Знайсці
22.06.2022 / 19:37РусŁacБел

«А хіба гэта не мэта — нікому не дастаўляць турботаў». Новы верш Ганны Севярынец

Пісьменніца апублікавала новы верш у сябе ў Фэйсбуку.

Калі табе адпачатку не дадзена кіпцюроў і клыкоў,
Усё адно ты маеш багаты жыццёвы выбар.
Можаш бегаць, як заяц, у надзеі стаміць ваўкоў,
Можаш шляхетна маўчаць і пералівацца ў месяцовым святле, як рыба,
Можаш скруціцца клубком, каб перачакаць бяду,
Нездарма ты са школы расціў на сабе іголкі,
у спадзеве, што ніхто не дапетрыць кінуць цябе ў ваду,
дзе ты непазбежна ўсплывеш уверх мяккім, тонкім і лёгкім.
Можаш вішчаць і гаўкаць, яшчэ прапануецца баявы шып,
Распушэнне хваста, стогн і скрыгат, пагрозлівы выскал,
Рыццё нор, удаванне сябе за мёртвага, сядзенне пад пузам машын,
Спрынт з раскінутымі крыламі, калі да гнязда зусім блізка,
А вось гэты рэцэпт — для мудрых: проста ўвабраць галаву,
Пад панцыр і рукі, і ногі, і хвосцік.
І бачыць адтуль толькі аксамітавую траву,
Ружовыя пялёсткі і сонечны досціп.
Так можна працягнуць трыста год
на беразе ціхуткага ручая ля балота.
І не будзе нікому ад цябе ніякіх турбот.
А хіба гэта не мэта — нікому не дастаўляць турботаў.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера