Знайсці
23.06.2022 / 15:07РусŁacБел

Telegram і не толькі — як правільна пачысціць месенджары, каб не трапіць пад рэпрэсіі. Падрабязны гайд

«Наша Ніва» ўжо рабіла гайд па тым, як ачысціць свой профіль у Instagram. Гэтым разам разбяромся з месенджарамі Telegram, Viber і WhatsApp.

Telegram

Гэты месенджар з'яўляецца самым папулярным у Беларусі. Акрамя прыватных чатаў, у Telegram ёсць супольныя чаты і каналы, дзе карыстальнікі могуць пакідаць каментарыі, за якія цяпер нярэдка затрымліваюць і заводзяць крымінальныя справы.

Як засцерагчы ад небяспекі свой акаўнт?

Першае, што трэба зрабіць, гэта зайсці ў «Налады»>«Прыватнасць і бяспека» і абраць там раздзел «Нумар тэлефона», далей націснуць на «Ніхто». Так вы схаваеце ад усіх свой нумар. Таксама раім пазбаўляць усіх, акрамя вашых кантактаў, магчымасці адшукаць вас у Telegram па нумары тэлефона. 

Каб цалкам выключыць магчымасць пошуку вашага ўліковага запісу па нумары тэлефона, вам трэба зайсці ў налады смартфона і закрыць для Telegram доступ да вашых кантактаў.

Не лішнім будзе забараніць дадаваць вас у суполкі і каналы, а таксама забараніць дадаваць спасылку на ваш профіль пры перасылцы вашых паведамленняў.

Разабраўшыся з прыватнасцю, трэба зазірнуць у налады профілю. Для бяспекі лепей не ставіць на аватар уласнае фота, тым больш, калі гэта нейкі здымак з пратэстаў. Бо вядомыя выпадкі, калі падставай для затрымання былі фота з каруселі аватарак у Telegram. 

Калі вы хочаце захаваць ананімнасць, то вам дакладна не трэба падпісваць акаўнт уласным імем і прозвішчам, нікнэйм таксама не мусіць быць лацінскім варыянтам прозвішча. 

Ачыстка перапіскі

Наступнае, пра што трэба паклапаціцца — прыватная перапіска, якая ў тэлеграме выдаляецца хутка і проста, асабліва, калі рабіць гэта з ПК. Для гэтага трэба абраць чат, націснуць на яго правай клавішай мышы і абраць варыянт «Ачысціць гісторыю». Для таго, каб гісторыя перапіскі знікла з абодвух бакоў, трэба дадаткова націснуць на «Таксама выдаліць для …» (імя суразмоўцы).

Пасля выдалення гісторыі перапіскі можна выдаліць і сам чат, гэта таксама лепш за ўсе рабіць для абодвух бакоў. 

З выдаленнем паведамленняў у групавых чатах крыху складней, бо хуткая ачыстка гісторыі перапіскі дазволіць выдаліць інфармацыю толькі з вашага акаўнта. Для ўсіх астатніх удзельнікаў чата вашы паведамленні застануцца бачнымі.

Цалкам выдаліць усе адпраўленыя вамі паведамленні можна толькі ўручную, выбіраючы асобна кожнае.

Наступны крок — выдаленне каментарыяў. Каб знайсці пакінутыя вамі каменты, спачатку трэба згадаць, у якіх каналах і пад якімі пастамі вы іх пакідалі. І пад патрэбным пастом перайсці ў «Каментарыі», націснуць на пошук у верхнім правым куце, пасля абраць фільтрацыю па карыстальніках і ў радку пошуку прапісаць свой нікнэйм.

Як бачым, адшукаць свой каментарый у Telegram вельмі складана. На жаль, тут пакуль няма ўкладкі з усімі пакінутымі вамі каментарыямі.

Апошняе, на што варта звярнуць увагу, — гэта ачыстка кэшу, выдаленне патэнцыйна небяспечнага кантэнту з «Захаванага» і ачыстка гісторыі пошуку. 

Viber

Па сваім функцыянале Viber моцна адрозніваецца ад Telegram, таму асноўнае, на што мы звернем увагу, — ачыстка перапіскі. У Viber вы можаце выдаліць усе паведамленні са свайго акаўнта даволі проста і хутка. Для гэтага вам спатрэбіцца перайсці ў патрэбны чат і ў версе экрана націснуць на імя суразмоўцы. Далей выбіраем «Інфармацыя і налады», свайпаем угору і выбіраем «Выдаліць усе паведамленні», пасля чаго можам яшчэ і «Выдаліць чат». Карыстаючыся такім метадам, вы выдаліце ўсе паведамленні толькі са свайго акаўнта. Пры гэтым уся перапіска захаваецца ў вашага суразмоўцы.

Цалкам выдаліць усю гісторыю перапіскі можна толькі ў тым выпадку, калі тое сама зробіць і другі карыстальнік. Аднак Viber дае магчымасць выдаляць адпраўленыя вамі паведамленні не толькі ў вас, але і ў суразмоўцы. Для гэтага трэба ўвайсці ў чат, выбраць патрэбнае паведамленне, націснуць на «Выдаліць» і абраць вырыянт «Выдаліць ва ўсіх». Ваш суразмоўца больш не будзе бачыць змест паведамлення, але будзе бачыць, што вы яго выдалілі.

WhatsApp

Методыка выдалення паведамленняў у гэтым месенджары такая ж, як у Viber. Цалкам ачысціць перапіску можна толькі супольнымі намаганнямі з вашым суразмоўцам. У іншым выпадку вы можаце выдаліць толькі свае паведамленні, пакінуўшы ў суразмоўцы інфармацыю пра тое, што паведамленне было выдаленае.

Чытайце таксама: Якія мэсэнджары цяпер самыя папулярныя ў свеце

Як правільна пачысціць свой акаўнт у Instagram, каб не патрапіць пад рэпрэсіі. Падрабязны гайд

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера