». 

Фота: архіў Андрэя Чаблакова

Журналіст Юрый Уладаўскі апісваў асаблівасці канструкцыі гэтага аўтамабіля наступным чынам: за аснову быў узяты 3-восны МАЗ-6303, на які ўсталявалі спецыяльны кузаў, які складаўся з дзвюх частак.

Першая была жылой: там былі восем спальных месцаў, кухня, біятуалет і ўсё неабходнае для жыцця падчас гастроляў. А ў другой частцы можна было размясціць да 8 тон канцэртнай апаратуры.

Міхаіл Высоцкі. Фота: архіў НАН Беларусі

Разынкай была сцэна, якая ўсталёўвалася на спецыяльным каркасе на даху грузавіка і магла вытрымаць да некалькі тон нагрузкі. За гады працы «Ласкавы май» даў больш за 800 канцэртаў проста з даху сваёй машыны.

«Шасі 0000001» таксама стала базай для тэхнічных эксперыментаў і незвычайнага абсталявання. Напрыклад, кіроўца надзяваў незвычайны гадзіннік, які спрацоўваў і выключаў рухавік у выпадку, калі яму станавілася кепска ці ён засынаў. 

Што тычыцца чыста тэхнічных асаблівасцяў, то грузавік абсталявалі эканамічным 400-сільным рухавіком, які дазваляў разганяцца да 110 км/г і расходваць не больш за 30 літраў паліва на 100 кіламетраў, а таксама шасцю акумулятарамі, якія забяспечвалі аўтаномную працу да двух дзён.

Па чутках, МАЗам «Ласкавага мая» захаплялася Ала Пугачова. Прымадона нібыта прыязджала да Высоцкага і ўгаварыла таго на «Шасі 0000002», але ў выніку яно так і не было створана. 

Як быў страчаны ўнікальны грузавік?

Крыніцы даюць розную інфармацыю, колькі «Ласкавы май» пракарыстаўся грузавіком. Адны пішуць пра 10 гадоў і 680 тысяч кіламетраў, праезджаных на ім гуртом, другія — пра чатыры гады і амаль мільён кіламетраў па дарогах былога СССР. 

«Ласкавы май»

Машына вытрымала ўсе нагрузкі, зрабіўшы добрую рэкламу Мінскаму аўтазаводу, і вярнулася на радзіму. Кажуць, такая была ўмова Міхаіла Высоцкага. «Шасі 0000001» некалькі гадоў стаяла на стаянцы завода, пасля яе проста парэзалі і здалі на металалом, як і шматлікія іншыя ўнікальныя распрацоўкі МАЗа.

Сяброўства прадзюсера «Ласкавага мая» і генеральнага канструктара, героя Беларусі працягвалася да самай смерці Міхаіла Высоцкага ў 2013 годзе. Гурт за гэты час даў больш за 50 канцэртаў для супрацоўнікаў завода, а Разін неаднаразова прыязджаў на радзіму Высоцкага на Капыльшчыну.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера