Знайсці
24.06.2022 / 09:06

У Кітаі пачынаюцца сур’ёзныя праблемы ў эканоміцы. Вось чым гэта пагражае ўсяму свету

Кітайская эканоміка страціла свой дынамізм, у інавацыях кітайцы не моцныя (ні стварыць сучасную вакцыну, ні камп’ютарныя чыпы), насельніцтва краіны імкліва старэе. Краіна сутыкнулася са шматлікімі структурнымі праблемамі, але нічога добрага для іншых (у тым ліку для Захаду) ў гэтым няма, мяркуе Хэл Брэндс, заслужаны прафесар міжнародных адносін Школы перадавых міжнародных даследаванняў Універсітэта Джона Хопкінса. Парадокс, але не моцны, а менавіта эканамічна слабы Кітай становіцца пагрозай для ўсяго свету. Прафесар тлумачыць, што па інерцыі ваенная моц Кітая будзе расці яшчэ доўга (рост ваеннай магутнасці заўсёды ідзе з затрымкай за ростам эканомікі), таму эканамічныя праблемы будуць прымушаць кітайцаў ісці на ваенныя авантуры. Пераказваем максімальна простымі словамі змест артыкула Брэндса «Небяспека заняпаду Кітая».

Фота: AP.

Калі мы чуем слова «заняпад», мы ўяўляем краіну, якая імкліва дэградуе і самазнішчаецца, ва ўсіх напрамках. Але «заняпад» — гэта нашмат больш складаная канцэпцыя. Па-першае, яна не абсалютная, а адносная: у абсалютных паказчыках краіна можа працягваць рост, але ў адносных паказчыках яна можа занепадаць, калі праціўнік расце нашмат хутчэй. Па-другое, краіна можа працягваць развівацца ў адных абласцях (напрыклад, у ваеннай сферы), але дэградаваць у іншых (напрыклад, у эканоміцы). І заняпад не заўсёды прыводзіць да таго, што краіна цалкам згортвае свае мэты. Часам наадварот, заняпад краіны і усведамленне таго, што час сыходзіць, можа правакаваць такую краіну на больш агрэсіўныя, авантурныя дзеянні. Таму што тое, чаго яна раней магла дамагчыся мірнымі інструментамі, цяпер становіцца магчымым дамагчыся толькі сілай.

Наконт Кітая на Захадзе ўвесь час было шмат скептыкаў. З 1970-х гадоў, з часоў самых першых рынкавых рэформаў, заходнія эксперты ўвесь час прагназавалі, што Кітай вось-вось спатыкнецца ці разваліцца. Але ўвесь час Кітай ставіў у тупік сваіх крытыкаў. 

На Захадзе прарочылі хуткі крах Кітаю спачатку пасля смерці Мао, потым пасля падзей на плошчы Цяньаньмэнь. Апошняя хваля скепсісу наконт Кітая была ў пачатку 2000-х гадоў, калі многія казалі, што Кітаю давядзецца альбо ісці на палітычныя рэформы для працягу эканамічнага росту, альбо ягоная эканоміка будзе дэградаваць.

І ўсе гэтыя дзесяцігоддзі Кітай абвяргаў і сароміў скептыкаў і паказваў фенаменальны эканамічны рост. З 1978 года кітайская эканоміка вырасла ў 17 разоў, і пры гэтым ніякай дэмакратызацыі ў краіне і блізка не было. У пэўным сэнсе Кітай усё яшчэ знаходзіцца на ўздыме: яго ваенная моц з года ў год становіцца ўсё большай. 

Але ваенная моц прыходзіць звычайна да краіны па інерцыі, са спазненнем у часе, праз дзесяцігоддзі пасля эканамічнага росту. Для развіцця ваеннай моцы любой краіне патрабуецца час, каб канвертаваць грошы ў ваенную моц, і масавае нарошчванне ваеннай сілы часта працягваецца нават пасля таго, як эканоміка краіны пачынае дэградаваць. Нешта падобнае сёння адбываецца з Кітаем. Краіна ўваходзіць у дэмаграфічную яму, перажывае непрыемныя наступствы кавіду, глыбокія структурныя праблемы. Кітай страчвае эканамічны дынамізм, а вось ягоныя ваенныя магчымасці будуць каласальнымі. Слабая эканоміка і моцная армія — гэта можа быць найгорш магчымая камбінацыя для ўсяго свету.

Што не так з эканомікай?

Кітайскі эканамічны цуд з’явіўся ў выніку камбінацыі якаснага ўпраўлення і дэмаграфічнага шанцавання. Кітай, здавалася, уварваў дэмаграфічны кавалак у 1980-я і 1990-я гады. Спалучэнне вайны і голаду ў 1930-х і 1940-х гадоў, пасляваенны бэбі-бум, а пасля ўвядзенне палітыкі «аднаго дзіцяці» ў 1980 годзе зрабілі Кітай краінай з велізарным насельніцтвам працаздольнага ўзросту, але з малой колькасцю ўтрыманцаў (пенсіянераў і дзяцей). Кітай выдатна скарыстаўся сваім шанцам для пачатку рэформаў і змог майстэрна інтэгравацца ў глабальную эканоміку. 

Пасля смерці Мао камуністы адкрылі Кітай для гандлю і інвестыцый, перагледзелі падатковую сістэму, скарацілі раздзьмутыя дзяржаўныя прадпрыемствы і заахвочвалі прыватны бізнэс. Кампартыя аслабіла сваю хватку, пашыраючы прастору для неідэалагічнай кампетэнтнасці ўнутры рэжыму.

Многія чакалі і верылі, што росквіт Кітая непазбежна прывядзе да палітычнай лібералізацыі, што дэмакратыі забяспечваюць больш высокія тэмпы росту, чым аўтакратыі і што тыранія несумяшчальная з разумным кіраваннем эканомікай. Гэтага не здарылася, і многія потым пачалі думаць, што Кітай, перавысіўшы па сваіх аб’ёмах амерыканскую эканоміку, стаўшы больш рэпрэсіўным падчас праўлення Сі, стане сусветным гегемонам.

Але апошнія гады з’явіліся меркаванні, што рэпрэсіўнае праўленне Сі Цзіньпіна з'яўляецца прыкметай слабасці, а не сілы Кітая. Кітай знаходзіцца ў некалькіх пастках, з якіх няма лёгкага выхаду. Парадаксальна, што большая частка свету лічыла далейшы ўздым Кітая непазбежным якраз у той момант, калі яго перспектывы пачалі цьмянець.

Кітай і праўда мае шмат эканамічных пераваг. Краіна мае велізарны унутраны рынак і з'яўляецца вядучым гандлёвым партнёрам прыкладна 130 краін па ўсім свеце. Яна робіць шалёныя інвестыцыі ў штучны інтэлект, паўправаднікі і іншыя крытычна важныя тэхналогіі.

Але калі прыгледзецца да ўсяго гэтага ўважліва, няма ніводнай сферы, дзе кітайцы паказалі б фенаменальны поспех. Кітайцы, нягледзячы на велізарныя дзяржаўныя субсідыі, адстаюць на гады і дзесяцігоддзі ў самых перадавых тэхналогіях (такіх як камп’ютарныя чыпы і штучны інтэлект). 

Фота: AP.

Бяздумнае выкарыстанне спустошыла большую частку ворных зямель Кітая; індустрыялізацыя і забруджванне навакольнага асяроддзя прывялі да вострага недахопу вады ў краіне і каласальных экалагічных праблем.

Палітыка «аднаго дзіцяці» таксама прывяла да праблем. Агульная колькасць насельніцтва Кітая дасягне піка да 2028 годзе, а затым пачне рэзка скарачацца, і можа ў выніку скараціцца ажно на палову да канца стагоддзя. Насельніцтва імкліва старэе, а колькасць працоўнай сілы скарачаецца шалёнымі тэмпамі. Кітай сутыкнецца з адным з найгоршых дэмаграфічных крызісаў за ўсю гісторыю чалавецтва.

Эпоха разумнай эканамічнай палітыкі таксама скончылася. Для пераходу да больш інавацыйнай, заснаванай на ведах эканоміцы Кітаю патрэбная лібералізацыя. Але сітуацыя са свабодамі не проста не палепшала, яна пагоршала. Сі Цзіньпін павярнуў краіну назад, у таталітарызм, рэпрэсіі і ідэалагічнае дактрынёрства. Эканамічная палітыка стала вельмі рэтраграднай.

Кітай зноў аддае перавагу дзяржаўным прадпрыемствам, а не дынамічнаму прыватнаму сектару. Кітай уводзіць жорсткія, палітычна матываваныя абмежаванні на розныя сферы эканомікі. Цяперашняя эканамічная палітыка душыць кампетэнтнасць, крэатыўнасць і ініцыятыўнасць. 

Акрамя таго, дэградуе і робіцца яшчэ менш свабоднай нават тая палітычная сістэма, якая ў Кітаі існавала. Кітай быў аўтарытарнай дзяржавай, але там, прынамсі, існавалі абмежаванні на тэрміны паўнамоцтваў для кіраўнікоў краіны. Але Сі разбурыў і гэтую сістэму. Ён умацаваў асабістую ўладу, але гэта таксама робіць краіну ўразлівай ад прыняцця імпульсіўных або неразумных рашэнняў.

Яшчэ адна праблема, з якой сутыкаецца Кітай — вялікі міжнародны супраціў. Гандлёвыя бар'еры ў дачыненні да кітайскіх кампаній і тавараў узмацняюцца з кожным годам. Вашынгтон пачаў тэхналагічную халодную вайну супраць Пекіна, дзясяткі краін пераглядаюць свае эканамічныя, фінансавыя і тэхналагічныя сувязі з Пекінам. 

Цяжкае становішча Кітая ўскладняе і кавід. Пандэмія абвастрыла антыкітайскія настроі ў свеце, а «палітыка нулявога кавіду» зрабіла кітайскае насельніцтва ўразлівым перад новымі штамамі праз нізкі ўзровень натуральнага імунітэту.

Стварыць якасную і эфектыўную вакцыну і наладзіць яе масавы выпуск кітайцы таксама не змаглі. Кавід паказаў, наколькі адсталы Кітай у біятэхналагічным сектары. Краіна так і не змагла вырабляць нічога падобнага да рэвалюцыйных вакцын, якія стварылі дэмакратычныя інавацыйныя эканомікі ў Злучаных Штатах і ЕС. 

Тое, што тэмпы росту эканомікі запавольваюцца, а ваенная моц Кітая расце — у гэтым няма нічога дзіўнага. Нешта падобнае было і з Савецкім Саюзам. Ён дасягнуў вяршыні сваёй ваеннай моцы ў 1980-х гадах, калі яго эканоміка ледзь дыхала. У пачатку ХХ стагоддзя Брытанія мела глабальную імперыю ў той час, калі яна ўжо перастала быць эканамічным гегемонам. Сёння Кітай знаходзіцца ў эканамічнай стагнацыі, але яго імкненне да сусветнага панавання павялічваецца.

А вось ваенная моц расце

Пекін стварае новыя міжнародныя арганізацыі і супрацоўнічае з іншымі. Яго асноўныя праекты накіраваны на распаўсюд эканамічнага і палітычнага ўплыву ва ўсёй Еўропе і за яе межамі. Кітай таксама пазіцыянуе сябе як ідэалагічны ўзор для пераймання іншымі краінамі. 

Кітайскія ваенныя выдаткі з 1990 па 2016 год выраслі ў 10 разоў, і яны толькі працягваюць расці. З 2014 па 2018 год Пекін вывеў у мора столькі караблёў, колькі было ў ваенна-марскіх сілах Вялікабрытаніі, Германіі, Індыі, Іспаніі і Тайваня разам узятых. У Кітая з’яўляецца больш магчымасцяў для ваеннай заваёвы Тайваня і нават для барацьбы са Злучанымі Штатамі ў заходняй частцы Ціхага акіяна. Цяжка паверыць, што такая краіна сапраўды перажывае эканамічную дэградацыю.

Змена стратэгіі

Раней стратэгія Кітая была «затаіцца і чакаць». Кітайцы былі ўпэўненыя, што час быў на баку Пекіна, чый эканамічны і палітычны ўплыў працягваў расці. Таму ім выгадна было паступова нарошчваць моц краіны і адкладаць канфрантацыю са Злучанымі Штатамі. Сёння стратэгічнае мысленне Кітая іншае. Назапашванне эканамічнай моцы Кітая ўжо не прыносіць яму ніякіх выгад (бо няма ніякай упэўненасці ў эканамічным росце заўтра), таму не існуе ніякіх стрымліваючых фактараў для ваеннай канфрантацыі ўжо зараз. А ваенная моц Кітая каласальная. 

Свет сутыкнецца ў гэтым дзесяцігоддзі з Кітаем, здольнасць якога кінуць выклік сусветнаму парадку расце, нават нягледзячы на тое, што Кітай будзе бяднець. Кітай наўрад ці будзе добразычлівы і мірны. Ён будзе больш схільны рызыкаваць і ісці на аванцюры.

Песімізм Кітая, яго няўпэўненасць ва ўласных эканамічных перспектывах, разам з яго каласальнай ваеннай магутнасцю — смяротна небяспечная сумесь. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30